Вы тут

Гродзенскі тэхнапарк нарошчвае магутнасці і робіць стаўку на інавацыі


Цяпер тут зарэгістравана 16 рэзідэнтаў, якія маюць не толькі свае офісы, але і вытворчыя памяшканні. Такое стала магчыма пасля пуску другога корпуса Навукова-тэхналагічнага парка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Менавіта студэнты і супрацоўнікі ВНУ складаюць палову вытворчага патэнцыялу інавацыйнай пляцоўкі. І такі расклад невыпадковы. Плануецца, што ўніверсітэты могуць стаць драйверамі эканомікі рэгіёна і краіны ў цэлым.


І крокі ў дадзеным кірунку робяцца. З пускам другой чаргі Гродзенскі тэхнапарк з офіснага фармату пераходзіць на вытворчую базу. Многія ідэі генерыруе сам універсітэт.

На факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання ГрДУ распрацаваны і актыўна ўкараняецца ў вытворчасць шэраг цікавых праектаў. Дацэнт кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій факультэта Аляксандр Антонаў расказаў аб апошніх распрацоўках. З медуніверсітэтам вядзецца работа па вытворчасці пратэза тазасцегнавога сустава па індывідуальных заказах.

Сумесна з медыкамі распрацавана і ўкараняецца здымная насадка для гідравакуумаспірацыі, прасцей кажучы — для прачысткі горла. Яна неабходная пры лячэнні хранічных захворванняў. Супрацоўнік універсітэта звяртае ўвагу на матэрыял насадкі. Традыцыйны метал тут замянілі на палімер, што павышае бяспеку і зніжае кошт.

У інавацыйным кірунку вядзецца распрацоўка інструментаў для будаўнічай індустрыі. Напрыклад, дзюбель для замацавання панэляў паступае на экспарт, шмат заказаў ідзе з Расіі. А сельгасвытворцы паспелі ацаніць якасць плуга са спецыяльным пакрыццём. Дзякуючы яму, тэрмін эксплуатацыі агрэгата павялічваецца ў два-тры разы. Вытворцы ахвотна супрацоўнічаюць з навукоўцамі. Наладжаны цесныя сувязі з гродзенскімі прадпрыемствамі — «Белкардам», «Белдругпалімерам», «Белтапазам» і многімі іншымі.

На інжынерна-будаўнічым факультэце заняліся праблемай адходаў хімічнай вытворчасці. Старшы выкладчык кафедры будаўнічай вытворчасці Таццяна Булай прадэманстравала новы від прадукцыі, які можна атрымаць з серазмяшчальных адходаў. Вялікія аб’ёмы такога рэчыва ўтвараюцца на прадпрыемстве «Гродна Азот», іх прыходзіцца ўтылізаваць. Замест гэтага навукоўцы прапануюць пусціць яго ў ход.

Паколькі матэрыял утрымлівае больш як 90 % серы, ён з’яўляецца каразійна-ўстойлівым, не прапускае ваду, хутка схопліваецца, набірае шчыльнасць. З яго зручна ліць любыя архітэктурныя формы ці элементы. Калі нешта не атрымалася, можна хутка ўсё пераплавіць. Новы кампазіцыйны матэрыял асабліва прыдатны для пракладкі труб у моцным каразійным асяроддзі. Таксама можна вырабляць з яго кольцы калодзежаў, бардзюры, дахавыя матэрыялы, тратуарную плітку.

— Мы пакуль праводзім даследаванні ў лабараторыі, потым пачнуцца выпрабаванні, і толькі пасля іх можна ўкараняць у вытворчасць, — тлумачыць Таццяна Булай. — Напрыклад, спачатку трэба пакласці тую ж самую плітку і паглядзець яе ў дзеянні. Плануем зрабіць гэта на тэрыторыі прадпрыемства, дзе на яе можа трапіць кіслата. Гэта дасць дадатковыя гарантыі яе трываласці.

Увогуле, на «Гродна Азоце» зацікаўленыя, каб гэтыя адходы забіралі, бо іх тут ствараецца не адзін-два кілаграмы, а тысячы тон. А такіх прадпрыемстваў у краіне некалькі. Як адзначыла супрацоўнік універсітэта, сама лінія па вытворчасці невялікая. Яе можна арганізаваць на самім заводзе.

Сёння патрэбныя тэхналогіі, звязаныя з вытворчасцю. І не на ўзроўні аднаго-двух праектаў, а ў больш значных маштабах. Тэхнапарк павінен служыць нарошчванню эканамічнага патэнцыялу рэгіёна і краіны ў цэлым. Такую перспектыву акрэсліў міністр адукацыі Ігар Карпенка падчас адкрыцця другога корпуса Гродзенскага тэхнапарка. Цяпер ідзе работа над стварэннем новай фармацыі — «Універсітэта 4.0». Гэта ўніверсітэт, які будзе забяспечваць эканамічны рост рэгіёна і спрыяць фарміраванню новых уплывовых галін эканомікі. Інавацыйнай базай для гэтага з’яўляюцца і тэхнапаркі. Іх у краіне сёння шэсць.

З пускам новага корпуса Гродзенскі тэхнапарк пашырыўся ў шэсць разоў. На гэтых прасторах размясціліся вытворчыя базы 16 рэзідэнтаў. Ёсць тут і каворкінг-зона для бізнес-мерапрыемстваў, і канферэнц-зала з сучаснымі сродкамі тэлекамунікацыі. Вялікая плошча адведзена пад выстаўку дасягненняў гродзенскіх прадпрыемстваў. Такой маштабнай прасторы няма нідзе ў вобласці.

— Гэта сапраўды будынак новага пакалення. Ён істотна адрозніваецца ад першага, бо тут ёсць не толькі офісы, але і вытворчыя плошчы. Цяпер кожны студэнт, супрацоўнік універсітэта можа ажыццявіць свае мары. У ВНУ за кошт пазабюджэтных сродкаў створаны фонд інавацыйнага развіцця для падтрымкі стартапаў. Цяпер будзем даводзіць іх да ўзроўню рэзідэнтаў тэхналагічнага парка. Мяркуем, што тэхнапарк стане пляцоўкай для развіцця інвацыйнага бізнесу ў нашым рэгіёне, — заўважыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.

Але не толькі высокатэхналагічная база прывабная для прадпрымальнікаў. Рэзідэнты парка маюць прэферэнцыі. Гэта і нізкая арэндная плата, і падатковыя льготы, і магчымасць атрымаць патрэбную кансультацыю юрыстаў, эканамістаў і іншых супрацоўнікаў ГрДУ. Запатрабаваная і ІТ-сфера. Праект, які прапануе студэнтка дызайна-графічнага факультэта ГрДУ Ксенія Гаравенка, скіраваны на моладзь. Яна прыдумала, як можна карыстацца смарт-білетамі, каб гэта было адначасова і карысна, і забаўляльна. У так званым білеце аб’яднаны многія сэрвісы. Гэта і афіша розных мерапрыемстваў, і бонусныя балы за поспехі ў вучобе, якія, дарэчы, можна рэальна патраціць у краме ці кафэ. Цяпер смарт-білеты ў межах эксперыменту працуюць у ліцэі № 1 Гродна.

Даволі перспектыўны напрамак у медыцынскіх ІТ-праектаў ТАА «БелТэлеМед Тэхналогіі». Адзін з іх — праграмна-апаратны комплекс, прызначаны для правядзення перадзменных аглядаў кіроўцаў, іншых супрацоўнікаў. Аказваецца, пад такую працэдуру трапляе каля 50 розных спецыялістаў. Новы комплекс дазволіць значна паскорыць яе, бо ўсё праходзіць на адзінай базе ў анлайн-рэжыме. Праграмным апаратам ужо зацікавілася Мінская абласная служба крыві, паведамілі рэзідэнты. На іх думку, для медыцыны гэта вельмі важна, бо тут непатрэбныя затраты на сервернае абсталяванне і ліцэнзіі на аперацыйныя сістэмы. Усё ідзе на тое, каб максімальна знізіць фінансавы парог для ўваходу сістэмы аховы здароўя ў лічбавыя тэхналогіі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».