Вы тут

Лукашэнка: Усе пускавыя пляцоўкі для «Таполяў» захаваны і гатовы да выкарыстання


Усе пускавыя пляцоўкі для «Таполяў» захаваны і гатовы да выкарыстання. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі расказаў у інтэрв’ю генеральнаму дырэктару міжнароднага інфармацыйнага агенцтва «Расія сёння» Дзмітрыю Кісялёву, перадае БелТА.


«Чаму я стаў ворагам для Захаду: не таму, што я дыктатар і іншае; таму што ўсе пляцоўкі, на якіх стаялі „Таполі“ (рухомыя грунтавыя ракетныя комплексы стратэгічнага прызначэння. — Заўвага БелТА), акрамя адной, поўнасцю захаваны і да гэтага часу гатовы да выкарыстання. Вы ведаеце, як Захад рэагуе на ядзерную зброю і іншыя рэчы», — сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў беларускага лідара, першы Прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын перш за ўсё ад яго патрабаваў: «Трэба ўзарваць гэтыя пляцоўкі». «Таму што Захад націскаў, амерыканцы націскалі на яго, ён на мяне», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

«Я сказаў — не. Але калі націск быў надзвычайным, каб вы ведалі (я гэта магу даказаць і паказаць), мы ўзарвалі адну пляцоўку. Гэта было ў лесе», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што гэта не проста нейкія невялікія пляцоўкі, а каласальная плошча, у тым ліку спецыяльныя ўкрыцці для ўзбраення. «Яны стаялі поўнасцю у гэтых закрытых сховішчах. Я гэта ўсё захаваў. І амерыканцы мне пастаянна задавалі пытанні, заходнікі: а навошта? Я да гэтага часу на такія пытанні не адказваў», — заявіў Прэзідэнт.

Шэраг размоў Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі замежных сродкаў масавай інфармацыі працягваецца. Сустрэча з кіраўніком найбуйнейшага расійскага медыяхолдынга Дзмітрыем Кісялёвым — чацвёртае інтэрв'ю Прэзідэнта за месяц для небеларускіх медыя. Да гэтага кіраўнік краіны адказаў на пытанні амерыканскай тэлекампаніі CNN, брытанскай карпарацыі BBC, расійскага часопіса «Национальная оборона».

 

Па звычайным парадку такіх размоў іх поўны змест становіцца вядомы аўдыторыі пасля публікацыі ў СМІ, якому давалася інтэрв'ю. Але некаторыя фрагменты з размовы былі прадстаўлены для апублікавання ўжо сёння. Так, напрыклад, журналіст запытаў: калі Германія адмовіцца ад прысутнасці ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі, яе, верагодна, размесцяць у Польшчы. Як тады павядзе сябе Беларусь?

«Тады я прапаную Пуціну вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь», — сказаў Прэзідэнт.

«Якую ядзерную зброю?» — удакладніў Дзмітрый Кісялёў.

«Мы дамовімся, якую. Тую ядзерную зброю, якая будзе найбольш эфектыўная пры такім судакрананні. Мы на тэрыторыі Беларусі да гэтага гатовыя. Я, як руплівы гаспадар, нічога не разбурыў. Усе «хлявы» (для размяшчэння гэтай зброі. — «Зв.») стаяць на месцы», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Таксама Аляксандр Лукашэнка расказаў пра планы рэагавання на спробы стварыць канфлікт на граніцы.

«Яны пачалі манеўры ў Польшчы, Латвіі, Літве і Украіне. Што павінен я рабіць як галоўнакамандуючы: не ісці на правакацыі. Але я павінен прадбачыць, што адбудзецца, каб не атрымалася, як у 41-м годзе», — сцвярджае Прэзідэнт, прывёўшы ў прыклад паводзіны кіраўніцтва СССР напярэдадні пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

«Таму я вымушаны мець планы і падраздзяленні беларускай арміі, якія будуць рэагаваць на любую спробу стварыць канфлікт на граніцы Прыбалтыкі, Польшчы і Украіны. На жаль, украінцы, як звычайна, пабеглі наперадзе нават войскаў НАТА», — дадаў кіраўнік краіны.

Адказваючы на пытанні Дзмітрыя Кісялёва, закрануў Прэзідэнт і стаўленне Захаду да сітуацыі з мігрантамі. Па яго словах, калі еўрапейцы скасавалі дагавор аб рэадмісіі, ён заявіў, што больш не будзе абараняць іх граніцы.

«Яны скасавалі першымі і не хочуць абмяркоўваць зараз гэту тэму. Калі мы з Прэзідэнтам Пуціным аб вытоках гаварылі, я яму сказаў, адкуль усё пачалося — санкцыі. Слухай, на шыі накінулі пятлю, заціскаюць і кажуць: «Абараняй мяне!» Я шчыра ім заявіў у самым пачатку: «Вы пайшлі на абвастрэнне адносін, абвінавачваеце нас у гэтым самалёце (пасадка рэйса Ryanaіr — «Зв.») і іншае, хаця ніводнага фактf няма. Вы пачалі ўдушэнне Беларусі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Закрануўшы тэму бежанцаў на граніцы, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што калі гаварыў па тэлефоне з в.а. канцлера Германіі Ангелай Меркель, то яна папрасіла яго заняцца рэпатрыяцыяй гэтых людзей. «Я кажу: ведаеце, Ангела, такімі жорсткімі словамі давайце не будзем нават гаварыць, — расказаў Прэзідэнт. — Гэта значыць, хапай адсюль і вывозь сілай. Я ёй адразу сказаў, у канцы ўжо, двойчы паўтарыў: я буду старацца вырашыць гэту праблему да Новага года, таму што яна нам не патрэбна. Людзі боўтаюцца то ў Мінску, у Гродне і іншае. Ведаеце, як рэагуе насельніцтва. Мы будзем прасіць гэтых людзей, якія законна ў нас знаходзяцца па турыстычнай візе ў гасцініцы і іншае, каб яны вярнуліся назад, таму што гуманітарнага калідора не будзе.».

Прэзідэнт адзначыў, што эвакуацыйныя рэйсы былі аплачаны Іракам. Беларусь жа ўжо затраціла на ўтрыманне бежанцаў, паводле даных толькі тыднёвай даўнасці, $12,5 млн. «Цяпер гэта будзе ў два разы больш», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта значыць увесь догляд, харчаванне, абаграванне, лячэнне...», — удакладніў Дзмітрый Кісялёў.

«Абсалютна», — пацвердзіў Прэзідэнт.

Акрамя таго Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю аб прызнанні Крыма расійскім.

Кіраўнік дзяржавы ў інтэрв’ю таксама заявіў, што мае намер наведаць Крым і наконт гэтага ёсць дамоўленасць з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Пачаць такую паездку ён хацеў бы з наведвання Севастопаля. Пры гэтым дакладныя тэрміны, калі магла б адбыцца такая паездка, пакуль не вызначаны. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго прыезд у Крым будзе азначаць прызнанне паўвострава часткай Расіі.

«Крым дэ-факта — гэта расійскі Крым. Пасля рэферэндуму і дэ-юрэ Крым стаў расійскім», — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мае поўнае права на наведванне Крыма, «пад чыім бы ён там пратэктаратам, кіраўніцтвам і чый бы ні быў Крым». «Гэта і мой Крым», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён зазначыў, што ўпершыню на моры ў свой час пабываў менавіта ў Крыме, калі ў яго быў яшчэ толькі адзін старэйшы сын.

Прэзідэнт прадоўжыў: «Мне Прэзідэнт Пуцін прапанаваў: давай калі-небудзь адскочым...». — «Махнем», — падхапіў думку Дзмітрый Кісялёў.

«Так было і сказана. Калі мы на катэры з ім, на шхуне „боўталіся“ у Чорным моры. Якраз пра гэта гаворка зайшла. Я кажу: ну паказаў бы Крым. Кажа, няма пытанняў. Толькі, кажу, давай на самалёце, а не на гэтай лодцы», — расказаў Прэзідэнт.

«Пуцін мне шмат расказваў аб цяперашняй базе ВПС у Севастопалі. Ваенна-касмічных сіл. Вельмі шмат, — адзначыў беларускі лідар. — Я кажу: калі запросіш, тады і паляцім. І я яму прапанаваў тады другую ўмову — у Севастопалі прызямліцца».

«Калі Прэзідэнт ужо туды прыехаў з Прэзідэнтам Расіі, слухайце, якія яшчэ могуць быць прызнанні? Ні для мяне, ні для Пуціна гэта не сакрэт. І, больш за тое, гэта проста нейкае пытанне, якога не існуе. Паміж мною і Пуціным такога пытання няма», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.


Лукашэнка пацвердзіў, што гатовы спыніць транзіт энерганосьбітаў, калі Польшча закрые мяжу

«Калі мяне будуць „душыць“ палякі ці яшчэ нейкія там, я буду глядзець на нейкія кантракты? Кіньце вы, аб чым вы гаворыце, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Палякі вырашылі закрыць мяжу з Беларуссю — добра, закрывайце. Мы не вельмі часта ездзім у Еўрасаюз. Нашы інтарэсы сёння ў Расіі, Кітаі і на Усходзе больш за ўсё. А калі я закрыю, што будзе тады з гэтым патокам, які ў асноўным у Расію, Кітай ідзе праз нас?»

Прэзідэнт адзначыў, што трапіць у Расію і ў далейшым еўрапейскія тавары праз Украіну не змогуць. Не наладжаны транзітныя зносіны і праз краіны Прыбалтыкі. «Толькі Беларусь. Таму, перш чым рабіць з іх боку заявы, трэба ўзяць свае курыныя мазгі ў рукі, як у народзе кажуць, і падумаць, што ты бразгаеш. Ён закрые мяжу... Каму ты на шкоду закрыеш? Сам сабе. А потым, ты закрыеш — тады падумайце, як вы энерганосьбіты будзеце купляць у Расіі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.


Лукашэнка: Буду рабіць усё, каб Украіна стала нашай

«Я ніколі не буду на баку таго нацыяналістычнага чаду, які сёння адбываецца ва Украіне. Я буду рабіць усё для таго, каб Украіна стала нашай. Яна наша Украіна. Там народ наш. Гэта не эмоцыі. Гэта мае цвёрдыя перакананні», — падкрэсліў беларускі. лідар.

«Таму, калі Расія апынецца перад агрэсіяй з боку Украіны, мы ў цесным звязку юрыдычна, эканамічна, палітычна будзем з Расіяй. Юрыдычна — гэта галоўнае», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.


«У нас рукі развязаныя». Лукашэнка расказаў, калі «Белавія» адкрые рэгулярныя рэйсы ў Крым

Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне, калі «Белавія» паляціць у Крым. «Хіба мы не лятаем у Крым? Шчыра кажучы, я нават не ведаў, што мы не лятаем у Крым», — адрэагаваў Прэзідэнт.

«Калі не лятае... Калі нам трэба будзе перавезці нашых людзей (а ў нас там і санаторый свой), слухайце, у нас рукі развязаны», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Дзмітрый Кісялёў удакладніў, што ў сваім пытанні меў на ўвазе ажыццяўленне рэгулярных рэйсаў.

«Цалкам дакладна. Я аб гэтым і гавару. Мы паляцім тады, калі нам трэба будзе. На жаль, не праз Украіну. У два разы або ў паўтара далей будзе», — сказаў Прэзідэнт.


Пасля размовы Дзмітрый Кісялёў падзяліўся з беларускімі калегамі сваімі ўражаннямі ад сустрэчы. Ён адзначыў шчырасць, прыхільнасць Аляксандра Лукашэнкі да абмеркавання.

«Ён не лімітаваў мяне ў часе. Мы размаўлялі каля дзвюх з паловай гадзін. Размова была напружаная. Яна складалася з пяці блокаў, там была належная драматургія. У мяне ёсць адчуванне добра зробленай работы, нашай агульнай работы, бо інтэрв'ю — гэта заўсёды агульная работа», — сказаў кіраўнік МІА «Россия сегодня».

Інтэрв'юер паведаміў, што Прэзідэнт паглыбляўся ў гісторыю, гаварыў пра будучыню, шмат было навін пра асабістыя сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Дзмітрый Кісялёў адзначыў, што ішоў на рызыку і задаваў пытанні, якія маглі выклікаць нейкае раздражненне ў кіраўніка краіны, але Прэзідэнт адказваў добразычліва.

«Гэта інтэрв'ю, як мне здаецца, дае падставу для таго, каб глыбей зразумець логіку дзеянняў Прэзідэнта і логіку беларускага народа, калі ён падтрымлівае яго», — дадаў журналіст.

Па яго словах, гэта размова стала для яго адкрыццём, бо раней Дзмітрый Кісялёў ніколі не сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Як падкрэсліў журналіст, асабліва ўразіла яго рашучасць Прэзідэнта Беларусі, з якой ён гатовы адстойваць створаную ім дзяржаву, і бескампраміснасць, з якой ахоўвае нацыянальныя інтарэсы.

Інтэрв'ю будзе апублікавана на рэсурсе РІА «Новости» агенцтва «Россия сегодня». Поўнасцю размову, як расказаў Дзмітрый Кісялёў, па дамоўленасці пакажуць на канале «Россия 24». Фрагмент інтэрв'ю пакажуць у найбліжэйшым выпуску «Вестей недели» на канале «Россия». Але і гэта не ўсе рэсурсы, якія будуць асвятляць размову.

«Інтэрв'ю будзе размешчана на РІА «Новости». Гэта самы папулярны інфармацыйны рэсурс у рускім інтэрнэце. У нас больш за шэсць мільёнаў заходаў у дзень. «Россия сегодня» працуе на 32 мовах. То-бок гэта інтэрв'ю пойдзе на 32 мовах. Плюс мы чэмпіёны па рабоце ў сацыяльных сетках. У нас каля 10 мільёнаў падпісчыкаў там. У нас ёсць радыё «Спутник» — самая цытаваная радыёстанцыя Расіі. На ўсіх нашых рэсурсах будзе выкарыстана гэта інтэрв'ю. Увогуле, мала не падасца», — падсумаваў Дзмітрый Кісялёў.

Міжнароднае інфармацыйнае агенцтва «Россия сегодня» асвятляе за мяжой падзеі палітычнага, грамадскага жыцця ў Расіі і падзеі ў свеце. Медыяхолдынг уключае ў сябе радыё, навінавыя стужкі, інфармацыйныя парталы, мультымедыйныя прэс-цэнтры, вытворчасць і распаўсюджванне фотакантэнту, інфаграфікі, інфармпляцоўкі ў сацыяльных сетках і вытворчасць кантэнту для мабільных праграм. Штодня «Россия сегодня» выпускае каля пяці тысяч інфармацыйных матэрыялаў. Карэспандэнцкая сетка медыя налічвае дзясяткі журналістаў у Расіі і звыш 100 па ўсім свеце.


Лукашэнка аб адзінай валюце з Расіяй: гэта больш высокі ўзровень інтэграцыі, да якога мы не падышлі

«Да адзінай валюты трэба прыйсці „стэп бай стэп“. Калі мы з Ельцыным (першы прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын. — Заўв. БелТА) падпісвалі пагадненне, мы мелі на ўвазе, што гэта не беларускі і не расійскі будзе рубель. А нейкая іншая валюта. Але паколькі ў нас рубель, у вас рубель, навошта нам выдумляць і называць яе талер або яшчэ нешта. Так, гэта будзе рубель», — сказаў Прэзідэнт.

Другое пытанне, паводле яго слоў, гэта ўмовы, на якіх будзе працаваць эмісійны цэнтр: «Давайце зробім, як у Еўрасаюзе. Ён павінен быць незалежным. Ён не павінен быць расійскім».

«Гэта (увядзенне адзінай валюты. — Заўвага БелТА) больш высокі ўзровень інтэграцыі, да якога мы не падышлі. Падыдзем — будзем вырашаць», — дадаў беларускі лідар.

Аляксандру Лукашанка таксама было зададзена пытанне, ці ёсць патэнцыяльна нейкія межы інтэграцыі Беларусі і Расіі. «Ні ў аднаго працэсу няма ніякіх меж. Па-філасофску гучыць, але гэта так. Ніякіх меж няма», — сказаў ён.


Лукашэнка: праект абноўленай Канстытуцыі Беларусі апублікуюць да Новага года

«Цяпер ён (праект) у мяне на стале. Цяпер я сяджу і гляджу. І кожны радок, як гэта было раней. Канстытуцыя — я яе сам пісаў (гаворка пра цяпер дзеючую Канстытуцыю. — Заўвага БелТА). Юрысты пісалі пяром, а я дыктаваў, таму што я бачыў, я — Прэзідэнт — якія мне патрэбны паўнамоцтвы, каб утрымаць краіну. І цяпер я гляджу, таму што мне яе выносіць на рэферэндум. Цяпер мы яе апублікуем, каля месяца», — сказаў ён.

На ўдакладняючае пытанне, калі будзе апублікаваны дакумент, Лукашэнка зазначыў: «Я думаю, што тыдні два. Да Новага года».


«Калі не пачнецца вайна». Лукашэнка аб планах правесці рэферэндум па абноўленай Канстытуцыі​

«Цяпер мы яе апублікуем, каля месяца. Я думаю, што тыдні два. А ў лютым у 20-х прыкладна ліках (яшчэ падумаем, як нам зручней, і па законе, па цяпер дзейнай Канстытуцыі ёсць тэрміны ўнясення на рэферэндум) Канстытуцыя будзе ўнесена мною на рэферэндум», — сказаў Прэзідэнт.

Адказваючы на ​​ўдакладняючае пытанне, ці адбудзецца і рэферэндум у лютым, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Калі не пачнецца вайна. Пане, не дай бог».

«Я аб гэтым нядаўна сказаў, што мы будзем ісці па гэтаму графіку і абавязкова правядзём рэферэндум. Ну калі вы (на гэтых словах кіраўнік дзяржавы зрабіў рукой жэст у бок, маючы на ​​ўвазе знешнія сілы і іх спробы дэстабілізаваць сітуацыю ўнутры і вакол Беларусі. — Заўвага БелТА) нас не паставіце перад увядзеннем нейкага надзвычайнага становішча. Але гэта з галіны фантастыкі. Таму я думаю, што ў лютым нам па графіку, як мы і запланавалі, удасца правесці», — дадаў беларускі лідар.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у абноўленай Канстытуцыі ўзмацняецца роля ўрада і парламента, надаецца канстытуцыйны статус і прапісваюцца паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу. «Прэзідэнт, як і сёння, будзе фарміраваць урад, будзе кіраўніком дзяржавы. Моцная прэзідэнцкая ўлада застаецца», — сказаў ён.


Лукашэнка не выключае датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў пасля прыняцця абноўленай Канстытуцыі

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што пасля прыняцця змяненняў у Канстытуцыю Беларусі адбудуцца новыя выбары ўсіх органаў улады. «І парламента, і прэзідэнцкія, і дэлегатаў Усебеларускага сходу, — адзначыў Прэзідэнт. 

Фота: БелТА

— Нам да прэзідэнцкіх выбараў прыкладна тры-чатыры гады. Яны могуць максімум адбыцца ў тэрмін. Але, магчыма, будуць і датэрміновыя выбары».

«На падставе таго, калі Прэзідэнт так вырашыць. Або ў пераходных палажэннях у Канстытуцыі будуць замацаваны іншыя тэрміны выбараў», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не змог адказаць на пытанне, ці стане ён удзельнічаць у наступных выбарах. «Не ведаю. Шчыра, не ведаю», — сказаў ён. Паводле яго слоў, гэта будзе залежаць найперш ад сітуацыі ў краіне.

Адказваючы на пытанне, як бы ён хацеў увайсці ў гісторыю, Прэзідэнт заявіў, што не думаў аб гэтым. «Шчыра, я табе клянуся! Я аб гэтым не думаю, таму што не збіраюся адыходзіць ад той вялікай палітыкі, якая сёння ў нас з табой перад вачыма. На жаль, цяжкія часы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, ён хоча быць «стваральнікам гэтай дзяржавы».


Лукашэнка заявіў аб падрыхтоўцы вучэнняў з Расіяй на беларуска-украінскай мяжы

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Украіна цяпер праводзіць на беларускай граніцы ваенныя вучэнні, да іх прыцягнута 10 тыс. ваеннаслужачых. Яны адпрацоўваюць у тым ліку варыянты вядзення вайны ў лясіста-багністай мясцовасці.

«Сёння ў нас у Беларусі ўзнік паўднёвы фланг — яго трэба закрываць. Не мы ініцыятары, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Павінны рэагаваць? Павінны».

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Лукашэнка назваў мізэрнай шкоду Беларусі ад заходніх санкцыяў

«Чаму яны не забяруць у мяне гэты інструмент?» Лукашэнка адказаў на абвінавачванні Захаду ў пытанні бежанцаў

Лукашэнка: бежанцам, якія знаходзяцца ў Беларусі, накіроўвалася з Украіны кантрабандная зброя

Лукашэнка: сярод арганізатараў дастаўкі бежанцаў да мяжы Беларусі былі расіяне, уключаючы чачэнцаў

«Гэта не які-то там выпяндрож». Лукашэнка аб тым, навошта насіць ваенную форму

Лукашэнка паведаміў, што ў Беларусі ў навучальным цэнтры ўжо ёсць С-400

Лукашэнка распавёў, як Пуцін прапаноўваў Парашэнку аднавіць Данбас і чым гэта скончылася

Лукашэнка: ва ўкраінскай арміі ўжо даходзяць да фашызму

Лукашэнка: Зяленскі апынуўся зусім выпадковым чалавекам у палітыцы

Лукашэнка: украінскія вайскоўцы самі папрасілі Расію выратаваць Крым ў 2014 годзе

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.