Вы тут

Чаканне дальнабойшчыкаў. На граніцы сабраліся тысячы фур


Як вядома, пандэмія каранавіруса запаволіла рух тавараў і паслуг па ўсім свеце. Здараюцца ў сусветнай лагістыцы і надзвычайныя здарэнні — накшталт затору ў Суэцкім канале. Усё гэта аб'ектыўныя цяжкасці, да якіх вытворцы і перавозчыкі ставяцца з разуменнем. Вядома, пры гэтым страт не пазбегнуць, але што тут паробіш.


Фота: БелТА

Іншая справа, калі бар'еры ствараюцца штучна, праз дзеянні асобных краін. У прыватнасці, непераадольная і крыўдная для вытворцаў і перавозчыкаў перашкода, якая ўзнікла для транспарту, які перамяшчаецца праз беларускую граніцу. І гаворка тут ідзе пра тысячы вялікагрузаў, не кажучы пра іншы транспарт, і інтарэсы дзясяткаў краін.

Сітуацыя набывае крытычныя абрысы. Больш за 4,5 тысячы вялікагрузных аўтамабіляў сабралася на граніцы ў беларускіх пунктах пропуску, чакаючы выезду ў Латвію, Літву і Польшчу. Такія даныя апублікаваў учора Дзяржаўны пагранічны камітэт у сваім тэлеграм-канале.

«Колькасць грузавікоў, якія чакаюць уезду ў ЕС перад беларускімі пунктамі пропуску, прадаўжае расці. За мінулыя суткі толькі два з дзевяці еўрапейскія пункты пропуску на граніцы з Беларуссю выканалі дамоўленасці па афармленні грузавога транспарту», — адзначылі ў пагранкамітэце.

Па даных ведамства, найбольш загружаным застаецца літоўскі напрамак. Сваёй чаргі выехаць у Літву чакалі 2450 фур. Як растлумачылі ў ДПК, напрыклад, праз пункт пропуску «Мядзінінкай» (з беларускага боку — «Каменны Лог») у ЕС прайшло ўсяго 249 фур, што ўдвая менш прапускной здольнасці гэтага пагранпераходу. Таксама ўчора стала вядома, што літоўскі бок часова не афармляе транспарт у «Мядзінінкаі». Аб гэтым БелТА паведамілі ў Гродзенскай рэгіянальнай мытні. «Сумежным бокам часова не ажыццяўляецца афармленне транспартных сродкаў з-за адсутнасці інтэрнэту», — распавялі ў мытні.

«Нягледзячы на тое, што праз латвійскія пагранпераходы за мінулыя суткі транспарт уязджаў у ЕС без затрымак, на гэтым напрамку захоўваецца вялікая колькасць фур», — адзначылі ў Дзяржпагранкамітэце. Там удакладнілі, што ў чэргах на выезд у Латвію стаяла 906 вялікагрузаў.

У пунктах пропуску на польскім напрамку сабралася 1200 грузавікоў. У ДПК нагадалі, што ў сувязі з закрыццём пункта «Кузня Беластоцкая» польскі бок істотна знізіў прапускную здольнасць на ўсім напрамку.

У Дзяржпагранкамітэце таксама ўдакладнілі, што беларускі бок афармляе грузавы транспарт без затрымак, аб чым сведчыць адсутнасць чэргаў на ўезд у Беларусь. «Прымаюцца ўсе неабходныя меры, накіраваныя на выкананне норм па пропуску транспартных сродкаў у двухбаковым пагадненні. У прыватнасці, за апошнія суткі ў пункце пропуску «Казловічы» на ўезд прынята больш за 1100 транспартных сродкаў. У Польшчу ж іх колькасць паменшылася на 20 працэнтаў», — паведаміў тэлеканалу СТБ першы намеснік начальніка Брэсцкай мытні Аляксандр Вайцяхоўскі.

Колькасць грузавога транспарту, які чакае ўезду ў краіны ЕС, павялічылася на 30 працэнтаў. Такія даныя паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце, калі параўналі лічбы на пачатак гэтага і мінулага тыдняў. У чым жа прычына?

«Нежаданне сумежных краін ЕС у поўным аб'ёме выконваць дамоўленасці па пропуску грузавікоў з'яўляецца асноўнай прычынай вялікай колькасці транспарту перад беларускімі пунктамі пропуску», — падкрэслілі ў ДПК. Як адзначылі ў ведамстве, кантрольныя службы двух польскіх пагранпераходаў, якія функцыянуюць, выканалі дамоўленасці па пропуску фур толькі на 70 працэнтаў. Акрамя таго, закрыццё пагранперахода «Кузніца Беластоцкая» прывяло не толькі да істотнага зніжэння прапускной здольнасці, але і да павелічэння нагрузкі на суседніх альтэрнатыўных маршрутах у ЕС. «Беларускі бок (пункт пропуску «Брузгі») гатовы ў любы момант пачаць афармленне асоб і транспарту. Аб гэтым паведамілі Польшчы яшчэ 19 лістапада», — канстатавалі ў Дзяржпагранкамітэце.

Стала вядома, што раней расійскі Кансультатыўны савет па замежных інвестыцыях (у яго ўваходзяць такія кангламераты, як Danone, Mars, Metro, PepsіCo, Sanofі, Coca-Cola, Unіlever і іншыя) папрасіў першага віцэ-прэм'ера РФ Андрэя Белавусава дапамагчы ў вырашэнні праблем з транзітам грузаў праз Беларусь. Далейшы простой фур (дзень прастою адной машыны абыходзіцца мінімум у €500) або змяненне маршрутаў руху пагражае таварным дэфіцытам і ростам цэн, у тым ліку на тавары першай неабходнасці, напярэдадні Новага года.

Ударыць такая сітуацыя і па транспартных кампаніях. Напрыклад, у Літве больш за 150 адпаведных прадпрыемстваў разарылася, а фінансава моцныя імкнуцца пайсці пад юрысдыкцыю любой суседняй дзяржавы, каб не мець спраў з урадам Літвы і дзяржструктурамі, якія працуюць у яго інтарэсах. Перад намі праблема не транспартнага, а палітычнага характару заўважае Baltnews. «Ваенна-акопная рыторыка павінна знікнуць са знешняй палітыкі. Ніколі яна не прыносіла поспехаў, не прынясе і сёння», — заўважыў дэпутат літоўскага сейма Гінтаўтас Палуцкас. Важна, каб гэта зразумелі тыя, хто стварае перашкоды. Інакш разам з бежанцамі да граніцы падыдуць і змучаныя шматдзённымі чэргамі дальнабойшчыкі.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.