Вы тут

Экаблогер Крысціна Дубнавіцкая: Экалогія — гэта стыль жыцця


Экаактывізмам займаюцца па закліку сэрца — тут няма ніякіх абмежаванняў па полу і ўзросту, расе і рэлігіі, адукацыі і сацыяльнай прыналежнасці. Чым раней пачаць цікавіцца праблемамі навакольнага асяроддзя, тым больш шанцаў дапамагчы нашай планеце. Многія маладыя людзі практыкуюць усвядомленае спажыванне і экалагічны лад жыцця, як, напрыклад, экаблогер, экаактывістка, заснавальніца курсу «Zelena» Крысціна Дубнавіцкая. Дзяўчына распавяла пра свой «зялёны» шлях, матывацыю, экаблогерства і падзялілася парадамі для тых, хто толькі пачаў цікавіцца экалогіяй.


— Як ты прыйшла да экалагічнага шляху?

— Гэта адбылося больш за тры гады таму. Я заўсёды вельмі любіла прыроду, вяла іnstagram-акаунт, дзе выкладвала фотаздымкі лясоў, палёў, раслін. Але ў той жа час піла каву, чай з аднаразовых кубачкаў, бо не ведала, што гэта можа неяк шкодзіць. Інфармацыі па гэтай тэме раней было мала. Паваротным момантам паслужыў мой лайфстайл-блог. Са мной супрацоўнічалі кампаніі, якія займаюцца дэкаратыўнай касметыкай, дасылалі шмат б’юці-боксаў, і я іх рэкламавала. Але аднойчы я паглядзела на вялікую колькасць непатрэбнай касметыкі і зразумела, што такі тып спажывання мне не блізкі.

— А хто такі экаблогер?

— Для мяне гэта чалавек, які піша пра праблемы навакольнага асяроддзя, пра тое, як знізіць сваё шкоднае ўздзеянне на яго. Рабіць штосьці на карысць прыроды — ганаровая справа для экаблогераў. У нас няма канкурэнцыі, бо ёсць агульная мэта — мы хочам, каб прырода была чысцейшай і праблемы экалогіі вырашаліся. Для мяне гэта вельмі шмат значыць. Я сябрую з многімі экаблогерамі (усміхаецца), і мы заўсёды падтрымліваем адзін аднаго.

— Які твой самы любімы пост?

— Пра тое, колькі ў свеце вырабляецца аднаразовых пластыкавых бутэлек. Калі я даведалася пра гэтую колькасць, мне стала не па сабе. За адну хвіліну іх выпускаюць 1 млн, а за адну секунду — 20 тысяч. Вы толькі ўявіце!

— Хто такія экаактывісты ў нашай краіне?

— Гэта часцей за ўсё вельмі адукаваныя, усвядомленыя маладыя людзі, якія ікмнуцца шукаць аб’ектыўную інфармацыю. Яны сочаць за сваім здароўем, як і я, займаюцца спортам, ёгай. Мне вельмі падабаецца цяперашняя наша моладзь.

— Чым канкрэтна ты займаешся ў сферы экалогіі?

— Я распаўсюджваю інфармацыю пра экалагічна правільны лад жыцця, пра праблемы, звязаныя з навакольным асяроддзем. У рускамоўнай прасторы раней было вельмі мала звестак па гэтай тэме, але за тры гады майго экаблогерства, вядома, стала больш, і гэта вельмі радуе. Таксама ўдзельнічаю ў многіх акцыях, праектах, займаюся валанцёрствам. Нядаўна, напрыклад, дапамагала садзіць дрэвы ў Валожынскім раёне. А зараз у мяне свой праект з падтрымкай падпісчыкаў-валанцёраў. Ён інфармацыйны, з парадамі пра тое, як жыць экалагічна.

— Раскажы, калі ласка, пра свой праект.

— Курс «Zelena» складаецца з 365 парадаў на кожны дзень пра тое, як стаць экадружалюбным. Дзякуючы яму можна зразумець, як простымі дзеяннямі дапамагчы планеце. Курс будзе праходзіць у снежні на пляцоўцы Telegram. Ён будзе платным, але сума можа быць любой. Грошы пойдуць на дабрачыннасць, напрыклад, у прытулак для катоў і сабак. Усе справаздачы таксама будуць абавязкова публікавацца.

