Вы тут

Ад якіх хвароб дапамагае вядомая крыніца Грамякі


У крыніцы, якая знаходзіцца паміж азёрамі Крывое і Вешняе, што на Пастаўшчыне, назва гручная. Скажуць:«Грамякі», і адразу пачуеш, як нешта грымнула і пакацілася, падскокваючы і спатыкаючыся. Але на самой справе тут больш цішыні — той цішыні, якой суправаджаецца і спякота летняга дня, і суворы зімовы парадак.


Каб знайсці схаваную сярод азёраў ды ўзвышшаў крыніцу, трэба з’ехаць з бальшака Сарокі—Норыца, сярпом абагнуць высокі пагорак, спусціцца ў лагчыну. Там — сонечная паляна сярод лесу і сцяны кустоўя, падпёртага ўзгоркам. Сустрэне цябе рад камянёў, адным выглядам сваім, строгім і маўклівым, суцішаючы нястрыманы смех, легкадумны вокліч.

Крыніца знаходзіцца прама пад касой горкай з камянямі. Звыклага вадазліву тут няма, таму адразу яе і не відаць. Круглы вадаёмчык, так званая ванна, а ў ім круцяцца, уздымаючы пясок, як дым, 11 віроў. Дно быццам дыхае. Суцішыцца ненадоўга вір, а потым зноў пачынаецца «закіпанне»: пясочны пухір, маленькі выбух — і вось ужо задыміліся, папаўзлі космы пяску ў розныя бакі, ствараючы і шырачы падводную горку. Менавіта так раскручвае свае спіралі Сусвет, варочаючы зоркамі, як гэтыя віры — пясчынкамі. 

Але ўся гэтая работа «курэння» некалькіх струмянёў — падводная. Хваляванне вады слаба прыкметнымі разводамі выходзіць на паверхню. Так, маючы вірлівае дно, крынічная чаша выглядае спакойнай, як і ўсё навокал.

Крыніца Грамякі адносіцца да лімнакрэннага тыпу. Дыяметр ванны — каля 10 м. Вада прэсная, празрыстая, вельмі халодная. Гэта гідралагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Існуе паданне, што крыніца не мае дна, і калісьці лепшых ваяроў разам з коньмі праз яе забіраў нябесны бог Грамяка ў сваё войска. Легенды пра язычніцкага валадара мала каго цешаць цяпер. У наш час крыніца асвечана ў гонар святога лекара Панцеляймона, і раз у год — у жніўні — тут праходзіць праваслаўнае свята.

У абсталяванні крыніцы ўвасобіліся як старажытная рэлігійная традыцыя, так і сучасная: сівыя валуны, як вартаўнікі-абаронцы, што трымаюць парадак і строй, а на адным з іх — выява хрысціянскага крыжа. Крыж і над самой крыніцай. Але нягледзячы на статус, прырода тут простая. І менавіта дакранаючыся да гэтай прастаты, душа чалавечая адчувае сваю ціхую ўрачыстасць. Будзіць роздум саюз цяжкіх нерухомых камянёў і бягучай вады — моцнай стрыманай волі і жывога няўрымслівага імкнення.

Ідуць і едуць да крыніцы круглы год, але больш наведвальнікаў летам. Часцей тут нешматлюдна, бывае, што і нікога няма.

Падыдзе да крыніцы чалавек, шырокім жэстам накладзе на сябе крыж і пастараецца хутка-хутка акунуцца з галавой. Ускалыхнецца вада, пашле блікі на берагі. І быццам усміхнуцца ў адказ суворыя камяні, зайграюць жывінкі ў цяністай лістоце. Якой урачыстасцю заззяе гэтае сціплае маленькае месца!

Апякаючы холад крыніцы страшны толькі першы раз, і пераадоленне гэтага страху вартае — выходзіш, умыты моцай. І цяпер з табой адбываецца нейкае другое таемства — ты здольны быць сасудам, у які ўліваюцца цішыня, шолахі, сонечныя блікі.

Ты ёсць прадаўжэнне неба, лесу, крыніцы, і таму сам становішся крыніцай празрыстага святла, стрыманай радасці. Цяпер твая гармонія поўніць прастору вакол.

Прыехаўшы ў студзені, не чакала ўбачыць крыніцу незамерзлай. Сярод заснулых пагоркаў і азёраў яна выглядала як нядрэмнае вока. Зімой побач з ёй лепш стаў прыкметны і другі вадаёмчык прыкладна такога ж памеру — другое нясплючае вока, толькі з-за не вельмі выразнай акругласці быццам прымружанае.

Ад чаго лечыць крыніца? Ад турботаў і мітусні, ад цяжкіх думак і ад легкадумнасці, ад жорсткасці, празмерных амбіцый і шмат яшчэ ад чаго. Не варта абмінаць.

Ала МАЙСЯЁНАК

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.