Вы тут

У Віцебскай вобласці дэпутаты абмеркавалі скарачэнне колькасці пустуючых дамоў


Днямі на пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў абмяркоўваліся актуальныя пытанні скарачэння колькасці пустуючых дамоў. Старшыня аблсавета Уладзімір Цярэнцьеў нагадаў аб уступленні ў сілу ў канцы верасня Указа № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі». Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў яго 24 сакавіка.


Фота: unsplash.com

Што робіцца і якія праблемы ў цэнтры ўвагі? Дэпутаты падзяліліся меркаваннямі.

Паводле інфармацыі на пачатак лістапада, у Віцебскай вобласці ў рэестры пустых жылых дамоў — 1133, а ў спісе старых — 730.

У рамках выканання ранейшага заканадаўства на працягу звыш за дзесяці гадоў за дзяржаўны кошт было знесена каля дзевяці тысяч дамоў, а з улікам сродкаў уласнікаў — яшчэ больш. На сёння, дарэчы, знос дома на Віцебшчыне прыкладна каштуе 700-800 рублёў. Адна з праблем — у высокай амартызацыі тэхнікі.

Добра, што мясцовая прадстаўнічая ўлада ўсё больш плённа працуе з гаспадарамі жылля, якое тым непатрэбнае. У бягучым годзе ў Падзвінскім краі знеслі каля 770 дамоў, толькі каля 520 — за кошт бюджэту, астатнія — самі ўласнікі жылля.

Раней механізм работы па выяўленні і ўключэнні ў абарот пустых і старых дамоў рэгламентаваўся Указам Прэзідэнта № 357 «Аб пустых і старых дамах». За перыяд яго дзеяння ў вобласці знесена 1025 пустых, 640 старых дамоў.

Безумоўна, прыярытэт — у тым, каб знайсці новых гаспадароў незапатрабаванаму жыллю, якое разбураецца з часам. Таму і быў прыняты указ № 116, які можна назваць унікальным і жыццёва неабходным.

Між іншым, старшыня абласнога Савета, даручыў народным выбраннікам актывізаваць рэкламу магчымасцяў набыць жыллё ў глыбінцы — не толькі ў вёсках, але і ў райцэнтрах па сімвалічнай цане ад адной базавай велічыні (на сёння — за 29 рублёў).

Трохі больш падрабязна пра новае заканадаўства.

Указам № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі» спрашчаецца парадак адчужэння грамадзянамі прыналежных ім жылых дамоў у сельскіх населеных пунктах і гарадах раённага падпарадкавання, якія былі пабудаваныя да 8 мая 2003 года (даты ўступлення ў сілу Закона «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю»). Адчужацца такія дамы могуць без наяўнасці дакументаў, што сведчаць пра іх, пры ўмове ўнясення звестак аб жылых дамах у пагаспадаркавую кнігу сельскага (пасялковага) выканаўчага камітэта або іх узвядзення на зямельных участках, выдзеленых у адпаведнасці з заканадаўствам (незалежна ад дзяржаўнай рэгістрацыі правоў на гэтыя ўчасткі).

Рэгіструюць дагаворы адчужэння выканкамы па месцы знаходжання жылых дамоў без спагнання платы, а афармляць дакументы на дом і зямельны ўчастак павінен пакупнік.

Указам таксама забяспечваецца стварэнне ўмоў для ўключэння ў абарот жылых дамоў, якія пустуюць тры гады і больш або знаходзяцца ў аварыйным стане, а таксама зямельных участкаў, якія яны займаюць. Прадугледжаны адпаведны алгарытм работы выканкамаў па выяўленні такіх дамоў і ўключэнні іх у Адзіны рэестр пустых дамоў. Доступ да такой базы даных будзе давацца зацікаўленым на бязвыплатнай аснове.

Пустыя жылыя дамы, прызнаныя судом безгаспадарнымі і перададзеныя ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, змогуць прадавацца выканкамамі на аўкцыёнах па рыначным кошце з магчымасцю паэтапнага зніжэння цаны да базавай велічыні. Аблвыканкамы надзяляюцца правам вызначаць населеныя пункты, на тэрыторыі якіх пустыя дамы могуць быць прададзены адразу за «базавую». Пакупніку такога дома па яго заяве даецца растэрміноўка аплаты на тэрмін да трох гадоў без індэксацыі плацяжоў.

Знос непрыдатных для выкарыстання пустых дамоў, не вышэйшых за два паверхі, дапускаецца без распрацоўкі праектнай дакументацыі.

Вельмі цікавы для пакупнікоў стаў Докшыцкі раён, што на мяжы з Міншчынай. Адпаведны вопыт быў агучаны на пасяджэнні. Там ахвотна набываюць жыллё жыхары сталіцы, да якой некалькі гадзін язды. Усё больш прыкладаў, калі людзі, далёкія ад сельскагаспадарчых рэалій, пачынаюць паспяхова гаспадарыць на сваім участку зямлі, разводзіць жывёлу і птушак. Гараджане ўсведамляюць усе плюсы жыцця «на прыродзе», асабліва тыя, у каго малыя дзеці. Дарэчы, такім чынам можна паменшыць рызыку для здароўя ў небяспечны час пандэміі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Набыць свой кавалак зямлі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».