— Чаму для цябе так важна весці экалагічны лад жыцця?

— З таго моманту, як даведалася пра праблемы навакольнага асяроддзя, я зразумела, што жыць як раней ужо не змагу. Цяпер не магу пісаць ні пра што іншае, бо яно перастала быць такім важным. Раней я распавядала пра кавярні, пра апрацоўку фатаграфій і пра шмат што яшчэ. Пасля прыйшло ўсведамленне, што хачу пісаць пра больш значныя рэчы.

— Ці паўплывала тваё стаўленне да экалогіі на сяброў, знаёмых? 

— У пачатку шляху ў маім асабістым светаўспрыманні адбываліся рэзкія змены, фарміраваліся новыя звычкі. Думаю, гэта няправільна, бо такі пераход адымае шмат сіл, энергіі і выклікае стрэс. Магу параіць станавіцца на «зялёны» шлях паступова. Практычна ўсе, з кім я маю зносіны, падпісаныя на мой блог і ад мяне ўпершыню даведаліся пра праблемы навакольнага асяроддзя. Многія пачалі сартаваць адходы. Галоўнае — гэта разумець, што пачынаць трэба з сябе і сваім прыкладам падштурхоўваць іншых да станоўчых зменаў. Важна не праяўляць агрэсію, не абражаць, не даводзіць да канфліктаў, бо такія спосабы дэструктыўныя — чалавек пачынае абараняцца, а не мяняцца.

—Ці часта адмаўляешся ад чагосьці, каб не нашкодзіць планеце?

— Чалавек павінен думаць: «Што я магу зрабіць?», шукаць баланс. Мы не можам існаваць на планеце, не спажываючы яе рэсурсаў, — гэта трэба прыняць. І мы не павінны адмаўляцца ад усіх дабротаў. Але было б класна прыйсці да цыркулярнай эканомікі. Гэта эканоміка, заснаваная на аднаўляльных рэсурсах. Калі вы можаце штосьці зрабіць — зрабіце. Калі можаце сартаваць паперу — сартуйце, можаце яшчэ і пластык — выдатна. Не трэба гнацца за ідэаламі, ва ўсім сабе адмаўляць. Галоўнае — прыйсці да гармоніі.

— А якія эказвычкі, з твайго пункту гледжання, павінен мець кожны чалавек?

— Трэба, каб людзі глядзелі па сваіх магчымасцях. Найперш неабходна сартаваць адходы. Сартаванне, да ўсяго, — гэта яшчэ і важны крок, каб перагледзець сваё спажыванне. Абавязкова закрываць кран, калі чысціш зубы. Больш хадзіць пешшу.

— Як ты лічыш, якая з сённяшніх экапраблем самая маштабная? І як яе вырашыць?

— Усе праблемы звязаныя паміж сабой, але калі вылучаць адну — гэта павелічэнне канцэнтрацыі вуглякіслага газу ў атмасферы. З-за гэтага адбываецца шмат праблем: растаюць леднікі, павышаецца ўзровень мора, акісляецца акіян. Там цэлы каскад узаемазвязаных рэчаў. Рашэнне — павелічэнне энергаэфектыўнасці і пераход на аднаўляльныя крыніцы энергіі.

— Ці паляпшаецца, на тваю думку, сітуацыя ў навакольным асяроддзі?

— Калі глядзець увогуле — некалькі гадоў таму не так шмат гаварылі пра навакольнае асяроддзе, глабальную змену клімату і экалогію. Цяпер гэтым пытанням надаецца больш увагі. Галоўнае разумець, што кожнае наша карыснае для прыроды дзеянне, напрыклад, паход у магазін са сваёй авоськай — гэта паляпшэнне сітуацыі. Па ўсім свеце адбываюцца вялікія змены. Напрыклад, цяпер некаторыя кавярні прапануюць зніжку пакупнікам, калі яны прыходзяць са сваім кубачкам, а ў офісе, дзе я працую, уведзены раздзельны збор адходаў. Гэта выдатная тэндэнцыя, і я спадзяюся, што яна будзе пашырацца.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ

Фота з архіва гераіні

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.