Вы тут

Валодзін: Дыялог — аснова даверу, а давер — аснова развіцця


У Савеце Рэспублікі прайшла сустрэча Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай са Старшынёй Дзяржаўнай Думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Вячаславам Валодзіным. 


Вітаючы госця, спікер верхняй палаты беларускага парламента перш за ўсё павіншавала яго з абраннем на высокую пасаду Старшыні Дзяржаўнай думы. Яна адзначыла, што Беларусь і Расію злучаюць гістарычныя карані, і не проста моцнае сяброўства, а брацкія адносіны. 

— Але важкую ролю ва ўмацаванні нашых адносінаў маюць добрыя адносіны паміж нашымі прэзідэнтамі: Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам і Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Яна акцэнтавала ўвагу, што сёння адносіны дзвюх краін развіваюцца абсалютна па ўсіх накірунках, важным складнікам сярод якіх з’яўляецца парламенцкае ўзаемадзеянне на ўсіх узроўнях: 

— Мы працуем разам на міжнародных пляцоўках, падтрымліваем адно аднаго, — падкрэсліла спікер. 

Яна звярнула ўвагу, што сітуацыя, якая разгортваецца вакол Беларусі і Расіі, — няпростая:

— Як сказаў на сустрэчы з вамі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, што ў гэтай сітуацыі нам трэба не проста выстаяць, а неабходна развівацца і рабіць гэта эфектыўна, — падкрэсліла Наталля Качанава. 

Спікер дадала: тым найважней падпісаныя кіраўнікамі краін на пасяджэнні Вышэйшага Дзяржаўнага савета інтэграцыйныя дакументы. 

— Несумненна, гэта будзе садзейнічаць новаму этапу ў развіцці нашых адносінаў, — выказала ўпэўненасць Старшыня Савета Рэспублікі. — Для нас, парламентарыяў, гэта сур’ёзная праца ў развіцці заканадаўчай базы, гарманізацыі заканадаўства і рэалізацыі дамоўленасцяў, якія былі падпісаны.

Яна адзначыла, што парламентарыі актыўна ўключацца ў гэтую работу, каб дасягнутыя дамоўленасці былі на карысць народаў Беларусі і Расіі, на карысць абедзвюх краін. 

Са свайго боку Вячаслаў Валодзін паведаміў аб плённай працы ў рамках Парламенцкага сходу. 

— Акрамя пытанняў, звязаных з арганізацыяй работы, мы змаглі разгледзець ключавое пытанне — рэалізацыю 28 саюзных праграм, — падкрэсліў ён. — Яны патрабуюць рэалізацыі ў падзаконных актах, законах з тым, каб далей яны маглі ўвасобіцца ў жыццё ў інтарэсах нашых грамадзян — Беларусі і Расіі. Мы зыходзім з таго, што магчымасці Парламенцкага сходу не вычарпаны. 

Спікер Дзяржаўнай думы Расіі дадаў: што датычыцца збліжэння — бакам ёсць над чым працаваць:

— Калі мы кажам аб інтэграцыі — нам далёка яшчэ да інтэграцыі, якую дасягнуў Еўрасаюз, стварыўшы свае структуры, прымаючы рашэнні па фарміраванні прававой прасторы членаў Еўрапейскага саюза, — акцэнтаваў увагу Уладзімір Валодзін. — Таму гэты шлях нам трэба прайсці.

Ён перакананы: ад інтэграцыі выйграюць і дзяржавы, і народы. 

Таксама ён паведаміў аб дамоўленасці перагледзець структуру Парламенцкага сходу з пазіцыі павышэння яе эфектыўнасці: 

— Парламенцкая структура павінна быць больш гнуткай, больш эфектыўнай і арыентаванай на канчатковы вынік, — падкрэсліў палітык. 

Ён акцэнтаваў увагу, што парламентарыяў чакае карпатлівая работа: 

— Нам яшчэ далёка да інстытутаў, якія павінны быць у рамках Саюзнай дзяржавы. Гэта пачатак шляху інтэграцыі, няхай па ключавых кірунках, улічваючы прынятыя рашэнні. Усё ж такі гэта дыялог, — кажа Вячаслаў Валодзін.

Ён падкрэсліў: калі гаворка ідзе аб сустрэчах паміж дэпутатамі, важна, каб было разуменне на ўзроўні заканадаўства і тады будзе лягчэй прымаць рашэнні ў рамках Саюзнага парламента і ў рамках міждзяржаўных пагадненняў. 

— Таму дыялог — аснова даверу, а давер — аснова развіцця, — перакананы спікер Дзяржаўнай думы Расіі. 

Ён выказаў спадзяванне, што першая сустрэча ў Савеце Рэспублікі стане добрым імпульсам і асновай для развіцця больш эфектыўных адносінаў. 

Вячаслаў Валодзін таксама паведаміў аб прынятай заяве да парламентаў еўрапейскіх краін, парламенцкіх міжнародных арганізацый аб сітуацыі на мяжы Беларусі і Польшчы:

— Мы лічым недапушчальнымі двайныя стандарты і ўмяшанне ў суверэнныя справы іншых дзяржаў, — падкрэсліў палітык. — Ёсць абсалютнае разуменне, што тыя, хто павінен адказваць за патокі бежанцаў, імкнуцца перакласці гэта на плечы беларускага народа. Гучаць абвінавачванні ў адрас Прэзідэнта Беларусі, што лічу непрымальным. Гэта не ўмяшчаецца ні ў якія рамкі міжнародных адносінаў. 

Ён адзначыў, што ў гэтай сувязі парламентарыі аднагалосна прынялі рашэнне давесці гэтую пазіцыю да ўсіх калег — прадстаўнікоў парламентаў іншых краін: 

— Мы зыходзім за таго, што трэба запрашаць да адказу тых, хто стварыў гэтыя праблемы, — перакананы спікер. — І дзяржавы, якія зараз не пускаюць бежанцаў на сваю тэрыторыю, павінны разумець, што ў гэтым адказнасць іх краін. І тое, што адбылося ў Лівіі, Іраку, Сірыі — справа рук палітыкаў, якія знаходзяцца ў ЕС і ЗША, а расхлёбваць даводзіцца Беларусі, іншым краінам, якія прымаюць на сябе паток бежанцаў. 

Спыніўся Старшыня Дзяржаўнай думы Расіі і на ацэнцы палітыкі двайных стандартаў:

— Калі дапамагаюць Іспаніі, Італіі, Турцыі, чаму не дапамагаюць Беларусі? — задае рытарычнае пытанне палітык. — Усе абвінавачванні (у адрас Беларусі. — Аўт.) яшчэ раз сведчаць аб надуманасці і двайных стандартах, а з іншага боку — аб спробах праз метады ціску аслабіць краіны, якія не задавальняюць іх. 

Паводле яго меркавання, такім спосабам краіны калектыўнага Захаду імкнуцца стрымаць іх развіццё. У якасці адэкватнага адказу на ціск парламентарый лічыць неабходным працягваць сумесную дзейнасць на пляцоўках міжнародных міжпарламенцкіх арганізацый і структур:

— Парламенцкай асамблеі АБСЕ, МПС і ПАСЭ. Трэба супрацьстаяць гэтаму разам і змагацца з двайнымі стандартамі, не дапускаць умяшанне ў справы суверэнных дзяржаў. Інакш — не будзе краіны, а людзі будуць пакутаваць ад праблем, як зараз гэта адбываецца ў Лівіі ды іншых дзяржавах, — рэзюмаваў спікер Дзяржаўнай думы Расіі. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?