Вы тут

Індустрыя сустрэч. Беларусь гатова развіваць MІCE-турызм


Пандэмія значна паўплывала на турызм, паспрыяла новым гібрыдным формам зносін. Так, адначасова з жывымі сустрэчамі можа ісці кантактаванне праз інтэрнэт. Але чым больш стасункаў праходзіць у анлайн-фармаце, тым больш нарастае патрэба ў жывых зносінах. І дзелавы турызм таму не выключэнне. Апошнім часам усё часцей выкарыстоўваецца тэрмін МІСЕ-турызм (гэта абрэвіатура ад англійскіх слоў Meetіngs — карпаратыўныя сустрэчы, Іncentіves — тымбілдынгі і матывацыйныя туры для супрацоўнікаў, Conferences — з'езды, семінары, канферэнцыі, Exhіbіtіons — выстаўкі, нефармальныя сустрэчы).


Фота: pixabay.com

Пляцоўкі — ёсць

Як заўважыла дырэктар Дэпартамента па турызму Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Ірына Варановіч, сёння МІСЕ-турызм — адзін з актуальных кірункаў ва ўсім свеце, і замежныя партнёры ўсё часцей звяртаюцца, каб даведацца пра патэнцыял Беларусі ў арганізацыі індустрыі сустрэч. З канца 2019 года ў нашай краіне была створана міжведамасная каардынацыйная група пры Савеце Міністраў, якая разглядае пытанні развіцця розных турыстычных кірункаў, у тым ліку дзелавога.

Сёння краіна валодае шэрагам пляцовак, гатовых арганізоўваць і абслугоўваць дзелавыя сустрэчы. Атэлі сусветнага ўзроўню з заламі, дзе можна праводзіць вялікія пасяджэнні, а таксама размяркоўваць удзельнікаў канферэнцый па асобных меншых памяшканнях для работы ў секцыях, створаны не толькі ў сталіцы, але і ў абласных цэнтрах. Улічваюцца пандэмічныя асаблівасці. Закуплена абсталяванне, якое дазваляе рабіць прамыя трансляцыі з пасяджэнняў і весці іх запіс, падключацца асобным удзельнікам да мерапрыемстваў у анлайн-фармаце.

У сталіцы мы маем шматпрофільныя культурна-спартыўныя комплексы «Чыжоўка-Арэна» і «Мінск-Арэна», якія гатовыя прымаць не толькі маштабныя спартыўныя мерапрыемствы, але і культурныя, навуковыя, адукацыйныя, выстаўкі, канферэнцыі, форумы, карпаратывы. Іх базы могуць трансфармавацца пад любыя запыты, супрацоўнікі гатовыя да комплекснага абслугоўвання сваіх гасцей. Дарэчы, гэта адны з самых сучасных на дадзены момант пляцовак у Еўропе.

Імідж — напрацаваны

Намеснік дырэктара па турыстычнай дзейнасці РУП «Цэнтркурорт» Аляксей Стрэльчанка заўважыў, што гісторыю развіцця дзелавога турызму сёння варта падзяляць на два перыяды. У першы, дапандэмічны, закладзена база для прасоўвання Беларусі. Штогод колькасць міжнародных мерапрыемстваў, якія праводзіліся на тэрыторыі нашай краіны, прырастала.

Можна згадаць пра сусветны кангрэс славістаў, альбо правядзенне чэмпіянату свету па хакеі. Менавіта гэта спартыўнае мерапрыемства стала рэвалюцыйнай вяхой у развіцці турызму як паўнацэннай галіны эканомікі Беларусі. Была створана і забяспечана адпаведнай інфраструктурай і сэрвісам пляцоўка для таго, каб прымаць вялікую колькасць гасцей. Тады тысячы замежнікаў адкрылі для сябе нашу краіну. У свеце з'явілася новая турыстычная дэстынацыя. Штогод ішло нарастанне дзелавой актыўнасці па розных галінах. Сусветны з'езд эколагаў, міжнародны кангрэс анколагаў, пасяджэнне сусветнай электратэхнічнай камісіі, сусветны кангрэс удзельнікаў касмічных палётаў, Другія еўрапейскія гульні... Гэтыя і многія іншыя міжнародныя мерапрыемствы ўплывалі на фарміраванне іміджу Беларусі.

