Вы тут

Што рабіць з харчовымі адходамі зімой


Большасць гаспадароў арганізоўвае кампоставую кучу ў самым далёкім і незаўважным кутку ўчастка. Улетку, калі адходы, якія раскладаюцца, маюць непрывабны выгляд і пах, гэта цалкам вытлумачальна і даволі практычна. А вось зімой з транспарціроўкай адходаў да пункта збору могуць узнікнуць праблемы. Расчышчаць дарожку праз увесь участак ужо не так проста, ды і ляжалыя адходы могуць прыцягнуць грызуноў, птушак, вулічных сабак. Пазбегнуць гэтых праблем можна, стварыўшы альтэрнатыўную сістэму захоўвання харчовых адходаў на восеньска-зімовы перыяд.


Правільна абранае месца для зімовага кампаставання павінна знаходзіцца на паўночным баку ўчастка, у цені ад будынкаў, аднак недалёка ад дома, побач з дарожкай, якую заўсёды чысцяць ад снегу і лёду.

Арганізаваць зімовае захоўванне харчовых адходаў можна двума спосабамі — у бочцы і на адкрытай пляцоўцы ў снезе. У ідэале можна выкарыстоўваць абодва варыянты, увосень пачаўшы з першага, а затым паступова перайшоўшы да другога.

Самы просты варыянт — купля пластыкавага кантэйнера з вечкам для захоўвання арганічных рэшткаў. У яго можна высыпаць і зліваць рэшткі ежы, ачысткі, мясныя і рыбныя адходы, сапсаваныя кансервы або падгнілую гародніну. Бак спакойна прастаіць усю зіму, а ўвесну, калі снег растане, вы зможаце выліць яго змесціва ў асноўную кампоставую кучу.

Чаму не варта рабіць гэта зімой? Бо вадкасці, якія замярзаюць на паверхні кучы, утвораць ледзяную скарынку, што істотна затрымае пачатак вясновага выспявання кампосту.

Кантэйнер можна замяніць звычайнай пластыкавай ці металічнай бочкай, напрыклад, той, у якой улетку вы настойваеце арганічныя ўгнаенні ці назапашваеце дажджавую ваду для палівання. Каб не пэцкаць саму бочку і не мець праблем з выцяканнем вадкасцяў, устаўце ў яе шчыльны смеццевы мяшок (аб'ёмам 200-300 л). Калі прыйдзе вясна і кампоставая куча растане, вы зможаце вылажыць у яе змесціва бочкі.

Другі спосаб таксама даволі просты, хоць і запатрабуе большай колькасці пакетаў. Пастаўце на кухні невялікае вядзерца (аб'ёмам да 5 л), у якое можна ўставіць біяраскладальныя пакеты, і адпраўляйце харчовыя адходы туды. Калі пакет запоўніцца на 3/4, завязвайце яго і выносьце на холад.

На абгароджанай пляцоўцы ў ценявой частцы ўчастка складвайце пакеты адзін на другі. У халоднае надвор'е яны хутка пазамярзаюць, аднак на выпадак адлігі нядрэнна было б засыпаць кожны наступны пласт снегам.

Захоўваць пакеты можна як на вуліцы, так і ў хляве ці іншым памяшканні, што не ацяпляецца, аднак у другім выпадку неабходна пакласці на падлогу пласт плёнкі ці іншага гідраізаляцыйнага матэрыялу.

Калі прыйдзе вясна, пакеты трэба будзе адвезці ў кампоставік, загрузіць у асобны адсек і перамяшаць віламі. Пакеты, якія сталі кволыя на марозе, парвуцца, і іх можна будзе выдаліць, а арганіку пакінуць для пераправання. У гэты ж адсек адпраўляецца змесціва бочкі для кампаставання.

А яшчэ можна ў канцы восені выкапаць канаўку на адной з найбольш блізкіх да расчышчанай дарожкі градак: прыкладна метры два даўжынёй, 30 см шырынёй і 30-40 см глыбінёй. Усю зіму можна выкідваць туды ачысткі. Гэтай канаўкі хопіць на ўсю зіму. Вясной закопваем канаўку. Атрымліваецца ўгноеная градка пад агуркі, радыску і да т. п. І ніякага перацягвання смецця. А ўраджай які добры.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.