Вы тут

Тэматычны дзень на «Беларусь 3» прысвецяць Максіму Багдановічу


На наступным тыдні 9 снежня адзначаецца 130-годдзе паэта, перакладчыка, публіцыста, класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Сацыякультурны тэлеканал запрашае адсвяткаваць юбілейную дату за праглядам тэматычнай перадачы.


У дзень нараджэння паэта на «Беларусь 3» згадаюць яго ў праграме «Запіскі на палях». Дакументальны фільм «Максім Багдановіч: з дому на Радзіму» распачне аповед пра класіка айчыннай літаратуры. «Маючы чулую і спагадлівую душу, ён міжволі прыцягваў да сябе кожнага, яго любілі і паважалі ўсе, хто яго ведаў: з ім не было весела, але было цёпла, прыемна пагаварыць і падзяліцца ўсім, што толькі ляжыць на душы. Ён быў адным з тых людзей, якія гараць, саграваюць жыццё і асвятляюць шлях іншым, але мала клапоцяцца пра сябе», — напісаў пра паэта ва ўспамінах Аляксандр Цітоў (газета «Голас», 1917 год). ...З парады бацькоў хлопец пайшоў вучыцца на правазнаўца, аднак нягледзячы ні на што ўсё ж стаў паэтам. Лёс чалавека, які абраў літаратуру насуперак усім абставінам свайго жыцця. Ці паўплывалі на гэта блізкія людзі Багдановіча і чаго каштаваў яму такі выбар — адказы пашукаем разам з даследчыкамі ў 16.00.

Пасля ў эфіры ўвазе аўдыторыі прадставяць цыкл песень Уладзіміра Мулявіна на вершы Максіма Багдановіча «Вянок» (БТРК, 2018). Вядома, што прэм'ера цыкла «Вянок» адбылася ў Нью-Ёрку восенню 1991 года. А пасля праграму паказалі (9 снежня 1991 года) у Белдзяржфілармоніі, прымеркавана яна была да 100-годдзя паэта. Складаўся цыкл песень з 15 кампазіцый, сярод якіх найбольш вядомыя нам і сёння «Зорка Венера», «Вераніка», «Слуцкія ткачыхі» і іншыя.

Дакументальны фільм 1982 года «Я не самотны» зможам убачыць у 17.50. Варта адзначыць, што ў айчынным кінематографе звяртацца да даследавання асобы пісьменніка пачалі толькі ў 1981 годзе: тады з'явіўся 3-хвілінны сюжэт «Паэтычная спадчына Максіма Багдановіча», пасля — 10-хвілінны дакументальны фільм «Зорка Максіма». А вось
20-хвілінная кінастужка «Я не самотны» прадстаўляе гледачам уяўныя размовы бацькі паэта, Адама Ягоравіча, з сынам. Прычым паказваецца тое вельмі ўмоўна і ў суб'ектыўных танальнасцях. Тэкст за кадрам базіруецца на ўспамінах Багдановіча-старэйшага, якія можна знайсці ў артыкуле «Матэрыялы да біяграфіі М. А. Багдановіча» (1923 г.). Стваралі яго на творча-вытворчым аб'яднанні «Тэлефільм» Дзяржтэлерадыё БССР, рэжысёрам стаў Ігар Калоўскі. Паэта на экране ўвасабляе Сяргей Журавель, а ў ролі бацькі задзейнічаны народны артыст БССР Павел Кармунін. Адметнасцю кінаработы можна лічыць як талент аўтараў карціны, так і іх глыбокае пагружэнне ў тэму, па-майстэрску расстаўленыя акцэнты. Тут аўдыторыя мае магчымасць не проста даведацца біяграфію творцы, а менавіта пазнаёміцца з акцэнтамі ва ўзаемаадносінах двух блізкіх людзей і на аснове ўбачанага і пачутага зрабіць свае высновы.

Магчымасць паглыбіцца ў факты, погляды і акалічнасці заўсёды можна знайсці ў музеях творцы. У праекце «Музеі Беларусі» (яго пакажуць перад дакументальным фільмам «Я не самотны» ў 17.25) нам распавядуць пра музеі Максіма Багдановіча ў Гродне і Ракуцёўшчыне. «Хоць зернейкі засохшымі былі, / Усё ж такі жыццёвая іх сіла / Збудзілася і буйна ўскаласіла / Парой вясенняй збожжа на раллі» — гэтыя радкі мы чытаем на адной з памятных шыльдаў у Ракуцёўшчыне, дзе жыў і працаваў у 1911 годзе пісьменнік. Хочацца верыць, што і ў нас цяперашніх мастацкае слова і асоба Максіма Багдановіча абудзяць разважанні аб жыцці, аб роднай зямлі, мове і гонары за вялікіх творцаў. Такія завочныя знаёмствы з музеямі, дзе захоўваецца памяць пра нашых класікаў, вельмі часта натхняюць на рэальнае наведванне ўстаноў.

У праекце «Навіны культуры» запланаваныя інтэрв'ю з Міхаілам Бараноўскім, дырэктарам сталічнага літаратурнага музея паэта, і Барысам Ліўшыцам, дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча. Да юбілею Максіма Багдановіча музычны калектыў 11 снежня рыхтуе святочную вечарыну ў Белдзяржфілармоніі. Тэлеверсію канцэртнай праграмы ўбачым у хуткім часе на «Беларусь 3».

Таксама на працягу дня будуць гучаць вершы Максіма Багдановіча з цыкла «Мой Багдановіч» у выкананні вядомых асоб беларускай культуры. Знайдзіце час, каб запаволіцца і дакрануцца да сапраўднай паэзіі... «Жывеш не вечна, чалавек, — / Перажыві ж у момант век! /... Жыві і цэльнасці шукай, / Аб шыраце духоўнай дбай»...

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: «Я не самотны...»: акцэнты да партрэта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».