Вы тут

Андрэйчанка: Саюзнае будаўніцтва — рэальны інструмент абароны інтарэсаў народаў


Вячаслаў Валодзін здзяйсняе першы афіцыйны візіт у якасці Старшыні Дзяржаўнай Думы Расіі ў беларускую сталіцу пасля думскіх выбараў у верасні.


Пачаліся мерапрыемствы двухбаковымі перамовамі Вячаслава Валодзіна і Старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі. Падчас іх Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў адкрыта, узаемавыгадны, добразычлівы характар адносін Беларусі і Расіі.

Працягнуліся перамовы пасяджэннем дэпутатаў у Авальнай зале. Напачатку іх Уладзімір Андрэйчанка заявіў, што саюзнае будаўніцтва не абстрактны геапалітычны праект, а рэальны інструмент абароны інтарэсаў народаў Саюзнай дзяржавы. «Глыбока перакананы, што поспех Саюзнага будаўніцтва магчымы толькі на шляху актыўнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва ўсіх галін улады»,— акцэнтаваў спікер Палаты прадстаўнікоў.

Каб зрабіць работу Парламенцкага сходу максімальна эфектыўнай, ён прапанаваў разгледзець магчымасць уключэння саюзных дэпутатаў у склады міжведамасных рабочых груп па гарманізацыі заканадаўства. Гэта дасць магчымасць, па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, падключыць дэпутацкі корпус да распрацоўкі рашэнняў на стадыі іх падрыхтоўкі, і ўбачыць перспектывы развіцця той ці іншай сферы заканадаўства.

Паводле Старшыні Палаты прадстаўнікоў, неабходна павысіць і аддачу ад працы пастаянных камісій. «Эфектыўным бачыцца замацаванне за профільнымі камісіямі і канкрэтнымі дэпутатамі функцыі маніторынгу выканання саюзных праграм. Атрыманая імі інфармацыя можа стаць прадметам дэталёвага абмеркавання падчас парламенцкіх слуханняў, «урадавай гадзіны», — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.

Выказаўся ён і на тэму міжнароднага парадку дня, адзначыўшы, што далёка не ўсіх цешаць поспехі саюзнага будаўніцтва.

«Фарміраванне шматпалярнага свету выклікае з боку калектыўнага Захаду і, у першую чаргу, ЗША цвёрдае непрыманне гэтага працэсу. Менавіта тут крыецца асноўная прычына той непрадуманай і катастрафічнай па сваіх наступствах палітыкі, калі міжнароднае права падмяняецца сілай, эканамічнае супрацоўніцтва — санкцыямі, разрадка — гонкай узбраенняў. Пры гэтым ухіленне наступстваў такой палітыкі ўскладаецца на трэція краіны. Так званы міграцыйны крызіс на заходняй мяжы Беларусі яскравае таму пацвярджэнне»,— заявіў спікер Палаты прадстаўнікоў.

Уладзімір Андрэйчанка, падкрэсліў, што польскае і літоўскае кіраўніцтва, грэбуючы ўсімі міжнароднымі нормамі, элементарнымі нормамі чалавечай маралі, ставяць пад пагрозу жыццё і здароўе людзей. «Супраць мірных грамадзян, жанчын і дзяцей выкарыстоўваюць сілу, зброю і слёзатачывы газ. Здавалася б, такога кшталту дзеянні павінны атрымаць неадкладную рэакцыю з боку краін ЕС і ЗША, якія лічаць сябе эталонам дэмакратыі. Але не, Захад маўчыць. Больш за тое замест садзейнічання ў вырашэнні сітуацыі, якая склалася, Беларусь атрымлівае чарговы пакет санкцый», — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Сёння ў рамках сесіі дэпутаты разгледзяць і пытанне аб Заяве Парламенцкага Сходу ў сувязі з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі і Еўрасаюза.

Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, прыняцце гэтай заявы будзе нашай чарговай спробай адкрыта звярнуцца да заходніх міжпарламенцкіх арганізацый.

«У цэлым нам трэба больш актыўна і аператыўна выкарыстоўваць фармат заяў Парламенцкага Сходу па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня. Нашы апаненты павінны дакладна разумець, што наша пазіцыя адзіная і мы будзем цвёрда адстойваць свае інтарэсы»,— рэзюмаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Старшынёй Парламенцкага сходу па традыцыі абралі Старшыню Дзяржаўнай Думы Расіі, Вячаслава Валодзіна. Яго першым намеснікам зацверджаны Уладзімір Андрэйчанка. Таксама падчас сесіі абралі абноўленыя склады камісій і іх старшынь.


Саюзныя праграмы і заява па міграцыйным крызісе

Асноўнымі тэмамі парламенцкіх абмеркаванняў сталі выпрацоўка мер для выканання палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021¬—2023 гады і сітуацыя на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай граніцах. 

