Вы тут

Як у легендарны будынак «Дома № 1 БДУ» збіраюцца ўдыхнуць новае жыццё?


Мінск, вуліца Чырвонаармейская, 6. З 1992 года па гэтым адрасе размяшчаецца гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Раней тут рыхтавалі будучых філолагаў. У гісторыю ўніверсітэта будынак увайшоў як «Першы дом БДУ», або «Дом № 1 БДУ», бо з яго пачынаўся ўніверсітэт і тут працаваў і фактычна жыў на працоўным месцы першы рэктар універсітэта Уладзімір Пічэта (дарэчы, таксама гісторык-славіст), дзейнічалі бібліятэка і канцылярыя, праводзіліся заняткі на рабочым факультэце.


Аляксандр Каханоўскі: «Помнік архітэктуры на Чырвонаармейскай пераўтвораць у будынак-музей».

Адной з галоўных праблем пры стварэнні першага беларускага ўніверсітэта было знайсці ў разбураным рэвалюцыйнымі падзеямі, а потым кайзераўскай і польскай акупацыяй Мінску больш-менш прыдатныя будынкі і памяшканні. Іх трэба было таксама прыстасаваць для ўніверсітэцкіх патрэб. Так, БДУ быў перададзены будынак гімназіі Зубакіна і Фальковіча, які стаяў на скрыжаванні вуліц Магазіннай і Кашарнай яшчэ з 1863 года (цяпер гэта вуліцы Чырвонаармейская і Кірава). Яго пабудаваў для сваёй сям’і купец Сакер. У часы Вялікай Айчыннай вайны ён быў моцна разбураны, а потым адноўлены на тым жа самым месцы, толькі колькасць паверхаў у ім павялічылася з двух да чатырох... Але ў пачатку лістапада бягучага года студэнты і выкладчыкі гістарычнага факультэта разам са сваімі музейнымі скарбамі пераехалі з Чырвонаармейскай на вуліцу Мендзялеева.

Не змаглі б забяспечыць умовы

— Наша «змена прапіскі» — справа вымушаная, — тлумачыць дэкан факультэта Аляксандр Каханоўскі, — таму што гістарычны будынак чакае не проста капітальны рамонт, але і мадэрнізацыя. Пытанне з часовым пераездам абмяркоўвалася больш як год. Рыхтавалася праектна-каштарысная дакументацыя, рабілася экспертыза праекта. Быў абвешчаны конкурс, вызначаны падрадчык. 2021 год — год стагоддзя БДУ, магчыма, гэта сімвалічна, што і новая старонка ў жыцці «Першага дома БДУ» пачынаецца менавіта цяпер. Упершыню думка пра будынак-музей прагучала з вуснаў нашага рэктара Андрэя Караля. Ён прапанаваў: «А чаму б з „Дома № 1“, дзе зараз размяшчаецца гістарычны факультэт, не зрабіць будынак-музей?» Далей яго ідэя пачала прапрацоўвацца і ўвасабляцца ў жыццё. Прадумалі канцэпцыю, заслухалі яе на рэктараце, прэзентавалі ў Міністэрстве адукацыі і на Рэспубліканскім аргкамітэце па святкаванні стагоддзя БДУ.

Часовы адрас гістарычнага факультэта — Мендзялеева, 36.

Будынак на Чырвонаармейскай — гісторыка-культурны аб’ект, помнік архітэктуры (гэта акалічнасць, дарэчы, таксама павялічыла тэрмін падрыхтоўкі пакета дакументаў). Таму яго капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будзе праводзіцца пад кантролем Міністэрства культуры, у праекта ёсць навуковы кіраўнік. Фасад захаваецца, але будзе «абноўлены», вокны заменяць на драўляныя шклопакеты з паўтарэннем «малюнка». Дах памяняюць, як і ўсе камунікацыі. Прызнаюся, мы разглядалі магчымасць не пераязджаць, але там чакаецца такі аб’ём работ, што мы не змаглі б забяспечыць умовы для вучэбнага працэсу. Калі адключаецца электрычнасць, не працуюць санвузлы, рамантуецца дах, знаходзіцца у такім месцы проста небяспечна.

Часовы прытулак

Той, хто хоць аднойчы ў жыцці перажыў пераезд, можа зразумець памеры катастрофы!

Дызайн-праект экспазіцыі этнагарафічнага музея.

— А ў нас усё было выдатна арганізавана, факультэт пераехаў хутка, — з гонарам канстатуе дэкан. — Канешне, усё збіралася і ўпакоўвалася загадзя. На навучанні з выкарыстаннем інфармацыйна-кумунікацыйных тэхналогій студэнты знаходзіліся менш за тыдзень. Вучэбны працэс ішоў згодна з раскладам. Я назіраў карціну, як выкладчык з ноўтбукам сядзіць на падаконніку і праводзіць свае заняткі.

Так будуць выглядаць холы...

— Выкладчыкі, работнікі і студэнты факультэта працавалі дружна і аператыўна. Праблема была яшчэ і ў тым, што мы заязджалі ў зусім пусты будынак, — заўважае намеснік дэкана па вучэбнай і выхаваўчай рабоце Аліна Верамейчык. — Да нас тут размяшчаўся Інстытут павышэння кваліфікацыі БДЭУ, які з’ехаў ужо адносна даўно, а яшчэ раней — школа для выхаванцаў дзіцячага дома-інтэрната, які быў побач. Перавозіць на новае месца нам прыйшлося абсалютна ўсё: сталы і крэслы, вучэбныя дошкі, мультыборды, інфармацыйныя стэнды... Для пераезду на факультэце па ўзгадненні з Мінгарвыканкама быў створаны студатрад у складзе 30 чалавек.

Артур Зінчанка, студэнт другога курса, шчыраваў у студатрадзе з першага дня.

— Праца ў добрым калектыве спрыяе хуткаму выкананню задач. У нас была матывацыя — дапамагчы роднаму факультэту, тым больш навошта хадзіць у спартзалу, калі ёсць такая выдатная магчымасць падтрымаць сваю фізічную форму? — жартуе ён. — Мы перавозілі мэблю,тэхніку, кнігі. Асабліва запомніўся цяжкі сейф, які цягнулі адразу 8 чалавек. Калі трэба было, мылі вокны і падлогу. Канешне, не буду хаваць, што заробак, які атрымалі, стаў для нас прыемным бонусам. У студатрадзе працавалі пераважна студэнты другога курса, але былі сярод нас як першакурснікі, так і студэнты трэцяга курса. Прызнаюся, што я і мае аднакурснікі вельмі спадзяёмся вярнуцца ў наш стары будынак. Прыгадваю, што калі паступіў на першы курс, дэкан нам тады яшчэ сказаў: «Магчыма, што праводзіць вас мы будзем ужо з іншых сцен». Упэўнены, што заканчваць сваю вучобу буду ўжо на Чырвонаармейскай…

Большасць студэнтаў і выкладчыкаў успрынялі пераезд факультэта як вымушаную неабходнасць. Але ў пачатку лістапада ў тэлеграм-каналах з’явіліся фота, з якіх вынікала, што ў найбліжэйшай будучыні гісторыкаў будуць вучыць проста ў невыносных умовах. Кіраўніцтва факультэта пагаджаецца, што будынак — не новы, ён быў узведзены яшчэ ў 50-х гадах мінулага стагоддзя. Там ёсць шмат паточных аўдыторый, а вось маленькіх памяшканняў, наадварот, не хапае. Затое яго плошчы дазволілі пераехаць адразу ўсяму факультэту, што можна лічыць вялікай удачай. Звычайна пустуюць толькі будынкі, дзе раней размяшчаліся вытворчыя памяшканні, што абсалютна не падыходзіць ВНУ. На момант пераезду будынак на Мендзялеева, 36 знаходзіўся яшчэ ў стадыі перадачы Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, таму штосьці там перабудоўваць, перарабляць пад сябе гістфак не меў права. Максімум — касметычны рамонт па ўзгадненні з БДЭУ.

