Вы тут

Патрабаванні да кіраўнікоў і работнікаў стануць больш сур’ёзнымі


На чарговай сесіі Савета Рэспублікі сенатары падтрымалі змены ў адпаведны дэкрэт Прэзідэнта, накіраваны на павышэнне кадравага патэнцыялу і кадравай бяспекі ў краіне. Аб навацыях падрабязна сенатарам расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч:


— Пытанні кадравай палітыкі, працоўнай і выканаўчай дысцыпліны аказвае самы непасрэдны ўплыў на эфектыўнасць работы арганізацый, — адзначыла міністр і нагадала, што сёння ў Дэкрэце Кіраўніка дзяржавы № 5 ужо замацаваны шэраг дзейсных механізмаў, накіраваных на ўдасканаленне работы па падборы і расстаноўцы кіруючых кадраў. 

У прыватнасці, гэтым дакументам замацаваны пералік дыскрэдытуючых падстаў для звальнення. Таксама прадугледжана норма, згодна з якой, асобы, звольненыя на дыскрэдытуючых падставах, на працягу пяці гадоў пасля звальнення не могуць прызначацца на пасады, уключаныя ў кадравыя рэестры Кіраўніка дзяржавы, Савета міністраў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Разам з тым, яны могуць быць прызначаны на кіраўнічыя пасады арганізацыі незалежна ад формы ўласнасці, але толькі пасля ўзгаднення з кіраўнікамі мясцовых органаў улады. 

Дэкрэтам № 5 у рэдакцыі 2014-га наймальніку даецца права пры прыёме на працу работніка запрошваць характарыстыку з папярэдніх месцаў яго працы. 

— Аднак існуючыя нормы Дэкрэта № 5 у частцы рэгулявання прыёму на работу закранаюць нязначную частку работнікаў, паколькі звальненні па дыскрэдытуючых падставах не носяць масавы характар, — адзначыла Ірына Касцевіч. — Працаўладкаванне асноўнай масы работнікаў ажыццяўляецца на падставе агульных палажэнняў Працоўнага кодэксу. 

Яна нагадала, што падзеі мінулага года паказалі неабходнасць прыняцця дадатковых мер, у тым ліку і заканадаўчых, па недапушчэнні пранікнення ў дзяржаўныя органы і арганізацыі дэструктыўна настроеных грамадзян, якія адкрыта выступаюць супраць палітычнага курса дзяржавы. Менавіта таму Дэкрэтам № 6 прадугледжваецца шэраг дадатковых механізмаў, накіраваных на ўмацаванне адказнасці як кіраўнікоў, так і работнікаў, у першую чаргу дзяржаўных органаў, дзяржаўных арганізацый і арганізацый з доляй уласнасці дзяржавы больш за 50%. 

Новым дакументам прадугледжваецца абавязак наймальніка (а не права пры жаданні, і гэтым істотная розніца) пры прыёме на работу ў дзяржаўныя органы і арганізацыі запрошваць характарыстыку на работніка з папярэдняга месца працы, а таксама з дзяржаўнай арганізацыі, дзе ён працаваў на працягу папярэдніх пяці гадоў. Дарэчы, калі за гэты перыяд было зменена некалькі дзяржаўных арганізацый, тады характарыстыка запрошваецца з апошняга. 

Акрамя таго, у адносінах да кандыдатаў на кіраўнічыя пасады (не толькі першай асобы, але і яе намеснікаў), прадугледжаны абавязак наймальніка запрошваць даныя з Адзінага дзяржаўнага банка правапарушэнняў. 

Адначасова Дэкрэтам № 6 замацоўваюцца патрабаванні да характарыстыкі і тэрмінаў яе выдачы. Так, характарыстыка з’яўляецца афіцыйным дакументам, у якім павінны адлюстроўвацца прафесійныя, дзелавыя і маральныя якасці работніка; інфармацыя аб прыцягненні да дысцыплінарнай і іншай адказнасці, здзяйсненні дзеянняў, якія супярэчаць дзяржаўным і грамадскім інтарэсам. Пры накіраванні запыту характарыстыка павінна выдавацца на працягу сямі каляндарных дзён. Дарэчы, і форма яе ўжо зацверджана пастановай Урада.

Трэба сказаць, што замацоўваецца і адказнасць выканаўцаў пры ажыццяўленні ўсіх этапаў працаўладкавання такіх кандыдатаў. Адзначым, што калі дзеянні нанеслі шкоду дзяржаўнай маёмасці ці істотную шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, адпаведныя службовыя асобы будуць несці адказнасць у адпаведнасці з Крымінальным кодэксам. 

— Такім чынам Дэкрэтам № 6 наймальнікам даюцца дзейсныя механізмы атрымання інфармацыі аб кандыдаце на заняцце пасады, — пераканана Ірына Касцевіч. 

Акрамя таго, яна звярнула ўвагу на тое, што нормы Дэкрэта № 5 прыведзены ў адпаведнасць з Законам «Аб змене законаў па пытаннях працоўных адносінаў» ад 28 мая бягучага года, якім унесены змены ў Працоўны кодэкс. 

У прыватнасці, пашыраны паўнамоцтвы наймальніка. Ён атрымаў права адхіляць работніка ад работы, калі той заклікае іншых работнікаў да спынення працы без паважлівых прычын. 

Міністр таксама нагадала, што ў Працоўны кодэкс уведзена новая падстава для звальнення — парушэнне работнікам парадку збору, сістэматызацыі, захоўвання, змены, выкарыстання, абязлічвання, распаўсюджвання, прадстаўлення і выдалення персанальных даных. 

— Дадзеная падстава звальнення аднесена да дыскрэдытуючых падстаў, што замацавана ў дэкрэце, — патлумачыла яна і папрасіла членаў Савета Рэспублікі падтрымаць дакумент. 

Падчас абмеркавання праекта Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла значэнне ролі кіраўніка. Ён павінен разумець сваю адказнасць пры прыняцці кадравых рашэнняў. Наталля Качанава падкрэсліла своечасовасць прыняцця змяненняў у дэкрэт. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».