Вы тут

Цуд жыцця, або Як навучыцца жыццялюбству


У дзень нараджэння Мішкі пяцігадовая Мялаша была шчаслівая. Яна яшчэ не зведала горычы ад чужога дабрабыту, якая апаноўвае некаторых людзей у хвіліны радасці блізкага. Дзяўчынка з нецярпеннем скакала каля свайго старэйшага брата, пакуль ён павольна распакоўваў свае падарункі, і захоплена войкнула, калі Мішка раскалоў шакаладнае яйка памерам з паветраны шарык, і адтуль высыпалася на стол мноства розных прысмакаў. Мішка шчодра дзяліўся сваім салодкім багаццем, перажываючы хвіліны радаснага захаплення ад такой колькасці любімых ласункаў.


Увечары, укладваючыся ў ложак, Мялаша задуменна спытала:

— Мам, памятаеш, ты казала, што маё свята будзе пасля дня нараджэння Мішкі. Значыць, заўтра?

— Не, маленькая. Твой дзень нараджэння будзе толькі восенню, а цяпер лета. Мы летам адпачываем у вёсцы. Восенню ты пойдзеш у садок, а Мішка і Ульянка ў школу — вось тады і будзем святкаваць.

— Але што мне рабіць зараз? — разгублена спытала Мялаша.

— Зараз час спаць, — адказала, усміхаючыся, я. — А заўтра ты прачнешся і пойдзеш у басейн,
будзеш гуляць у садзе, лазіць па дрэвах, забаўляцца з катамі і сабакам і лавіць разам з сястрой яшчарак. Зрэшты, усё, што табе захочацца.

— Я хачу дзень нараджэння!

— Але ж ты нарадзілася восенню, а дзень нараджэння святкуецца, калі ты з'явілася на свет. Увосень ападае лісце з дрэў, птушкі ляцяць на поўдзень, сонейка ўжо грэе не так моцна, як улетку...

— Значыць, на маё свята будзе холадна, і мы не будзем купацца ў басейне? — засмучана спытала дачка.

— Твой дзень нараджэння — самы шчаслівы дзень восені, я вельмі чакала з'яўлення такой цудоўнай дзяўчынкі ў нашай сям'і, — паспрабавала я падбадзёрыць дачку. — І мне той восенню не было холадна. Я піла рамонкавы чай, каб ты нарадзілася такая ж прыгожая, як кветачка, і апраналася цяплей, каб не растраціць тое цяпло, што ты дарыла, калі жыла ўва мне.

Мялаша не раз чула гісторыю свайго нараджэння, таму яна даволі хутка супакоілася і ў рэшце рэшт заснула.

Да гэтай размовы мы з ёй вярнуліся ўжо ў кастрычніку. Яна збірала ярка-жоўтае лісце клёна ў букецік па дарозе з дзіцячага садка дадому. І раптам войкнула.

— Мам, лісце ападае! Восень! Дзе мой дзень нараджэння?

Я адказала, што ўжо хутка, але малая не палічыла адказ вычарпальным. Потым я стала тлумачыць, што ў кожнай пары года па тры месяцы. Мялаша старалася запомніць і назвы месяцаў, і колькі ў іх дзён, і ў які з іх у яе дзень нараджэння. Але было відаць, што для яе тое проста словы і лічбы. Мне ж вельмі хацелася парадаваць малую і настроіць яе так, каб гэтае чаканне не было азмрочана сумам, а было зараджана радасцю і натхненнем.

Стала ёй расказваць, што само чаканне свята можна зрабіць вельмі вясёлым. Прачнуўшыся, ісці на кухню, дзе яе будзе чакаць любімы сняданак — чай з малаком і печывам, адзявацца ў садок
пад прыгожыя дзіцячыя песенькі, потым, рассякаючы лужыны самакатам, імчаць на аўтобусны прыпынак, а па дарозе дадому складаць цудоўныя восеньскія букеты...

— А можна яшчэ весела скакаць па лужынах, — працягнула Мялаша, улавіўшы сэнс таго, што
я хацела ў ёй абудзіць. — Можна бегаць за парасонам, які я не магу ўтрымаць падчас дажджу... Яшчэ лепш у двары скаціцца з горкі і трапіць прама ў лужыну або чакаць па вечарах Ульяну, каб яна са мной выразала фігуркі, ці гуляць з катамі ў дочкі-маці...

— Так! Кожны апалы лісцік, кожны пражыты дзень будзе набліжаць цябе да твайго свята, — сказала я. — А потым мы павесялімся на твой дзень нараджэння і пачнём чакаць Новы год, Каляды і дзень нараджэння Ульяны. Падчас чакання гэтых свят мы будзем катацца на санках па снезе, упрыгожваць наш дом і ёлку цацкамі і мішурой...

Мы пералічвалі любімыя радасныя падзеі нашага звычайнага жыцця ўсю дарогу дадому. Успомнілі ўсе святы і дні нараджэння нашай сям'і і тое, як весела можна бавіць час ад свята да свята. Мялаша ад гэтага адкрыцця была ў захапленні. А я ціха радавалася таму, што мая малая сталее і вучыцца любіць і бачыць цуд жыцця.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».