Па першым пытанні выступіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў. Ён у сваім дакладзе расказаў, што ўрады прыступілі да работы па фарміраванні падыходаў рэалізацыі саюзных праграм. «Яны (саюзныя праграмы. — „Зв.“) вызначаюць іншы маштаб і глыбіню ўзаемадзеяння ў самых значных сферах нацыянальных эканомік, каб адзіная эканамічная прастора Саюзнай дзяржавы мела іншыя, больш значныя характарыстыкі», — дадаў дзяржсакратар.

Паводле яго слоў, новы этап будаўніцтва Саюзнай дзяржавы ставіць новыя задачы перад нацыянальнымі парламентамі і Парламенцкім сходам Беларусі і Расіі. Так, для рэалізацыі 28 праграм давядзецца прыняць каля 400 актаў разнастайнага ўзроўню.

«Па сутнасці, будзе гарманізавана рэгуляванне ключавых сфер узаемадзеяння на агульным інтэграцыйным фундаменце. У многім менавіта вашы рашэнні, рашэнні парламентарыяў могуць пацвердзіць блізкасць падыходаў да фарміравання мадэльнага заканадаўства», — мяркуе Дзмітрый Мезенцаў.

Неабходнасць прыняцця Заявы Парламенцкага сходу ў сувязі з міграцыйным крызісам на граніцы Беларусі і Еўрасаюза прадставіў член Савета Рэспублікі Сяргей Рачкоў. «Сёння бежанцы знаходзяцца ў надзвычай цяжкім і фізічным, і маральным стане. Ён абцяжарваецца наяўнасцю сярод іх значнай колькасці дзяцей і цяжарных жанчын», — заявіў сенатар. Паводле яго слоў, польскія і літоўскія ўлады перакладваюць адказнасць за сітуацыю на Беларусь і Расію, утойваючы ад еўрапейскай грамадскасці падзеі на мяжы.

«Відавочна, што канфрантацыяй праблему не вырашыць. Неабходны канструктыўны дыялог і ўзаемадзеянне Еўрапейскага саюза і Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым у Заяве Парламенцкага сходу мы заклікаем структуры Еўрапейскага саюза не толькі даць аб’ектыўную ацэнку дзеянняў польскіх і літоўскіх улад, але і прыняць канкрэтныя меры па вырашэнні крызісу», — расказаў Сяргей Рачкоў. 

У размове з журналістамі па выніках сустрэчы Вячаслаў Валодзін і Уладзімір Андрэйчанка адзначылі, што прынятыя сёння рашэнні павысяць эфектыўнасць Парламенцкага сходу і будуць садзейнічаць таму, каб саюзная справа мела канчатковы вынік, а рашэнні Прэзідэнтаў краін хутчэй рэалізоўваліся ў жыццё.

Другая частка сесіі Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі адбудзецца ў вочным фармаце ў снежні ў Маскве. На ёй разгледзяць праект бюджэта Саюзнай дзяржавы.


Адказваючы на пытанні журналістаў, старшыні ніжніх палат парламентаў акцэнтавалі ўвагу на мігранцкай праблеме. Вячаслаў Валодзін адзначыў, што двайныя стандарты еўрапейскіх дзяржаў недапушчальныя ў адносінах краін да праблемы бежанцкага крызісу. «Калі размова ідзе пра тое, што краіны Еўропы (у першую чаргу гэта датычыцца Польшчы і Прыбалтыйскіх краін) кажуць адно, а робяць другое, тады еўрапейскія інстытуты, той жа Еўрапарламент, ПАСЕ, Парламенцкая Асамблея АБСЕ павінны даваць ацэнку ім, уводзіць супраць іх санкцыі, асуджаць. Недапушчальна так адносіцца да бежанцаў», — сказаў Вячаслаў Валодзін.

Ён звярнуў увагу на вытокі праблемы — войны ў Сірыі, Лівіі, Іраку, якія справакаваны ЗША.

«Тут правільна было б тым, хто ўваходзіць і ў Паўночнаатлантычны блок, узяць і падзяліць адказнасць, дапамагаць Беларусі, наладжваць жыццё людзей у Лівіі, Іраку. Яны тады магчыма і не паедуць. Несці, іншымі словамі, адказнасць за здзейсненае»,— прапанаваў спікер Дзяржаўнай Думы.

Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што міжнародныя структуры не робяць ніякіх гучных заяў адносна праблемы бежанцаў, а крызіс выкарыстоўваецца для павелічэння ваеннай прысутнасці войскаў на межах Саюзнай дзяржавы.

«Наша пазіцыя — сёння трэба садзіцца, адкладаючы ў бок усе палітычныя рознагалоссі, і знаходзіць рашэнне праблем», — заявіў спікер Палаты прадстаўнікоў.
Марыя ДАДАЛКА.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.

Грамадства

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў  і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Са старажытных часоў Іўеўшчына адметная сваёй шматнацыянальнасцю. 

Грамадства

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Музей, валуноў, вавёркі, вадзянога млына і не толькі.