Вы тут

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»


Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) прызнала пагрозай для свету новы штам каранавіруса — В.1.1.529, або «Амікрон». Яго знайшлі ў краінах Паўднёвай Афрыкі, у прыватнасці, у ПАР і Батсване.

Першыя паведамленні аб заражэнні новым штамам у ПАР, Батсване і Ганконгу з'явіліся 24 лістапада. Пазней выпадкі захворвання пацвердзіліся ў Ізраілі і Бельгіі.


Дзе знойдзены

Упершыню штам B.1.1.529 быў унесены ў базы даных 11 лістапада. Першы выпадак заражэння новым штамам быў зарэгістраваны ў Батсване, услед за гэтым яшчэ некалькі было выяўлена ў ПАР.

Пазней ён быў зафіксаваны таксама ў Ізраілі, Вялікабрытаніі, Нідэрландах, Ганконгу і Бельгіі. Улады Чэхіі і Германіі таксама паведамляюць, што, магчыма, іх грамадзяне, якія прыбылі з Егіпта і ПАР, заражаны новым штамам.

У чым асаблівасці

Па словах навуковага супрацоўніка Імперскага каледжа Лондана Тома Пікока, у шыпападобным бялку штама B.1.1.529 выяўлена больш за 30 мутацый, і адразу некалькі з іх абцяжарвае выяўленне патагена антыцеламі. Гэта значыць, вірус здольны абыходзіць нашу імунную абарону.

Як мяркуе дырэктар Інстытута генетыкі Універсітэцкага каледжа Лондана прафесар Франсуа Балло, новы штам мог утварыцца ў арганізме чалавека з аслабленай імуннай сістэмай (як мяркуецца, хворага на ВІЧ/СНІД, які не атрымліваў належнага лячэння). Хранічны ход інфекцыі, з якой не мог справіцца імунітэт, дазволіў вірусу ў арганізме хворага за доўгі час назапасіць адразу вялікую колькасць мутацый.

Згодна з данымі пачатковых даследаванняў, праведзеных у ПАР, устаноўлена, што новы штам валодае 50 мутацыямі. З іх 34 знаходзяцца ў бялковых злучэннях шыпоў, з дапамогай якіх каранавірус пранікае ў клеткі чалавека. На думку дырэктара цэнтра па барацьбе з эпідэміямі ПАР вірусолага Туліё дэ Алівейры, «размова фактычна ідзе аб эвалюцыйным скачку каранавіруса». «Ён валодае цэлым наборам мутацый, якіх мы не чакалі», — заявіў спецыяліст.

Адразу некалькі змен у шыпападобным бялку патэнцыйна здольныя абцяжарыць нейтралізацыю патагена антыцеламі, што можа адбіцца на эфектыўнасці вакцын. Акрамя таго, паводле папярэдніх сведчанняў, штам вызначаецца павышанай здольнасцю да распаўсюджвання.

Цяжэйшае захворванне?

Цяжар захворвання — пакуль пытанне адкрытае. На дадзены момант няма адназначных сведчанняў аб тым, што «Амікрон» здольны выклікаць цяжэйшае захворванне ў параўнанні з іншымі штамамі. У ПАР павялічваецца колькасць шпіталізацый, але мяркуецца, што гэта звязана з агульным ростам колькасці хворых, а не з COVІD, выкліканым варыянтам «Амікрон». Для разумення тэндэнцыі спатрэбіцца яшчэ некалькі тыдняў. Пакуль многія пацыенты, наадварот хварэюць у больш лёгкіх формах.

«Амікрон» распаўсюджваецца хутчэй

У СААЗ выказалі здагадку, што новы штам каранавіруса распаўсюджваецца хутчэй, чым яго папярэднікі. Аб гэтым сведчыць досвед ПАР. Спецыялісты асцерагаюцца, што вірус можа закрануць большую колькасць людзей у свеце, у тым ліку тых, хто перахварэў на іншыя штамы. СААЗ заклікала ўсе краіны аддаць вывучэнню новага варыянта каранавіруса большую ўвагу.

Сімптомы

Хвароба, як правіла, пачынаецца з надзвычайнай стомленасці, боляў у мышцах і суставах, галаўнога болю. Таксама апісваецца такі сімптом як раздражненне ў горле (мы прывыклі казаць «дзярэ ў горле»). Звыклых сімптомаў накшталт сухога кашлю, страты нюху і смаку пакуль не адзначалася.

ПЛР-тэсты могуць вызначыць новы штам

Цяперашнія метады ПЛР-тэсціравання дазваляюць выявіць новы штам каранавіруса. «Наяўныя тэсты ПЛР па-ранейшаму здольныя выявіць гэты варыянт SARS-CoV-2», — паведаміла СААЗ. Пры гэтым адзначаецца, што ў некалькіх лабараторыях «адзін з ПЛР-тэстаў, якія шырока выкарыстоўваюцца», не змог выявіць «адзін з трох мэтавых генаў». Такім чынам, гэты ПЛР-тэст «можа прымяняцца як маркер» прысутнасці амікрон-варыянта.

Вакцыны могуць быць не такія эфектыўныя

Эксперты прыйшлі да высновы, што вірус B.1.1.529 пасля цэлай серыі мутацый можа ўплываць на ўтрыманне пратэіну ў арганізме. Пры такой змене цяперашнія вакцыны могуць стаць не такія эфектыўныя, як у выпадку з папярэднімі штамамі.

Краіны ўводзяць забарону на палёты ў Афрыку

У сувязі з распаўсюджваннем новага штама каранавіруса шэраг краін увёў забарону на наведванне краін Паўднёвай Афрыкі. Вялікабрытанія ўнесла ў спіс забароненых для наведвання сваімі грамадзянамі краін ПАР, Батсвану, Лесота, Эсваціні, Зімбабвэ і Намібію. Ізраіль увёў аналагічныя абмежаванні ў дачыненні да Мазамбіка, апрача шасці пералічаных краін. Расія абмяжоўвае ўезд з ПАР, Батсваны, Лесота, Намібіі, Зімбабвэ, Мазамбіка, Мадагаскара, Танзаніі, Ганконга і Эсваціні.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?