Вы тут

Праўда вочы пячэ. Як польскае Мінабароны лепіць фэйкі


Польскае кіраўніцтва адарвалася ад рэальнасці. Такое меркаванне ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» выказаў украінскі журналіст, грамадскі дзеяч Дзмітрый Васілец, каментуючы сітуацыю на беларуска-польскай граніцы. «Мы бачым, як польскае кіраўніцтва адарвалася ад рэальнасці. Яны нават не спрабуюць выконваць еўрапейскае заканадаўства. Нават не спрабуюць звяртаць увагу на заявы шэрагу еўрапейскіх палітыкаў з заклікамі ставіцца да мігрантаў, як гэта прадугледжвае закон», — сказаў Дзмітрый Васілец.


Паводле яго слоў, Польшча не спрабуе вырашыць сітуацыю, якая склалася, а, наадварот, мае намер выкарыстоўваць яе ў сваіх мэтах. «Яны спрабуюць істэрыю зрабіць нават у рамках НАТА, каб там ці ледзь не ўсе арміі Еўрасаюза прыйшлі на беларуска-польскую граніцу, каб абараніць польскі народ ад некалькіх тысяч бежанцаў. Гэта глупства, вядома», — адзначыў эксперт.

Практыка беззаконня

Стала вядома, што кіраўнік МУС Польшчы Марыуш Каміньскі на тры месяцы ўвёў забарону на знаходжанне старонніх у пагранічнай зоне, дзе раней дзейнічала надзвычайнае становішча. Пра гэта сведчыць апублікаванае распараджэнне, паведаміла ТАСС. Забарона ахоплівае 183 населеныя пункты, размешчаныя на граніцы з Беларуссю на адлегласці каля трох кіламетраў ад яе. Тэрмін дзеяння распараджэння — з 1 снежня 2021 года да 1 сакавіка 2022 года.

Рашэнне было прынята на падставе новых паправак да Закона «Аб дзяржаўнай граніцы», якія 30 лістапада зацвердзілі парламент і прэзідэнт Польшчы. Палажэнні абноўленага закона дазваляюць увесці забарону ў раёнах уздоўж знешняй граніцы рэспублікі — з Беларуссю, Украінай і Расіяй — на падставе загада кіраўніка МУС пасля кансультацый з камандуючым пагранічнай службай.

Беларускі саюз журналістаў выказаў рашучы пратэст у сувязі з парушэннем канстытуцыйных правоў работнікаў СМІ ў Польшчы. Адпаведная заява была размешчана ў тэлеграм-канале БСЖ. «Рэжым надзвычайнага здарэння, які забараняе работу журналістаў і праваабаронцаў у 183 прыгранічных з Беларуссю населеных пунктах Падляскага і Люблінскага ваяводстваў, не можа быць прадоўжаны па Асноўным Законе (30 + 60 дзён з 2 верасня 2021 года). Правячы рэжым мае намер і далей не дапускаць прэсу ў зону бедства. Інакш метады гвалтоўнага выправаджэння, катаванні, умовы ўтрымання ў канцлагерах і масавая гібель бежанцаў могуць шакаваць польскае і еўрапейскае грамадства, — гаворыцца ў заяве. — Рэжым праціскае праз сейм і сенат папраўкі ў Закон аб абароне граніцы, якія парушаць канстытуцыйныя правы журналістаў і праваабаронцаў. Праўкі пакінуць усе абмежаванні ў сіле. Каменданты пагранічных зон і застаў па сваім меркаванні змогуць блакіраваць любую актыўнасць прэсы і праваабаронцаў. Журналістам пагражаюць арышты і штрафы за непаслушэнства».

Паводле інфармацыі БСЖ, польская кіруючая партыя напярэдадні заявіла, што журналісты могуць «па дурасці ці злым намеры нанесці шкоду інтарэсам польскай бяспекі». «Беларускі саюз журналістаў выказвае рашучы пратэст у сувязі з парушэннем канстытуцыйных правоў нашых калег у Польшчы. Практыка «затыканне ратоў» і беззаконня вяртае польскае грамадства да дыктатуры і таталітарызму пачатку мінулага стагоддзя. Адказнасць за гэта цалкам ляжыць на кіруючым польскім рэжыме, які наўмысна і сістэмна атакуе журналісцкую супольнасць», — адзначылі ў БСЖ.

Страх перад прывідамі

Сітуацыя на беларуска-польскай граніцы застаецца важнай тэмай у медыяпрасторы. Вядучыя сусветныя СМІ па-ранейшаму надаюць значную ўвагу гэтым падзеям. У той жа час значна паменшала аналітычных і аўтарскіх публікацый па дадзенай тэматыцы, у асноўным кантэнт фарміруецца за кошт паведамленняў навінавых стужак вядучых інфармагенцтваў, танальнасць якіх прынцыпова не мяняецца.

