Вы тут

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?


Спачатку анекдот. Свякроў тэлефануе нявестцы: «Ну, як там мой сыночак?» — «Ды як, як... Гарэлку п'е, па бабах швэндаецца!»... — «Ну, дзякуй богу, абы не хварэў!»


Заўважана, анекдоты пра свякруху і нявестку прыкметна злейшыя, чым пра цешчу і зяця. Чаму так адбываецца? Чаму лад паміж гэтымі жанчынамі цяжка дасягальны? Пры якіх умовах гэта магчыма? Разбіраемся разам з псіхолагам Таццянай Шарандай.

На сцежцы вайны

Старэйшае пакаленне яшчэ, напэўна, памятае той час, калі лічылася нармальным называць свякроў мамай. Сёння гэта ўжо анахранізм патрыярхальнага грамадства. Па словах псіхолага Таццяны Шаранды, 99 % яе кліентак катэгарычна супраць таго, каб карыстацца такім зваротам да маці мужа. Ды і сучасным свякрухам гэта не падабаецца.

— Адносіны са сваёй маці і свякрухай — гэта дзве зусім розныя гісторыі. З мамай звычайна дачка заадно, са свякрухай нявестка вельмі часта «ў контрах», таму што змагаецца за свайго мужчыну...

— Мы часта нават не заўважаем, як у сем'ях праграмуюць будучыя адносіны сваіх дзяцей, — падкрэслівае Таццяна Шаранда. — Напрыклад, маці кажа дачцэ: «Вучыся зарабляць, каб не залежаць ад мужа і ад яго радні. Свякроў — гэта не мама. Будзе ўвесь час «пілаваць». Ты вытрымаеш такое? Ды і навошта? Лепш сабраць рэчы і сысці ва ўласную кватэру». Хіба гэта не псіхалагічная ўстаноўка на будучыню? Ці варта здзіўляцца, што жанчына, выходзячы замуж, апрыёры настроена на вайну з мамай свайго спадарожніка?

Спецыялісты кажуць, што мужчына часта неўсвядомлена шукае сабе жонку, падобную на маці. Падабенства нявесткі і свякрухі можа толькі ўзмацняць напружанне паміж імі. Дапусцім, мужчына, выхаваны аўтарытарнай мамай, знаходзіць спадарожніцу жыцця з такім жа псіхатыпам. Наўрад ці паміж дзвюма ўладнымі жанчынамі ўсталююцца гарманічныя адносіны. Верагодней за ўсё, кожная з іх будзе імкнуцца да таго, каб мужчына скакаў пад яе дудку.

—Традыцыйна няпроста складваюцца адносіны нявестак са свякрухамі, якія гадавалі сыноў без мужчынскай падтрымкі, — адзначае псіхолаг. — Маці-адзіночкі, разведзеныя жанчыны ўкладаюць шмат сіл, часу, сродкаў у сваіх сыноў, часта ахвяруюць асабістым жыццём, калі патэнцыйныя спадарожнікі жыцця ставяць іх перад выбарам: альбо я, альбо сын. І вядома, ім цяжка бывае змірыцца з тым, што «дывідэнды» з іх укладаў здымаюць «шалахвосткі», якія ахамуталі іх цудоўных хлопчыкаў. Нездарма раней казалі: «Гадаваць сына — гэта гадаваць дрэва ў чужым садзе. Ураджай будуць здымаць іншыя».

Сярод шкодных свякрух дастаткова і замужніх, якія маюць аднаго сына, на якога яны глядзяць як на спадкаемцу фамільных «капіталаў», гаранта шчаслівай будучыні, звязанага з унукамі. Такія свякрухі прад'яўляюць вельмі высокія патрабаванні да выбранніц сваіх сыноў.

— А якія памылкі ва ўзаемаадносінах часцей за ўсё дапускаюць свякрухі і нявесткі?

— Галоўная памылка свякрух — іх упэўненасць у тым, што, улазячы ў маладую сям'ю і даючы парады, яны дзейнічаюць на карысць.

Ёсць катэгорыя жанчын, якія адкрыта гэтага не робяць, але яны небяспечны тым, што мякка сцелюць: рэгулярна запрашаюць сына да сябе на абеды, прыносяць разнасолы ў дом маладой пары і гэтак далей. Гэткі дакучлівы «клопат» з часам здольны разбурыць шлюб. Накшталт добрых намераў, якімі высцілаецца дарога ў пекла.

З боку нявестак канфлікты спараджаюцца часцяком праз іх стаўленне да мужа як да ўласнасці, на якую ніхто не мае права замахвацца, кіраваць якой яны хочуць аднаасобна і так, як лічаць патрэбным. Абедзве гэтыя пазіцыі дыктуюцца махровым эгаізмам жанчын.

Давайце жыць дружна

Прыклады добразычлівых адносін заўсёды тлумачацца блізкасцю светапоглядаў, уменнем супрацоўнічаць. Разумныя свякрухі і нявесткі паважаюць суверэнітэт адна адной, не парушаюць чужых межаў і ў карэктнай форме адстойваюць сваё. Яны ўмеюць дамаўляцца і не бачаць адна ў адной саперніц.

— Нявестка ж можа эфектыўна ўплываць на свякроў праз мужа. Невыпадкова кажуць: «Начная зязюля дзённую перакукуе».

— Паміж мужам і жонкай — велізарная колькасць нітак, што звязваюць, і разумная жонка абавязкова іх задзейнічае. Прывяду гісторыю з уласнай практыкі. Свякроў аддала двухпакаёвую кватэру сыну і нявестцы, а сама засталася ў іншай, крыху горшай. Пры гэтым у адсутнасць маладых прыходзіла да іх, перастаўляла мэблю, перакладала рэчы, мыла посуд. Быццам бы клапацілася. Але нявестка, зразумела, нервавалася з прычыны такіх паводзін, парушэння межаў. На прыёме я параіла маладой жанчыне будаваць сваё жыллё, патлумачыўшы мужу: гэта неабходна
ў інтарэсах яго любімай мамы.

І парада дала вынік. Муж падняўся з канапы, пачаў дзейнічаць. Яны пабудавалі трохпакаёвую кватэру, маме вярнулі яе аднапакаёвую. Сям'я не толькі не распалася з-за празмернага «клопату» свякрухі, але і нават умацавалася.

Жыць маладой сям'і ў любым выпадку лепш асобна, нават калі свякроў паладзіла з нявесткай. Дзве жанчыны на адной кухні — гэта выбухованебяспечная сітуацыя, якой трэба пазбягаць. Калі свякроў і нявестка першапачаткова не гатовыя да супрацоўніцтва, то чым менш яны кантактуюць, тым лепш для ўсіх. Але пры жаданні любыя напружанасці можна ліквідаваць. Стаўку хацелася б рабіць на свякрух — яны больш вопытныя, самі калісьці былі нявесткамі, павінны разумець маладых.

Калі маці зацікаўлена ў сямейным шчасці сына, яна здолее чым-небудзь ахвяраваць і выбудаваць правільную лінію паводзін. Дапусцім, нявестка пачынае маніпуляваць дзецьмі. Мудрая свякроў ніколі не стане ўключацца ў гэтыя «гульні». Памятаю паказальны выпадак. Унучка падзялілася з бабуляй: «Мама кажа: ты дрэнная гаспадыня, зусім не ўмееш гатаваць». «Ой, і праўда, трэба мне вучыцца», — адказала разумная бабуля. На жаль, такая рэакцыя — выключэнне. Нярэдка свякроў пры ўнуках пачынае паліваць брудам іх маці. Ну і хто ад гэтага выйграе?

— Якім, дарэчы, павінен быць удзел свекрыві ў выхаванні ўнукаў? Можна ёй перадаручыць дзяцей, калі нявестка, напрыклад, імкнецца хутчэй выйсці на працу?

— Маё цвёрдае перакананне — дзяцей павінны выхоўваць бацькі, а бабулі (і свякрухі, і цешчы) і

дзядулі павінны дапамагаць. Да мяне часта прыходзяць дарослыя, якія прызнаюцца: «Ведаю, што маму трэба любіць, але больш люблю бабулю, у якой жыў(ла) да школы і значна больш прывязаны(а)». У кожнага пакалення — свая сістэма выхавання, свае прыярытэты. Каб выбудаваць з дзіцем здаровыя адносіны, ім трэба займацца. Фарміраванне дзіцяча-бацькоўскай прыхільнасці асабліва важна ў дашкольны перыяд.

— Якую пазіцыю павінен заняць мужчына, каб мінімізаваць канфлікты паміж жонкай і мамай?

— Сфарміраваны мужчына не дазволіць кіраваць і маніпуляваць сабой. Ён будзе прысвячаць маме і жонцы столькі часу і ўвагі, колькі палічыць патрэбным. Яшчэ да жаніцьбы ён агучыць пазіцыю сваёй выбранніцы: наяўнасць жонкі — гэта не падстава, каб парваць з маці, ён будзе ёй дапамагаць і падтрымліваць, але гэта ніякім чынам не пойдзе на шкоду сям'і. Для сапраўднага мужчыны не праблема растлумачыць і маме, і жонцы, за якія чырвоныя лініі ім не варта пераступаць.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.