Вы тут

Сергеенка: «У рабоце з моладдзю трэба пазбаўляцца ад фармалізму»


Аб гэтым учора заявіў Ігар СЕРГЕЕНКА падчас пашыранага выязнога пасяджэння калегіі Адміністрацыі Прэзідэнта па пытаннях рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, якое адбылося на Мінскім аўтамабільным заводзе.


 

— Сёння ў нас 20 % насельніцтва — гэта маладыя людзі ва ўзросце да 31 года, — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — У нас выдатная моладзь. У кожнага пакалення — свой час, выклікі, праблемы, мода. Тым не менш, тая пераемнасць пакаленняў, якая зарадзілася ў ваенныя і пасляваенныя гады, яна працягваецца цяперашняй моладдзю. Можа быць, толькі ў іншых формах. Самае галоўнае — скарэкціраваць дзяржаўную маладзёжную палітыку як з улікам часу, так і пажаданняў моладзі. У нашай краіне нямала робіцца ў плане рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. І сёння мы гэта ўбачылі на Мінскім аўтамабільным заводзе, дзе клапатліва адносяцца да падрыхтоўкі спецыялістаў. Тут створаны ўмовы, каб людзі маглі атрымліваць дастойны заробак, рухацца далей, будаваць жыллё, ствараць сем’і.

Удзельнікі пасяджэння азнаёміліся з навучальным працэсам у Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы імя акадэміка Высоцкага, які знаходзіцца на тэрыторыі МАЗа і ў тым ліку для яго рыхтуе спецыялістаў. Пабывалі дэлегаты і непасрэдна ў цэхах флагмана айчыннага і сусветнага аўтапрама, дзе ўбачылі, як наладжана вытворчасць.

Пляцоўкай для выязнога пасяджэння Мінскі аўтамабільны завод быў абраны невыпадкова — сёння на прадпрыемстве працуе звыш 2500 супрацоўнікаў ва ўзросце да 31 года (каля 16 % ад агульнай колькасці аўтазавадчан). Маладыя супрацоўнікі МАЗа, у сваю чаргу, атрымалі ўнікальную магчымасць задаць пытанні прадстаўнікам улады. Моладзь цікавіла, калі яны змогуць паўдзельнічаць у будаўніцтве новага аўтобуснага завода, ці могуць разлічваць на статус маладога спецыяліста тыя, хто атрымліваў адукацыю за ўласныя сродкі. Хвалюе маладых супрацоўнікаў і развіццё сацыяльнай інфраструктуры на тэрыторыі Заводскага раёна: тут большасць з іх не толькі працуе, а і жыве.

Адказваючы на пытанне аўтазавадчан, ці атрымае каманда «МАЗ-СПОРТаўта», якая традыцыйна прадстаўляе нашу краіну на спаборніцтвах «Дакар-2022», статус нацыянальнай, Ігар Сергеенка паабяцаў узяць гэта на кантроль. «На прадпрыемстве закладзены грунтоўныя традыцыі, развіваецца аўтамабільны спорт ужо дзясяткі гадоў, — заўважыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Сёння хлопцы адстойваюць не толькі гонар прадпрыемства, а і нашай краіны. Наша каманда можа лічыцца нацыянальнай, ёсць пэўныя крытэрыі. Патрэбна гэтае пытанне вывучыць».

Па словах Ігара Сергеенкі, у рабоце з моладдзю трэба сыходзіць ад фармалізму, размаўляць з імі на іх мове. «І калі кажуць, што „мы ўпусцілі моладзь“, я з гэтым абсалютна не згодзен, — перакананы ён. — Сёння больш увагі трэба ўдзяліць выхаванню грамадзянскай, актыўнай патрыятычнай пазіцыі. Напярэдадні праводзіліся сацыялагічныя даследаванні. Мы бачым, што тэма абароны дзяржавы, службы ў арміі сёння крыху вастрэйшая, чым гэта было 20 гадоў таму. Не сакрэт, што многія маладыя людзі з’язджаюць на вучобу ў тую ж Польшчу, Расію. Гэтая тэма таксама патрабуе вырашэння. Не ў плане забарон, а ў плане павышэння ўзроўню адукацыйнага працэсу, прывабнасці застацца непасрэдна ў нашай краіне».

І ў такім кантэксце Мінскі аўтамабільны завод таксама паказальны. На прадпрыемстве актыўна рэалізоўваюцца праграмы па прыцягненні і падтрымцы маладых кадраў. Акрамя таго, МАЗам заключаны дагаворы з больш чым 20 установамі адукацыі нашай краіны аб узаемадзеянні і супрацоўніцтве па падрыхтоўцы кадраў, правядзенні і праходжанні практыкі. Рэгулярна тут павышаюць свой прафесійны ўзровень і сталыя супрацоўнікі.

Як расказаў начальнік аналітычнага аддзела Мінскага аўтамабільнага завода Аляксей СЛОНІМСКІ, працуючы на прадпрыемстве, ён упэўнены ў заўтрашнім дні. «Завод развіваецца, і моладзі цікава браць у гэтым непасрэдны ўдзел», — перакананы малады чалавек.
Намеснік начальніка аддзела фінансавых службаў, старшыня цэхавага прафсаюзнага камітэта Яўгенія ЧУДУК прыйшла на МАЗ па размеркаванні. Статус маладога спецыяліста скончыўся некалькі гадоў таму, але дзяўчына не збіраецца мяняць месца работы. «Наша прадпрыемства верыць у моладзь, дазвяляе быць упэўненымі не толькі ў заўтрашнім дні, а і ў найбліжэйшай будучыні», — лічыць яна.

Падчас пасяджэння былі абмеркаваныя найбольш вострыя праблемы маладзёжнай палітыкі, якія стаяць перад грамадствам. Канкрэтныя прапановы ў хуткім часе будуць рэалізаваныя.

— Беларусь на сабе адчувае ўсе рызыкі і пагрозы, якія нясуць сёння глабальныя працэсы, — падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар ЛУЦКІ. — У свеце разгарнулася жорсткая канкурэнцыя за чалавечыя рэсурсы, тэхналогіі і каштоўнасці. Лічбавая трансфармацыя, спажыванне, індывідуалізм, масавая культура і інфармацыйнае грамадства выпрабоўваюць на трываласць беларускую мадэль грамадскага развіцця, фактычна ламаючы генны код беларускага грамадства, для якога ўласцівыя традыцыйныя каштоўнасці, добразычлівасць, працавітасць і імкненне да справядлівага размеркавання даброт. Адсюль і будучыня нашай краіны залежыць ад таго, наколькі мы зможам умацаваць інтэлектуальны, сацыяльны, духоўны патэнцыял моладзі, нашага грамадства. Па сутнасці, ужо сёння мы павінны ў прамым сэнсе слова змагацца за нашу моладзь, за тое, каб маладыя людзі заставаліся на Радзіме і свядома працавалі на агульную карысць беларускай дзяржавы і грамадства.

Ігар Луцкі закрануў і тэму патрыятызму ў маладзёжным асяродку. «Пачуццё гонару за краіну адчувае каля 40 % старшакласнікаў, патрыётамі сябе лічыць трэцяя частка маладых людзей, — акцэнтаваў увагу ён. — І гэта пры тым, што суверэнітэт і незалежнасць у нашай краіне з’яўляюцца важнымі каштоўнасцямі. Сярод моладзі, на наш погляд, пераважаюць спажывецкія адносіны да дзяржавы. Асноўны запыт моладзі — стварэнне ўмоў для паспяховага жыцця, хуткай кар’еры і самарэалізацыі. Многія ставяць асабістыя інтарэсы вышэй за інтарэсы грамадства, а тэрміновую службу ўспрымаюць як страчаны час. Фіксуецца невысокая цікавасць да мінулага краіны, а таксама тэндэнцыя да яго абясколервання, выпустошвання сэнсаў. Калі мэтанакіравана не працаваць з моладдзю ў плане патрыятычнага выхавання, упусцім сітуацыю».

Як заўважыў міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА, сёння сацыялізацыя моладзі адбываецца пад уплывам інтэрнэту, сацыяльных сетак. «Зыходзячы з гэтага, сумесна з зацікаўленымі асобамі апрабоўваюцца і ўкараняюцца новыя падыходы да ўзаемадзеяння з моладдзю ў інфармацыйным полі, — расказаў міністр адукацыі. — Наладжана эфектыўнае супрацоўніцтва з блогер-супольнасцю з мэтай аб’яднання інфармацыйнай дзейнасці ўсіх зацікаўленых структур, якія працуюць з моладдзю».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».