Часовы прытулак для музейных экспанатаў.

— Можна ва ўсім шукаць хібы і «зліваць» фатаграфіі ў сеціва, а можна ўзяць анучу ў рукі і прынесці карысць, — з горыччу канстатуе Аляксандр Каханоўскі. — Зразумела, што рукамі студэнтаў і выкладчыкаў на новым месцы зроблена вельмі шмат, ніякія тэхнічныя службы без іх дапамогі ніколі не справіліся б. Шчыравалі ўсе: і загадчыкі кафедраў, і супрацоўнікі дэканата. Вельмі дапамагло з пераездам і кіраўніцтва ўніверсітэта. Канешне, для нас усіх больш родны наш будынак на Чырвонаармейскай, мы будзем па ім сумаваць, але і тут жыць можна. Тым больш што гэта часовы прытулак…

На момант візіту журналістаў «Звязды» на чацвёртым паверсе яшчэ ішоў рамонт. Як нам патлумачылі, там будуць размяшчацца не толькі тэхнічныя памяшканні, але і некалькі вучэбных аўдыторый. І менавіта там былі зроблены «непрэзентабельныя» фота, якія распаўсюдзіліся ў тэлеграм-каналах.

У гістарычнага факультэта ніколі раней не было ўласнага стадыёна, а цяпер ён ёсць. Маецца і спартыўная зала. Магчыма, што і актавую залу таксама можна будзе задзейнічаць. Зараз вырашаецца пытанне з адкрыццём буфета.

Два Пічэты

І ўсё ж на гістфаку жывуць днём не толькі сённяшнім, але аптымістычна зазіраюць і ў заўтрашні.

Заняткі на гістфаку.

— Гэты альбом дорага каштуе, бо ў працу над праектам было ўкладзена вельмі шмат душэўных і фізічных сіл, — з гонарам кажа Аляксандр Каханоўскі, дэманструючы гасцям канцэпцыю факультэта-музея. — Ідэя заключалася ў тым, каб прадставіць ролю ўніверсітэцкай адукацыі ў гісторыі нашай краіны праз гісторыю першага нацыянальнага ўніверсітэта. Над дызайнам праекта працавала ТДА «Мастак-сэрвіс» з Полацку, але змястоўную частку будучых музейных экспазіцый прадумалі нашы супрацоўнікі.

Прызнаемся, што пабачанае моцна ўражвае. Нават не верыцца, што ўдасца ўсё задуманае ўвасобіць у жыццё.

— На першым паверсе, аформленым у стылі мадэрн, будзе размяшчацца дэканат дзённага і завочнага аддзяленняў, аўдыторыі для асоб з абмежаванымі магчымасцямі, гардэроб, сучасны буфет з барнымі стойкамі і ўтульная студэнцкая рэкрэацыя, — адзначае дэкан. — На другім паверсе — кабінет дэкана, намеснікаў, зала пасяджэння Савета факультэта (там жа будуць праходзіць і круглыя сталы), усе кафедры, вучэбныя аўдыторыі і імянная аўдыторыя Уладзіміра Пічэты. Менавіта тут распачынаецца музейная частка. Экспазіцыя, прысвечаная гадам станаўлення і развіцця ўніверсітэта, будзе размешчана ў холах і на лесвічных пралётах.

Адным з сакральных сімвалаў гістарычнага факультэта з’яўляецца бюст першага рэктара, які шмат сіл уклаў ў развіццё БДУ. У студэнтаў з ім таксама звязана асаблівая прыкмета. Яны вераць, што для таго, каб здаць экзамен на добрую адзнаку, трэба перад тым, як пайсці да выкладчыка, абавязкова пацерці бюсту нос. У будынак на Мендзялеева бюст Пічэты не пераехаў. Ён разам з іншымі скульптурамі (рэплікамі твораў, якія захоўваюцца ў Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу) адправіцца на рэстаўрацыю і набудзе антывандальнае пакрыццё.

На жаль, дакладных звестак, дзе ў «Будынку № 1» размяшчаўся кабінет першага рэктара, не засталося. Але ёсць арыгінальныя рэчы, якія належалі Уладзіміру Пічэце. Асобныя з іх знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея, аб магчымасці часовага захоўвання будуць весціся адпаведныя перагаворы. Захаваліся і фатаграфіі, па якіх і адновяць фрагмент кабінета.

На чацвёртым паверсе ідзе рамонт.

На трэцім паверсе раней была спартыўная зала з высокай столлю. Цяпер гэта памяшканне задзейнічаюць пад музей. Там размесцяцца багатая археалагічная, этнаграфічная і нумізматычная калекцыі. У дызайн-праекце будучага маштабнага музея прадугледжана эфектная падсветка. Антычныя скульптуры і экспанаты, прысвечаныя культуры Старажытнага Усходу, зоймуць холы на трэцім паверсе. Можна не сумнявацца, што пасля мадэрнізацыі гэты аб’ект стане адным з самых папулярных турыстычных маршрутаў. А чацвёрты паверх будзе прысвечаны адукацыйным інавацыям. І яго стыль — хайтэк. У холах прадставяць экспазіцыю «Сучасны ўніверсітэт». Яна не застанецца пастаяннай, а будзе змяняцца, бо і наша жыццё не стаіць на месцы.

«Я выдатна разумею, што многае з таго, што плануецца зрабіць, будзе выкарыстоўвацца ў мэтах не толькі нашага факультэта, а ўсяго універітэта, — падкрэслівае Аляксандр Каханоўскі. — Матэрыялы для аздаблення плануецца выкарыстоўваць збольшага айчыннай вытворчасці, напрыклад, той жа керамаграніт. Але яны ні ў чым не прайграюць імпартным, затое робяць рамонт больш танным. Калі ж казаць аб працягласці рамонту, то ёсць аптымістычны варыянт, што мы пераедзем назад, у адрамантаваны будынак, да мая 2022 года, але больш рэалістычны тэрмін — канец наступнага года.

Нашы суразмоўцы заўважаюць, што ў БДУ ёсць сучасныя карпусы. Напрыклад, той жа факультэт міжнародных адносін. Але на Чырвонаармейскай панаваў асаблівы ўніверсітэцкі дух. Таму ўсе — выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты — спадзяюцца, што адноўлены гістфак зможа захаваць чароўную атмасферу мінулага і падарыць усім яшчэ шмат добрых эмоцый.


З газеты гістфака «NІKA»:

  • Факультэт часова пераязджае, але што назаўсёды застанецца ва ўспамінах?
  • чарга ў буфет, якая выходзіць на калідор;
  • фотаздымкі на фоне антычных скульптур на аватарцы ў кожнага гістфакаўца;
  • цяжкае дыханне пасля ўздыму на чацвёрты паверх;
  • маршрут на «курылку», які могуць з завязанымі вачыма прайсці яе заўсёднікі:
  • 31-я і 33-я аўдыторыі... на другім паверсе і самая загадкавая 55-я: цяжка знайсці, складана дайсці і немагчыма запомніць месца яе знаходжання;
  • адказ на галоўнае пытанне ў жыцці кожнага гістфакаўца: «А што такое гістарычная крыніца?»

Гісторыкі жартуюць:

«Калі меркаваць па вашых словах, то гісторыя вывучае ўсё: квантавую механіку, як уладкаваны прас, маршрут Пацы-Вацы... Калі б гісторыя вывучала ўсё, быў бы толькі адзін факультэт — НАШ»!

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.