У польскіх медыя міграцыйная праблематыка ўсё больш актыўна выкарыстоўваецца ва ўнутрыпалітычнай барацьбе. Адпаведную тэматыку спрабуе выкарыстаць з выгадай для сябе і польскі бізнес. Напрыклад, у Gazeta Wyborcza выйшла публікацыя з загалоўкам «Вытворцы цэменту звяртаюцца да прэм'ер-міністра за абмежаваннямі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі».

Адметна, што ў нямецкай медыяпрасторы знаходзяць адлюстраванне крытычныя падыходы ў дачыненні да дзеянняў Польшчы і ЕС у кантэксце міграцыйнага крызісу. На анлайн-партале газеты Dіe Zeіt выйшла публікацыя пад загалоўкам «Страх Еўропы перад прывідамі». У артыкуле, у прыватнасці, адзначаецца, што «так званыя выцясненні мігрантаў парушаюць дзеючае заканадаўства».

У Фінляндыі падчас парламенцкіх дэбатаў адзін з апазіцыйных дэпутатаў параіў іншаму апазіцыйнаму дэпутату «ў наступны раз наведаць з дзяржаўным візітам беларускі бок, а не польскі». На шведскім тэлеканале SVT выйшла 30-хвілінная размова ў студыі аб сітуацыі на граніцы ЕС і Беларусі. Спікеры, у прыватнасці, канстатавалі, што Варшава спрабуе скарыстацца статусам «абаронцы межаў Еўрасаюза», каб адсунуць на другі план уласны канфлікт з ЕС, што палякі наўмысна выбралі «ваенізаваны адказ» на крызіс і не дапускаюць у пагранічную зону праваабарончыя арганізацыі і СМІ, пераследуюць актывістаў, якія спрабуюць аказаць дапамогу мігрантам.

Са спасылкамі на БелТА і тэлеканал «Беларусь 1» у славацкім выданні Zem & VeК выйшаў артыкул пад назвай «Беларусь была галоўнай вартай ЕС і абараняла яго граніцы, а Брусель плюнуў ёй у твар». Аўтар робіць заключэнне аб тым, што фальшывая гульня Бруселя справакавала новы складаны крызіс, у які ўдалося ўцягнуць Беларусь, а ЕС спрабуе ўцягнуць у яго Маскву.

На сайце чэшскай газеты Halo novіny апублікаваны рэдакцыйны артыкул, дзе задаецца пытанне, чаму ніводнае чэшскае СМІ не паведаміла пра смерць мігранта,
у якой замешаныя літоўскія пагранічнікі. Пры гэтым падкрэсліваецца, што людзі, якія апынуліся ў бядотным становішчы на граніцы, скардзяцца не на дрэннае абыходжанне з боку беларускіх улад, а на непрымальныя дзеянні з боку Польшчы і Літвы. Аўтар робіць выснову аб тым, што «ўсё гэта з'яўляецца мэтанакіраваным агідным медыйным ціскам Захаду на Беларусь і Расію».

Двайныя стандарты

Найбуйнейшае японскае незалежнае інфармацыйнае агенцтва «Кіёда Цусін» са спасылкай на БелТА апублікавала артыкул з інфармацыяй пра візіт у Беларусь дырэктара Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. У артыкуле адзначаецца, што беларускі ўрад усебакова супрацоўнічае з СААЗ па пытанні дапамогі мігрантам на беларуска-польскай граніцы.

Японская тэлерадыёкампанія NНК апублікавала артыкул пад загалоўкам «Урад Беларусі робіць акцэнт на абароне мігрантаў, аднак канфлікт з ЕС пагаршаецца». Адзначаецца, што, нягледзячы на дзеянні беларускага боку па дапамозе мігрантам, Еўрапейскі саюз абвінавачвае Беларусь у выкарыстанні міграцыйнага пытання ў палітычных мэтах, не выходзіць на кантакт з беларускім урадам і сумесна з Вялікабрытаніяй, ЗША і Канадай рыхтуе новыя санкцыі супраць Беларусі.

У егіпецкім выданні Аl Ahram быў апублікаваны артыкул «Як ЕС памыляецца з іракскімі бежанцамі». Лейтматыў артыкула — раскрыццё сапраўдных прычын міграцыі бежанцаў з Блізкаўсходняга рэгіёна, у прыватнасці з Ірака ў краіны ЕС, галоўная з якіх — дэстабілізацыя сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў выніку войнаў, этнічных і рэлігійных канфліктаў.

Вядучае агенцтва навін Турцыі Anadolu Ajans рэгулярна змяшчае актуальную інфармацыю пра сітуацыю ў лагеры бежанцаў. Акрэдытаваныя ў Беларусі журналісты агенцтва ажыццяўляюць прамое ўключэнне з прыгранічнай тэрыторыі. Публікаваныя матэрыялы носяць аб'ектыўны характар.

Кітайскія СМІ падаюць інфармацыю даволі аб'ектыўна, з падтрымкай дзеянняў беларускіх улад. Гучыць крытыка ў адрас кіраўніцтва ЕС з прычыны нежадання прымаць бежанцаў. Асобна падкрэсліваецца паслядоўнае ўзмацненне войскаў НАТА на граніцы з Беларуссю, ацэньваюцца перспектывы ўзброенага канфлікту, магчымыя сцэнарыі развіцця сітуацыі.

Малдаўскі тэлеканал АссеnтТV на сваім вэб-рэсурсе апублікаваў артыкул пад загалоўкам «Канфлікт паміж Францыяй і Брытаніяй з-за мігрантаў абвастраецца». У публікацыі нароўні са статыстыкай аб колькасці мігрантаў, якія спрабуюць дабрацца да Вялікабрытаніі з Францыі, інфармацыяй аб незадаволенасці афіцыйнага Лондана прыводзіцца параўнанне з сітуацыяй у Беларусі: «Здавалася, у такой пікавай сітуацыі з мігрантамі Лондан мог бы паспрабаваць прыструніць Парыж, пагражаючы санкцыямі, заклікаць на дапамогу Вашынгтон, апеляваць да Еўрасаюза па прыкладзе Бруселя, які падобным чынам спрабаваў пакараць Мінск. Аднак гэтага не адбываецца. Ды і ні ў адной еўрапейскай сталіцы наогул ніяк не рэагуюць на гэты крызіс з мігрантамі Ла-Манша, якіх, адзначым, на парадак больш у Францыі, чым іх было на граніцы паміж Беларуссю і Польшчай».

«Жоўты» Twіtter

Тым часам «жоўты» Twіtter Міністэрства абароны Польшчы працягвае пладзіць фэйкі. Пра гэта паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце, каментуючы інфармацыю пра абстрэл з тэрыторыі Беларусі асвятляльных мачтаў на граніцы. «Паведамленне, размешчанае ў Twіtter Міністэрства абароны Польшчы, з'яўляецца не больш чым правакацыяй. Верагодна, польскі бок не задавальняе адноснае зацішша, і цяпер ён нацэлены на далейшую эскалацыю напружанасці на граніцы. Добра вядома, што найлепшыя ўзоры пнеўматычнай зброі забяспечваюць дакладнасць максімум на дыстанцыях да 70 метраў. Зыходзячы з гэтага большасць спартыўных спаборніцтваў па стральбе з пнеўматычнай зброі праводзяцца на дыстанцыях 25—50 м», — распавялі ў ДПК.

У ведамстве ўдакладнілі, што на паказаным Польшчай участку адлегласць ад граніцы да польскіх асвятляльных мачтаў перавышае дыстанцыю, на якой можна зрабіць прыцэльны стрэл з пнеўматычнай зброі, што разам з бессэнсоўнасцю падобных дзеянняў робіць немагчымым іх пашкоджанне з тэрыторыі Беларусі. «Дадаткова неабходна падкрэсліць, што беларускія пагранічныя нарады нясуць службу на граніцы толькі з баявой зброяй, — адзначылі ў Дзяржпагранкамітэце. — Апошнім часам польскія службы і афіцыйныя асобы ўсё часцей становяцца аўтарамі падобных правакацыйных заяў, якія не маюць нічога агульнага з рэальнасцю, выдумляючы абвінавачванні ў адрас беларускага боку».

Чаго толькі вартыя заявы аб гукавой трансляцыі з тэрыторыі Беларусі плачу дзяцей, выяўленні недарэчных «выбуховых прылад» на граніцы, пастаноўцы перашкод у радыёсувязі польскіх службаў, то закідванні польскіх салдат петардамі, то стральбе па іх халастымі патронамі. «Як правіла, польскі бок пасля апублікавання падобных паведамленняў адразу забывае пра іх, таксама не турбуючы сябе прад'яўленнем якіх-небудзь рэальных доказаў, — заўважылі ў ДПК. — Польшча мэтанакіравана распаўсюджвае фэйкавую інфармацыю, каб схаваць ад грамадскасці рэальную карціну падзей, якія адбываюцца на граніцы, і апраўдаць свае незаконныя дзеянні. Пры гэтым нагадваем, што Польшча забараняе працаваць журналістам у пагранічных з Беларуссю раёнах, а тых, якія спрабуюць гэта зрабіць, адпраўляе пад суд».

Пётр ДУНЬКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі