Вы тут

Рыбінск — горад хлебны


Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча ў Цэнтральнай Расіі традыцыйна звязваецца з Ніжнім Ноўгарадам і Яраслаўлем. Для гэтага ёсць усе падставы. Вызначэнне іншых локусаў — не толькі пашырэнне сямейнай геаграфіі, але і ўзбагачэнне новымі фактамі гісторыі беларуска-расійскіх культурных кантактаў.


Касцёл у Рыбінску. 1910-я гг.

Рыбінск — другі па велічыні горад у Яраслаўскай вобласці. Размешчаны на Волзе, за 80 км ад абласнога цэнтра. У пачатку ХХ ст. гэта купецкі поліс, які разбагацеў за кошт выгаднага геаграфічнага знаходжання, славутай хлебнай біржы.

Віленскае рэха

Буйны, дынамічны гандлёвы цэнтр вабіў прадстаўнікоў розных веравызнанняў. Рыбінск адносіўся да Ціраспальскай епархіі Магілёўскай мітраполіі рымска-каталіцкай царквы. У 1910 г. тут быў узведзены неагатычны касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса, адзіны каталіцкі храм у Верхнім Паволжы. Майстры запрошаны з Мінскай губерні.

Грошы паступалі з гістарычнай радзімы мясцовых каталікоў, збіраліся сярод месцічаў. Вялікую ролю ў арганізацыі будаўніцтва, зборы сродкаў адыграў святар Іосіф Бародзіч. Пасля заканчэння Віленскай каталіцкай семінарыі пастырскую службу ён нёс у Лідзе, Троках, Даўгелішках, Гродне, Вільні. Займаўся будаўніцтвам храмаў у Клюшчанах і Міёрах.

Верш М. Багдановіча «Касцёл св. Анны ў Вільні» напісаны ў 1911—1912 гг., пасля наведання паэтам былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, знаёмства з архітэктурай горада і ўнікальнай калекцыяй беларускіх артэфактаў, сабранай Іванам Луцкевічам:

Каб залячыць у сэрцы раны,

Забыць пра долі цяжкі глум,

Прыйдзіце да касцёла Анны,

Там знікнуць сцені цяжкіх дум.

Прыкладна ў час узвядзення касцёла ў Рыбінску пачыналася журналісцкая дзейнасць паэта. Падзея была настолькі гучная, што М. Багдановіч проста не мог пра яе не чуць. Варта ўважліва папрацаваць з яраслаўскімі (і не толькі) выданнямі, з якімі паэт супрацоўнічаў.

У самім Рыбінску друкарская справа, выхад перыёдыкі былі арганізаваны яшчэ ў 1860-х гг. На пачатку ХХ ст. вядучае гарадское выданне — «Вестник Рыбинской биржи» (1902—1917), грамадская, гандлёва-прамысловая і літаратурная газета.

Браты Залатаровы (злева направа): Аляксей, Мікалай, Давыд, Сяргей. Рыбінск (?). Пачатак ХХ ст.

Радзіннае, сяброўскае, творчае

Горад Рыбінск — родавае гняздо Залатаровых і Дзябольскіх, многія з якіх потым перабраліся ў Яраслаўль. Асобныя прадстаўнікі гэтых знакамітых сем’яў уваходзілі ў кола найбліжэйшых сяброў і знаёмых М. Багдановіча, паспрыялі развіццю некаторых тэм, вобразаў і сюжэтаў у творчасці беларускага паэта, садзейнічалі захаванню памяці пра яго. Дзякуючы гэтым сувязям з’явіліся на свет верш-пасланне «Д. Д. Дзябольскаму», вершаванае апавяданне «Вераніка», іншыя творы.

Галава сям’і Залатаровых — Аляксей Аляксеевіч — праваслаўны святар, протаіерэй Спаса-Праабражэнскага сабора ў Рыбінску, меў пяцёра дзяцей: чатырох сыноў і адну дачку.

З Аляксеем Залатаровым (малодшым), пісьменнікам і краязнаўцам, М. Багдановіча звязвалі агульная цікавасць да пытанняў культуры і гісторыка-літаратурнага працэсу. У архіве паэта захоўвалася паштоўка, адрасаваная сябру, у 1923 г. перададзеная ў Мінск разам з іншымі дакументамі і рукапісамі. А. Залатароў напісаў успаміны пра М. Багдановіча, поўны тэкст якіх страчаны разам з усім архівам паэта ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Знаёмства з этнографам і антраполагам Давыдам Залатаровым адбылося на кватэры Дзябольскіх у Яраслаўлі. У газеце «Голос» ад 21 чэрвеня 1915 г. быў надрукаваны невялікі аглядны артыкул  аўтара «Вянка», прысвечаны пятаму нумару часопіса «Русский экскурсант», у якім сярод іншага была адзначана справаздача Д. Залатарова «Аб першым з’ездзе выкладчыкаў геаграфіі ў Маскве».

Філосаф Дзіядор Дзябольскі нарадзіўся ў Рыбінску ў сям’і міравога суддзі. Дзед па лініі маці — Юліян Смаленскі — быў ганаровым грамадзянінам горада.

Марыя Залатарова (справа) і Людміла Томасан. Гродна, 1909 г.

У творчай спадчыне М. Багдановіча заўважна вылучаецца вершаванае апавяданне «Вераніка». Эпіграфам да яго паслужылі словы Джавані «Яна — выдумка маёй галавы», якія ў будучыні істотна ўскладнілі даследчыцкія пошукі прататыпа. Дзіядор Дзмітрыевіч адным з першых выказаўся на гэты конт, напісаў пра сваю маленькую пляменніцу Вераніку, з якой Максіма звязвалі вельмі цёплыя стасункі.

Маці Веранікі — Аляксандра Залатарова — сястра Дзіядора Дзябольскага і жонка Давыда Залатарова. Да моманту знаёмства з М. Багдановічам вучылася на Вышэйшых жаночых (Бястужаўскіх) курсах у Пецярбургу. Месцам летняга адпачынку прадстаўнікоў абедзвюх сем’яў была вёска Кісяліха паблізу Рыбінска. Тут асабліва любіла бавіць час маленькая Вераніка.

Ад берагоў Волгі да Нёмана

Жыццёвыя шляхі вялі выхадцаў з Рыбінска не толькі ў цэнтр губерні або сталічныя ўніверсітэты, але і наўпрост прыводзілі ў родныя мясціны будучага класіка беларускай літаратуры. У пачатку ХХ ст. Марыя Залатарова, сястра Давыда і Аляксея, працавала ў Марыінскай жаночай гімназіі г. Гродна, пра што сведчаць архіўныя матэрыялы з фондаў Рыбінскага музея-запаведніка. 

Пасля заканчэння Бястужаўскіх курсаў у Пецярбургу (1906) М. Залатарова выкладала ў гімназіях Гродна, Духаўшчыны (Смаленскі край) і Разані.

У 1907 г. выйшла замуж за свайго земляка, юрыста Аркадзя Сырамятнікава, рэвалюцыянера, члена бальшавіцкай фракцыі РСДРП з 1904 года.  У савецкі час Марыя Сырамятнікава — супрацоўніца Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва СССР (Масква), а таксама збіральніца і захавальніца дакументальных збораў сям’і Залатаровых.

Біёграфам добра вядома, як уважліва ставіўся М. Багдановіч да любых вестак з роднага краю. У горадзе над Нёманам спачыла яго маці. Не выключана, што М. Залатарова (Сырамятнікава) была своеасаблівым звенчаком памяці паэта пра гады маленства і сямейнага шчасця.

Будынак былой Рыбінскай біржы. Сучасны выгляд.

Адам Багдановіч і… «Лявоніха»

Рыбінскае навуковае таварыства, заснаванае яшчэ ў 1909 г., пры савецкай уладзе ўступіла ў новы перыяд сваёй дзейнасці, гвалтоўна згорнутай у 1930-м. У 1920 г. арганізацыю ўзначаліў Аляксей Залатароў, выкладчык прамыслова-эканамічнага інстытута.

У 1920—1929 гг. у Рыбінску праводзіліся краязнаўчыя з’езды, у якіх бралі ўдзел не толькі мясцовыя энтузіясты, але і прадстаўнікі вядучых навуковых і культурна-асветніцкіх устаноў Савецкага Саюза.

Адам Багдановіч запомніўся на гэтых форумах не толькі як аўтар дакладаў «Навуковыя бібліятэкі ў Яраслаўлі» і «Этнічны склад насельніцтва Верхняга Паволжа». У занатоўках Мікалая Анцыферава, спецыяліста па гісторыі Санкт-Пецярбурга, арганізацыі экскурсійнай справы, чытаем наступнае:

«Памятаецца, гэта было ў жніўні 1926 года. У Рыбінску, адным з цэнтраў краязнаўчага руху, адбыўся з’езд яраслаўскіх краязнаўцаў, арганізаваных выдатным энтузіястам-знатаком А. А. Залатаровым. На з’ездзе былі заслуханы цудоўныя даклады, а пасля заканчэння з’езда — сяброўская вечарына.

На вячэры гучалі прамовы пра будучыню краязнаўства. Я звярнуў увагу на моцнага, каржакаватага аратара, палкага, але не шматслоўнага. Ён насіў вусы, якія спускаліся да падбародка, але не доўгія, і валасы яго спускаліся на шыю, але не да плячэй. І танцаваў ён хвацка “Лявоніху”, народны танец беларусаў. Гэта быў Багдановіч — бацька вядомага беларускага паэта».

У часопісе «Краеведение» (1927, № 1) змешчаны артыкул Аляксея Залатарова «Вынікі сямі Рыбінскіх краязнаўчых з’ездаў». Візуальным суправаджэннем у ім стаў калектыўны здымак удзельнікаў сёмага форуму, на якім даволі лёгка пазнаць прадстаўнічага з выгляду Адама Багдановіча.

Хлебная скарбніца ў пачатку ХХ ст., Рыбінск і ў ХХІ ст. гатовы падзяліцца назапашаным інтэлектуальным спажыткам з усімі зацікаўленымі гісторыяй, краязнаўствам, творчасцю вечна маладога беларускага паэта.

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук.

Фота з фондаў Рыбінскага музея-запаведніка

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.