Шмат намаганняў прыкладалася, каб завабіць на нашу тэрыторыю гасцей з Кітая. За апошнія гады Кітай стаў краінай нумар адзін па імпарце сваіх турыстычных магчымасцяў, прычым да пандэміі назіраўся штогадовы прырост турыстаў. Так, у 2019 годзе па свеце раз'язджала звыш 120 мільёнаў падарожнікаў з Паднябеснай, і немалую долю тут займалі дзелавыя турысты. У Кітаі існуе дзяржаўнае рэгуляванне і заахвочванне буйных кампаній, якія праводзяць дзелавыя мерапрыемствы за мяжой. Гэта лічыцца прапагандай кітайскай навукова-тэхнічнай думкі, дасягненняў.

У 2019 годзе Беларусь паспела арганізаваць самую буйную ў гісторыі турызму нашай краіны дзелавую сустрэчу. Адна з найбуйнейшых кітайскіх кампаній абрала нашу краі-
ну, як пляцоўку для свайго карпаратыўнага мерапрыемства, якое доўжылася на працягу двух тыдняў. Было абслужана дзве з паловай тысячы турыстаў. Да гэтага ніколі адначасова такую групу гасцей Беларусь яшчэ не прымала, было задзейнічана 58 аўтобусаў розных кампаній
12 рэстаранаў.

Планы — засталіся

Як прызнаўся Аляксей Стрэльчанка, ад планаў, якія да пандэміі ставілі нашы туркампаніі на 2020 год, перахоплівала дух. Але ўсё перарваў каранавірус. І, тым не менш, менавіта на дзелавы турызм, на яго думку, варта рабіць стаўку. Яго магчымасці больш высокія, чым іншых сегментаў турэканомікі. Так, апошнія сезоны паказалі, што пры закрытых межах актыўна пачаў развівацца ўнутраны турызм. Людзі шукаюць і знаходзяць для адпачынку замену традыцыйным маршрутам. А дзелавым падарожжам пакуль альтэрнатывы няма. Для развіцця эканомікі неабходны абмен думкамі, навукова-тэхнічнымі дасягненнямі, напрацоўкамі.

У анлайн-рэжыме паўнавартасна гэта рабіць пакуль не атрымліваецца. Для МІСЕ-аператараў прыезд гасцей — магчымасць атрымаць даходы і даць зарабіць іншым кампаніям, якія гатовы забяспечваць транспартнае суправаджэнне, харчаванне, арганізацыю забаўляльных мерапрыемстваў.

Адзін з неабходных крокаў для развіцця дзелавога турызму — стварэнне Нацыянальнага кангрэснага бюро. Плануецца, што ў наступным годзе такая структура выйдзе на інфармацыйнае поле. Яна павінна стаць «адным акном» для заказчыкаў з усяго свету, якім патрэбны звесткі пра турыстычны патэнцыял краіны, пляцоўкі для дзелавога турызму. Нават у неспрыяльных эпідэміялагічных умовах працягваецца работа над турпрадуктамі. Нашы цэнавыя прапановы на паслугі размяшчэння больш прывабныя, чым у традыцыйных краінах для МІСЕ-турызму, бязвіз пасля прыбыцця ў Мінск і абласныя цэнтры, стварэнне ў рэгіёнах сучасных гатэляў і комплексаў павінны спрыяць развіццю галіны, калі эпідэмія саступіць. Важна ўлічваць, што ў бізнес уцягваецца ўсё больш моладзі, якая гатова наладжваць кантакты па ўсім свеце. Але праз яе занятасць і кароткія адпачынкі ў такога кантынгенту пазнанне іншых краін пачынацца якраз можа з дзелавых паездак. Трэба пралічваць, якія паслугі можна дадаткова прапаноўваць дзелавым гасцям і як ім падаваць інфармацыю аб магчымасцях для больш працяглага адпачынку ў Беларусі ў далейшым.

На думку Аляксея Стрэльчанкі, неабходна развіваць дзяржаўна-прыватнае партнёрства, калі дзяржава частку сваіх функцый у той ці іншай галіне можа перадаваць грамадскім інстытутам і тым самым зніжаць выдаткі і ствараць умовы для творчага развіцця бізнесу. Менавіта па такім шляху развіваецца кангрэс-бюро ў Расіі. Там гэта грамадская арганізацыя-асацыяцыя, якая аб'ядноўвае прадстаўнікоў розных відаў дзейнасці. Асобныя структуры адказваюць за маркетынг тэрыторый, менеджмент прадпрыемстваў, сэрвіс і паслугі. А разам яны ствараюць якасныя і разнастайныя прапановы для турыстаў. Беларусь ужо мае вопыт кластарных аб'яднанняў, якія прапаноўваюць пэўны спектр паслуг на невялікіх тэрыторыях, і гэты вопыт варта пашыраць.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».