Вы тут

Літоўскія ўлады страцілі чалавечае аблічча


Мінулыя выходныя на беларуска-літоўскай граніцы сталі насамрэч смяротнымі. 27 лістапада на ўчастку пагранічнай заставы «Відзы» Полацкага пагранічнага атрада знойдзены труп мужчыны афра-азіяцкай знешнасці узростам каля 30 гадоў, паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце Беларусі. «Выкінутае літоўскімі сілавікамі цела збітага бежанца ў спальным мяшку без прыкмет жыцця знаходзілася непасрэдна на літоўска-беларускай граніцы», — адзначылі ў ДПК. Для ўстанаўлення абставін і прычын смерці на месца здарэння была выклікана следча-аператыўная група. Следчыя праводзяць праверку па факце выяўлення цела бежанца, паведамілі ў Следчым камітэце.


Пагранічнікі аказалі дапамогу бежанцам-суайчыннікам загінулага на граніцы. «Недалёка ад месца выяўлення трупа падчас пошукавых мерапрыемстваў у пагранічнай зоне былі знойдзены яшчэ трое грамадзян, са слоў, Шры-Ланкі без дакументаў. Усе яны знаходзіліся ў вельмі змардаваным стане з прыкметамі абмаражэння ног. Бежанцы расказалі, што іх было чацвёра разам з загінулым мужчынам. «Знаходзячыся на тэрыторыі Літвы, яны падвяргаліся збіванням з боку літоўскіх сілавікоў. Таксама іх палохалі і нацкоўвалі на іх службовых сабак. Наступствы такога „гуманнага“ стаўлення — шматлікія траўмы і скаргі на несуцішальны боль», — распавялі ў ДПК.

Беларускія пагранічнікі аператыўна аказалі дапамогу на месцы і выклікалі брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі. Пасля агляду медыкамі было прынятае рашэнне аб шпіталізацыі замежных грамадзян у Браслаўскую цэнтральную раённую бальніцу.

«Літоўскія сілавікі не толькі пазбаўляюцца ад жывых бежанцаў, пагражаючы ім расправай, але і цынічна выкідваюць праз граніцу ўжо мёртвых», — адзначыў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Антон Бычкоўскі. Ён распавёў пра чарговую смерць бежанца. 28 лістапада на беларуска-літоўскай граніцы пагранічным нарадам знойдзены труп збітага і знясіленага мужчыны неславянскай знешнасці. Пры аглядзе мясцовасці выяўлены сляды валачэння цела бежанца праз граніцу з тэрыторыі Літвы. «Гэта ўжо шостая ахвяра цынічнай і бесчалавечнай палітыкі, што праводзіцца Літвой і Польшчай у адносінах да людзей, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы, выяўленая на граніцы з Еўрасаюзам», — адзначылі ў ДПК.

Для ўстанаўлення абставін здарэння і прычын смерці была выклікана следча-аператыўная група. Следчымі з удзелам спецыялістаў упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці праведзены агляд месца здарэння, зафіксавана следавая карціна, у тым ліку сляды валачэння з сумежнай тэрыторыі, паведамілі ў Следчым камітэце.

З месца здарэння канфіскаваны прадметы адзення і побыту, сярод якіх прадукты з літоўскай маркіроўкай, што сведчыць аб яго знаходжанні напярэдадні на тэрыторыі сумежнай дзяржавы. Якіх-небудзь дакументаў, што сведчаць асобу мужчыны, не знойдзена. Цяпер для вызначэння канкрэтнай прычыны смерці мужчыны назначана судова-медыцынская экспертыза. Усе абставіны здарэння ўстанаўліваюцца ўпраўленнем Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці ў рамках праверкі.

«Улады Літвы страцілі чалавечае аблічча. Два дні запар перацягваюць на беларускую тэрыторыю забітых бежанцаў. Збітых, забітых сілавікамі ў Літве. Гэта трэба фіксаваць і прад’яўляць абвінавачанні ў злачынствах супраць чалавечнасці. Азвярэлыя падонкі», — справядліва заўважыў у сваім тэлеграм-канале палітолаг Аляксей Дзермант.

У еўрасаюзаўскіх функцыянераў іншае меркаванне. У нядзелю ў Вільнюс прыбылі генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг і старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен. «Літва гуманна і рашуча спраўляецца з гэтым крызісам. ЕС працягвае падтрымліваць вас у гэтых намаганнях», — адзначыла кіраўнік Еўракамісіі, паведаміла Delfі. Пра «гуманныя намаганні» чытайце вышэй...

«Свет убачыў галоўную ролю Польшчы і Прыбалтыкі ў НАТА і Еўрасаюзе — гэта „пераапранутыя“ нацысты, якія ўвасабляюць палітычны тэатр абсурду калектыўнага Захаду», — такое меркаванне БелТА выказаў загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі НАН кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін. Як лічыць эксперт, разбуральны парадак дня Захада аказаўся затратным і тупіковым. «Урсула фон дэр Ляен змагла знайсці 200 мільёнаў еўра на ўзвядзенне сцяны польска-прыбалтыйскага гета, што ў прынцыпе з’яўляецца падтрымкай высокага градуса ваенна-палітычнай істэрыі», — заўважыў Мікалай Шчокін.

Нават масавыя смерці бежанцаў на граніцах Еўрасаюза нічога не мяняюць у крывадушнай палітыцы дзяржаў Захаду. Аб гэтым у эфіры «Альфа Радыё» заявіў старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў. Ён звярнуў увагу, што дагэтуль ні літоўская, ні польская ўлады не паспрабавалі выпрацаваць механізм, які б выключыў такія смерці ў будучыні. «Кожная такая смерць усё ж уплывае на тое здаровае грамадства, якое ёсць у Літве, Латвіі, Польшчы, Германіі. Мы бачым шматлікія дэманстрацыі пратэсту, у тым ліку ў Германіі. Я спадзяюся на тое, што грамадзянскі гуманістычны інтэрнацыянал дапаможа вырашыць гэтую праблему, калі ўжо ўлады ў Літве і Польшчы не ў стане гэта зрабіць», — адзначыў Андрэй Крывашэеў.

Тым часам у Германіі, куды так імкнуцца трапіць бежанцы, прайшла акцыя ў знак салідарнасці з людзьмі, якія знаходзяцца на граніцы, паведаміла Euronews. Удзельнікі акцыі размясцілі перад будынкам Бундэстага 6 тысяч зялёных агнёў і надпіс «Прыняць зараз». Такім чынам яны імкнуцца прыцягнуць увагу ўлад да катастрафічнай сітуацыі з бежанцамі ў рэгіёне.

«Адзінае вырашэнне сітуацыі залежыць ад нямецкага ўрада, новая кааліцыя павінна дзейнічаць і прыняць людзей. Толькі так можна прадухіліць далейшыя смерці на граніцы», — заявіла Аліна Ляпіна, прадстаўнік няўрадавай арганізацыі «Прычал», якая праводзіла акцыю.

Актывісты таксама заклікаюць жыхароў Германіі запальваць у дамах зялёныя агні ў знак таго, што бежанцам могуць дапамагчы. Раней аналагічная акцыя прайшла ў Польшчы: жыхары прыгранічных раёнаў запальвалі ў сваіх дамах зялёныя лямпы ў знак таго, што гаспадары гатовы даць прытулак бежанцам, якія перасякаюць польскую граніцу.

Па словах праваабаронцаў, на граніцах «негасціннай» Еўропы ўжо загінула больш за 17 мігрантаў, а з набліжэннем зімы іх колькасць можа вырасці ў разы.

Пётр ДУНЬКО

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі