Вы тут

Нататкі новаспечаных вяскоўцаў. Іншае вымярэнне


У горадзе пастаянна карціць кудысьці бегчы, каб нічога не прапусціць, штосьці абавязкова купіць з рэчаў. Вяртаешся ў вёску, бы ў іншае вымярэнне. Тут адчуванне, што ў цябе ўжо ўсё ёсць.


А калі чагосьці і няма, то ўсё (калі не ўсё, дык дакладна многае) у тваіх руках. Так, хлеб, напрыклад, мы ўжо даўно не купляем у краме. Пяку яго два разы на тыдзень на 130-гадовай заквасцы. Бульбу ды іншую гародніну таксама вырасцілі самі. Летась гарбузы з уласнага агародзіка мы елі ажно да канца вясны. Сёлета таксама, думаю, хопіць надоўга.

Пасля таго як пераехалі жыць у вёску, дамовіліся з мужам дарыць адно аднаму на святы толькі тое, што нельга купіць за грошы. Світанкі, заходы сонца, спатканні «ўсляпую» (калі месца сустрэчы трымаецца ў сакрэце да апошняга), вершы, песні, рамантычныя сняданкі... Нядаўна сыну споўнілася тры гадкі, дык я яму ў падарунак спякла першы ў сваім жыцці торт «Медавік», а муж павесіў на тэрасе самаробныя драўляныя арэлі. Да гэтага гушкацца на арэлях хадзілі з малым на рэчку.

Малая Вуса — вёска зусім невялічкая. Тым не менш гэтым летам у нас каля рэчкі з'явілася сапраўдная зона адпачынку. Цяпер сюды прыязджаюць купацца нават з суседніх, больш буйных, вёсак.

А пачалося ўсё з ініцыятывы аднаго шматдзетнага таты, лецішча якога месціцца непадалёк ад нашага дома. Мікола змайстраваў вялікія арэлі, пясочніцу, столік з лавачкамі. Паблізу паставіў мангал, які зрабіў з дыска ад аўтамабільнага кола. Добры прыклад аказаўся «заразным» у добрым сэнсе. Неўзабаве побач з'явіліся імправізаваныя столік і зэдлікі з бярозавых калод. Іх на міні-трактары прывезла ўжо іншая сям'я. Талакой пачысцілі рэчку, абкасілі вакол траву. Тутэйшы ляснік па мянушцы Крума таксама далучыўся: пасадзіў абапал дзве лістоўніцы. Цяпер гэта любімае месца як старых, так і малых, якое нейкім дзіўным чынам з'яднала вяскоўцаў яшчэ больш.

Нам, дарэчы, таксама захацелася спрычыніцца да добрай справы. Вырашылі вясной пасадзіць там аўтэнтычную малінаўку. Каб праз колькі гадоў вусьляне, прыйшоўшы на рэчку, маглі бясплатна ласавацца сакавітымі яблычкамі.

Памятаеце ўсходнюю прытчу пра матылька, якога малады чалавек схаваў паміж далонямі? Ён запытаўся ў свайго настаўніка: «Скажыце, які матылёк у мяне ў руках: жывы ці мёртвы?» — «Усё ў тваіх руках», — адказаў мудрэц.

Дык вось, як толькі нашы людзі зразумелі, што ўсё ў іх руках, колькасць добрых спраў у вёсцы пачала множыцца ў геаметрычнай прагрэсіі. Алесь, сын бабулі Анюты, заліў цэментам вялікую яміну пасярод дарогі. А таксама вырашыў праблему з аварыйным перакрыжаваннем. Справа ў тым, што агароджа з глухога металапрофілю вакол яго агарода доўгі час цалкам закрывала агляд для аўтамабілістаў. З-за гэтага толькі мы ды нашы знаёмыя некалькі разоў ледзь не трапілі ў аварыю. Выязджаючы з другаснай дарогі, было зусім не відаць, ці едуць машыны па цэнтральнай. Вось Алесь і выразаў у сваім плоце некалькі вертыкальных шырокіх палосак-прасветаў.

Яшчэ адзін вусьлянін восенню адрамантаваў і пафарбаваў паклонны драўляны крыж на ўездзе ў вёску. І нават дамовіўся са святаром, каб той прыехаў яго асвяціць.

У суседняй з намі вёсцы Вялікай Вусе жыве майстар на ўсе рукі Пётр Глебка. Мы сям'ёй любім гуляць па яго прыгожым садзе. Амаль усе дрэвы ён вырасціў з насеннечка ці з галінкі. Заахвоціў паспрабаваць сябе ў гэтай справе і нас з мужам. Неяк абмовілася, што хачу набыць некалькі двухметровых туек, каб хутчэй мець жывую агароджу. Пётр усміхнуўся і сказаў: «А куды спяшацца?..»

Гэтую вясковую мудрасць я зразумела толькі праз два гады жыцця ў Вусьляндыі. Сапраўды, спяшаючыся, можна прапусціць штосьці вельмі важнае. А купленыя рэчы яшчэ не зрабілі нікога шчаслівым. Прынамсі надоўга.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.