Вы тут

Медыкі рэкамендуюць пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй прайсці вакцынацыю супраць COVID-19


Медыкі рэкамендуюць пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй прайсці вакцынацыю супраць COVID-19, паведаміў загадчык аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксандр Атаманчук на прэс-канферэнцыі да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам (1 снежня), перадае БелТА.


«ВІЧ-інфекцыя з’яўляецца хранічным інфекцыйным захворваннем. А любое хранічнае захворванне ўскладняе цячэнне COVID-19 і павышае рызыку развіцця цяжкіх наступстваў, а таксама смяротных зыходаў. На сёння з улікам таго, што ў краіне актыўна праводзіцца імунізацыя насельніцтва ад COVID-19, медыцынскія работнікі рэкамендуюць і выступаюць за вакцынацыю пацыентаў ад COVID-19», — сказаў Аляксандр Атаманчук.

Паводле яго слоў, эпідэмія аказала істотны ўплыў на колькасць зваротаў пацыентаў за дыягностыкай. «Мы бачым, што з-за ўвядзення абмежавальных мерапрыемстваў у арганізацыях аховы здароўя крыху знізілася колькасць зваротаў за тэсціраваннем, для праходжання абследавання», — адзначыў загадчык аддзела.

Урэшце, прадоўжыў ён, Міністэрства аховы здароўя прыкладае намаганні, каб мінімізаваць рызыкі для пацыентаў з ВІЧ-інфекцыяй. У прыватнасці, колькасць наведванняў арганізацый аховы здароўя пацыентамі зніжаецца за кошт выдачы прэпаратаў на больш доўгі час. Рэалізуюцца праекты пры ўдзеле недзяржаўных некамерцыйных арганізацый, якія даюць магчымасць мінімізаваць рызыкі інфіцыравання.

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі