Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Мы павінны не проста выстаяць, мы павінны развівацца, рухацца наперад


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі Вячаславам Валодзіным.  Расійскі палітык прыехаў у Мінск для ўдзелу ў пасяджэнні 61-й сесіі Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы. Вітаючы госця, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хоць з Вячаславам Валодзіным яны занёмыя даўно, афіцыйна сустракаюцца ўпершыню.


«Мы нагонім, калі ёсць нешта ўпушчанае. Хоць, як мы сёння бачым, наўрад ці мы можам сябе ў чымсьці папракнуць. Адносіны Беларусі і Расіі нарэшце развіваюцца адкрыта, прынцыпова, сумленна, і мы, пільна прыглядаючыся да нашых  ўзаемаадносін, не адчуваем нейкіх таемных плыняў. Мы вельмі рады гэтаму», - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, на дзве краіны заўсёды звонку нешта ўплывае. Але справа не ў гэтым. Галоўнае - захаваць тую цывілізацыю, якая існавала спрадвеку і існуе сёння на агульнай Айчыне, то-бок на тэрыторыі Беларусі і Расіі.

«Калі мы гэтага не зробім, мы гэтую цывілізацыю загубім. Няхай выюць, крычаць на Захадзе, што мы ставім перад сабой мэты яе захаваць. Але гэта так. Гэта наша прастора, наша цывілізацыя, дзе жывуць шмат людзей розных нацыянальнасцяў, жывуць нармальна. І сутнасць нашай цывілізацыі, што мы нікога не прыгняталі, не прыгнятаем і нікога не збіраемся прыгнятаць, у адрозненне ад іх», - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, да гэтай прасторы павінна адносіцца і Украіна. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ўкраінскі народ выраўняе сітуацыю, каб гэта было сапраўды так.

«У нас рашучая пазіцыя»

Беларускі лідар заўважыў, што заходнія апаненты паводзяць сябе непрыстойна і агідна і гэта бачна. Ён адзначыў, што, калі ў іх не атрымалася імгненна задушыць Беларусь у мінулым годзе, пачалася павольнае ўдушэнне. Паводле яго слоў, гэта адбываецца ў агульным кантэксце барацьбы супраць Расійскай Федэрацыі супраць тых сяброў, якія сёння вакол Беларусі і Расіі. «У нас рашучая пазіцыя. Мы павінны не проста выстаяць, мы павінны развівацца як след, рухацца наперад, паказваючы ім, што мы і без іх абыдземся. У нас для гэтага ёсць усё. Я ўпэўнены, што гэта агульная пазіцыя Дзяржаўнай Думы і вас, як кіраўніка», - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце з Прэзідэнтам Расіі. Прэзідэнты інфармуюць адзін аднаго аб сітуацыі, плануюць дзеянні на перспектыву. У планах таксама -  у канцы месяца зверыць карты і вызначыць будучыню на наступны год. Беларускі лідар выказаў спадзяванне, што да іх далучацца і іншыя кіраўнікі дзяржаў постсавецкай прасторы.

«Вы не хвалюйцеся за Беларусь. Мы тут трымаемся. Як у Расіі кажуць, "трымаюцца як Брэсцкая крэпасць". Добры прыклад. Мы ўжо не будзем Брэсцкай крэпасцю, асаджаць нас ніхто не будзе, але калі людзі не разумеюць нас, мы паспрабуем ім растлумачыць, што і мы робім», - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Галоўнае – займацца змястоўнай працай»

Вячаслаў Валодзін пагадзіўся, што Беларусь і Расія – аднадумцы, якія рухаюцца ў адным напрамку.  «Улічваючы, што Дзяржаўная Дума прайшла перыяд выбараў, і цяпер у рамках Саюзнага парламента мы будзем абіраць кіруючыя органы, самае галоўнае - займацца змястоўнай працай, правільна зверыць пазіцыі і яшчэ раз удакладніць прыярытэты. Калі гаворка ідзе пра сяброўства, гэта вуліца з двухбаковым рухам. І  трэба абавязкова пры выпрацоўцы рашэння і чуць, і ўлічваць пункты гледжання іншага боку», - сказаў ён.

 «Калі мы можам быць вам карысныя, давайце будзем дзяліцца»

Таксама ў кіраўніка дзяржавы адбылася сустрэча з губернатарам Астраханскай вобласці Расійскай Федэрацыі Ігарам Бабушкіным. Сустрэча прайшла ў межах візіту дэлегацыі Астраханскай вобласці ў Беларусь.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з Астраханскай вобласцю заснавана на падмурку добрых беларуска-расійскіх адносін. “У апошні час гавораць, што мы актывізаваліся, што Захад нас да гэтага і падштурхнуў. Нічога падобнага. Мы пачалі будаваць нашы адносіны яшчэ ў 90-я гады, калі падпісалі пагадненне аб саюзніцтве Беларусі і Расіі. Нават яшчэ раней, калі на рэферэндум было вынесенае пытанне аб саюзе Беларусі і Расіі. І людзі ў пераважнай большасці, 80 працэнтаў, падтрымалі наш саюз Беларусі і Расіі. І вось так мы развіваліся, наколькі гэта магчыма, пераадольваючы ўсе перашкоды», - расказаў ён.

«Любая вобласць – гэта нашы людзі»

Прэзідэнт канстатаваў, што беларускі бок дапаможа сваім партнёрам усім, чым зможа. Асабліва гэты тычыцца сельскагаспадарчай галіны «Любая вобласць - для нас гэта нашы людзі. Мы ніколі не дзяліліся. Можам чымсьці дапамагчы ў сельскай гаспадарцы - калі ласка. Апошняе зерне аддамо, каб у вас было добра. Можаце вы нам бахчавымі культурамі дапамагчы, параіць або падказаць - будзем вельмі ўдзячныя. Тым больш што зараз гэтым займаемся. Мы разумеем, што прадукты харчавання сёння ў цане ва ўсім свеце. А харчаванне - гэта трактары, аўтамабілі, сельскагаспадарчая тэхніка. Якое будзе без гэтага харчаванне? Не можа быць. Калі мы можам быць вам карысныя, давайце будзем дзяліцца», - сказаў ён.

Таксама беларускі лідар бачыць перспектывы ў будаўніцтве жылля, яго пераабсталяванні. На яго думку, для гэтага можна эфектыўна выкарыстоўваць беларускія прадпрыемствы. У прыватнасці, напрыклад, «Магілёўліфтмаш».

«Ліфты не могуць служыць вечна, іх трэба замяняць. У нас захавалася прадпрыемства, вельмі моцнае. Развілі яго, нават часам не паспяваем ажыццяўляць гэтыя заказы па ліфтах. У нас ніколі не было праблем з расіянамі. Калі мы абяцалі паставіць аб'ёмы — прыедзем, усё зробім», — расказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, такім жы чынам можа ладзіцца супрацоўніцтва ў будаўніцтве дарог, прамысловасці і іншых сферах.

«Усё, што скажаце, і на што здольныя гатовыя, рабіць. Спадзяюся, што з вашага боку такое ж стаўленне будзе і да нас. Вядучыя міністры тут прысутнічаюць, гаварыце адкрыта, шчыра, будзем вырашаць», - заявіў Прэзідэнт.

Ад сельскай гаспадаркі да навукі

Па словах Ігара Бабушкіна, прыярытэт у супрацоўніцтве - тавараабмен у сферы сельгаспрадукцыі. «Нам удаецца падтрымліваць званне "ўсерасійскага агарода. У нас у вёсцы атрымала шырокае распаўсюджванне сельскагаспадарчая тэхніка, якую вы вырабляеце. І, безумоўна, мы звязваем поспехі ў сельскай гаспадарцы менавіта з пастаўкамі і выкарыстаннем гэтай тэхнікі», - заявіў ён.

Ігар Бабушкін расказаў, што ў Астрахані плануецца  адкрыць гандлёва-сэрвісны цэнтр Мінскага трактарнага завода. «Для нас гэта таксама вельмі важная акалічнасць, якая можа прывесці да яшчэ большага пашырэння ўзаемаадносін», - дадаў ён. Губренатар, падкрэсліў, што для рэгіёна вяліке значэнне мае гуманітарнае супрацоўніцтва. Астраханскія навучальныя ўстановы актыўна працуюць разам з беларускімі.

Тавараабарот Беларусі з Астраханскай вобласцю за студзень - верасень гэтага года склаў $23,1 млн, што амаль на 29 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд 2020 года. Экспарт айчынных тавараў склаўся на ўзроўні $4,7 млн. З Астраханскай вобласці за студзень - верасень гэтага года імпартавана прадукцыі на $18,4 млн.

Валерыя СЦЯЦКО

 

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі