Вы тут

У Мінску п’янага вадзіцеля затрымаў сведка ДТЗ


У Мінску п’янага вадзіцеля затрымаў сведка ДТЗ, паведамляе УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.


На тэлефонную лінію 102 патэлефанаваў мужчына і распавёў, што па праспекце Пушкіна ў напрамку вуліцы Ціміразева рухаецца аўтамабіль «Рэно», кіроўца якога паводзіць сябе неадэкватна, магчыма, знаходзіцца ў стане ап’янення. Неабыякавы мужчына паехаў за гэтым аўтамабілем, паведамляючы аб тым, куды ён рухаецца. На скрыжаванні вуліц Ціміразева і Нарачанскай 36-гадовы кіроўца «Рэно» наехаў на аўтамабіль «Пежо», пасля чаго быў затрыманы відавочцам да прыезду супрацоўнікаў ДАІ.

Медыцынскі агляд пацвердзіў, што мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення (2,65 праміле). У дачыненні да кіроўцы складзены адміністрацыйныя матэрыялы.

Дзяржаўтаінспекцыя звяртае ўвагу: калі вы бачыце, што транспартным сродкам кіруе вадзіцель з прыкметамі ап’янення, неадкладна паведаміце аб гэтым па тэлефоне 102.

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі