Вы тут

Лукашэнка: Нашых грамадзян хвалююць блізкія ім пытанні — зарплата, работа, цэны


З дакладам у Палац Незалежнасці прыйшлі кіраўнікі ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама. Яны расказалі аб рабоце эканомікі летась, далі ацэнку вынікам года. Начальнікі эканамічнага блоку дзяржавы прапанавалі праекты прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2022 год.


Па словах Прэзідэнта, гэта нарада мае тактычны характар, бо праблемы, што на ёй разглядаюцца, датычацца будучага года. Стратэгія развіцця краіны прынятая на апошнім Усебеларускім народным сходзе. Там вызначаны і перспектывы, і канкрэтныя паказчыкі дасягненняў.

Спектр пытанняў, што датычацца сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, падкрэсліў Прэзідэнт, вельмі шырокі — ад дасягнутых цяпер вынікаў, ацэнкі вынікаў бягучага года да мер фінансава-эканамічнай палітыкі, якую Савет Міністраў, Нацыянальны банк прапануюць на наступны год.

«Наша эканоміка падвяргаецца беспрэцэдэнтнаму па маштабе і глыбіні ціску звонку. Агрэсіўная рыторыка, і не толькі яна, але і дзеянні захаваюцца. А значыць, трэба правесці дасканалы аналіз мер, якія мы прымаем. Думаю, што гэта ўжо зроблена. Мы бачым не першы раз гэтыя чарговыя пакеты санкцый. Больш таго, мы да гэтага рыхтаваліся, як мінімум паўгода», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паведаміў, што для рашэння праблемы санкцый існуе ва ўрадзе, так званы, антыкрызісны штаб. Ды і ў цэлым, увесь урад, на думку кіраўніка краіны, павінен займацца гэтымі пытаннямі прынцыпова, дакладна, па-ваеннаму. Прэзідэнт падкрэслівае, што пакуль краіна здолела захаваць эканамічны рост і не дапусціць пераносу большасці праблем на паўсядзённае жыццё людзей.

«І гэта галоўная задача. Якія б не былі санкцыі, як бы на нас не ціснулі, што б з намі не спрабавалі зрабіць, тут мы павінны прымаць такія меры, каб людзі гэтых санкцый не адчулі. Прынамсі, каб гэтыя санкцыі і меры не вызначалі жыццё людзей. Запомніце, гэта галоўнае», — звяртае ўвагу Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, вынікі дзесяці месяцаў дэманструюць, што валавы ўнутраны прадукт павялічыўся на 2,4 працэнта, расце прамысловая вытворчасць на 7 працэнтаў, прычым практычна ва ўсіх яе падгалінах. Больш за 60 працэнтаў прамысловай прадукцыі, што вырабляецца ў рэспубліцы, пастаўляецца на экспарт. Пры гэтым у глабальным рэйтынгу краін па індэксе канкурэнтаздольнасці прамысловасці (па даных ААН) Беларусь займае 46-е месца сярод 152 краін свету.

Гэта пацягнула за сабой, кажа Прэзідэнт, павелічэнне экспарту тавараў і паслуг на 33 працэнты, а ў краіну дадаткова паступіла 8,5 млрд долараў. Склаўся рэкордны станоўчы знешнегандлёвы баланс больш як 2,7 млрд долараў.

Шмат у чым дзякуючы такой узважанай макраэканамічнай палітыцы ў нас нядрэнныя паказчыкі плацежнага балансу, а значыць, устойлівы курс ды спакой на фінансавым рынку, падкрэсліў кіраўнік краіны. Стабільна расце сярэдняя заработная плата, якая ў кастрычніку ўшчыльную падышла да 1500 рублёў. Кожны чацвёрты работнік у краіне атрымлівае заработную плату звыш гэтага ўзроўню, тады як год таму іх доля складала толькі 16 працэнтаў. 

«Гэта добра, і мы не павінны думаць, што вырашылі ўсе праблемы. Тут напружаная праца дзяржаўнага апарата, усяго народу і збег абставін. Дзесьці нам і пашчасціла — і ў пандэмію мінулага года мы выбралі свой беларускі шлях. Не закрываліся. Не крычалі. Проста працавалі, — сцвярджае Прэзідэнт і дадае: «Павінен заўважыць, што беларускім шляхам у 2021-годзе пайшоў увесь свет. Гэтага ніхто не скажа, бо Беларусь — не Амерыка. Калі ў амерыканцаў так было б, ужо трубілі б на ўвесь свет. Нас за гэта не пахваляць, а наадварот, нас будуць за гэта душыць. Праблем нямала і, на жаль, на 90 працэнтаў гэтыя праблемы прынесены звонку».

Цэны і інфляцыя

Па словах Прэзідэнта, негатыўныя тэндэнцыі, якія яго вельмі непакояць, датычацца перш за ўсё коштаў. Упершыню за некалькі гадоў інфляцыя перавысіла прагнознае значэнне.
«Цэны на сацыяльна значныя тавары ў сярэднім выраслі амаль на 7 працэнтаў, і гэтая тэндэнцыя не праломленая. А па некаторых таварах першай неабходнасці зафіксавана павышэнне ад 10 да 100 працэнтаў. Пры гэтым вытворцы сацыяльна значных тавараў і суб’екты гандлю знайшлі шчыліны, якія дазваляюць абыходзіць уведзеныя цэнавыя абмежаванні і павышаць кошты», — кажа Аляксандр Лукашэнка.

У гэтай сувязі ён папрасіў прэм’ер-міністра і старшыню Праўлення Нацыянальнага банка асабліва спыніцца ў дакладах на гэтым пытанні. Прэзідэнт згадвае, што часткова інфляцыя кшталту «заразы» ўнесеная звонку — на сусветным рынку ўсё даражэе. Адкрытая беларуская эканоміка купляе там і метал, і жалеза, і іншую сыравіну па высокіх цэнах.

«Я ўжо казаў. Падчас пандэміі не працавалі, а друкарскія станкі круціліся. Долараў і еўра надрукавалі — дзяваць няма куды. Пайшла інфляцыя. Яна занесеная звонку, ніхто не адмаўляе. Але самасупакойвацца і казаць, што падаражэла і ў Амерыцы, і ў Расіі, і ў Кітаі, таму і ў нас — не трэба спасылак толькі на гэты фактар. Фактараў гэтага павышэння коштаў у краіне шмат», — заявіў Прэзідэнт.

Ён заўважае, што нельга дапусціць, каб коштавыя фактары пераходзілі ў наступны год. Там, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, і без таго хопіць праблем — пачынаючы ад рызыкі пашырэння санкцый, да якіх рэгулярна заклікае Захад, і заканчваючы пагрозай распаўсюджвання мутацый віруса.

«Вірусаў яшчэ нямала будзе. Гэты дадатковы цяжар на фонд сацыяльнай абароны і медыцынскую сферу ў цэлым. Наколькі мы гатовы супрацьстаяць гэтым рызыкам? Хачу пачуць, у якой ступені прагнозныя дакументы адаптаваныя да існуючых выклікаў. Якія сістэмныя падыходы закладвае ўрад не толькі для прадухілення негатыўнага ўплыву недружалюбных дзеянняў, але і для развіцця краіны?» — пытаецца Прэзідэнт.

Прэзідэнт звярнуўся да прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі: «Вось што я ад урада хачу бачыць у наступным годзе: захавайце вось гэты ўзровень абароненасці насельніцтва. Вось што ёсць у гэтым годзе, трэба захаваць. І крыху панізіць інфляцыю. Гэта разам з Калаурам (старшыня Праўлення Нацбанка. — „Зв.“). Усё. Я больш ад вас не патрабую ў гэтай сітуацыі».

Беларускі лідар адзначае, што справа нават не ў санкцыях — з-за штама каранавіруса «Амікрон» пачала зніжацца сусветная эканоміка.

«Калі сусветная эканоміка апускаецца, яна будзе ў гэтую варонку зацягваць і Беларусь. Будзе цяжка разлічваць на нейкія вялізныя прарывы, паказчыкі там, ВУП 7 % дададзім або вышэй за сусветнае. Ну, мы рэалісты. Таму галоўная наша задача — захаваць узровень гэтага года. Ён невысокі ў нас. І па заробках, і сацыяльнай абароненасці. Але дастатковы для таго, каб жыць. Няхай людзі не абураюцца. Жыць можна. Толькі трэба людзям варушыцца трошкі. Як я ўжо казаў, распранайцеся і пачынайце працаваць. Ну, калі яшчэ трошкі дадайце, ну тады — героі», — матывуе Прэзідэнт.

Экспарт/інвестыцыі

У другі год пяцігодкі прапануецца адступіць ад асобных параметраў, ухваленых на шостым Усебеларускім народным сходзе, заўважае кіраўнік краіны. Па гэтым пытанні пакуль няма адзінага меркавання.

«Мы павінны прыйсці да такога меркавання. Таму заслухаем усе аргументы „за“ і „супраць“. Тым больш што гэтыя ж пытанні ўзнімаліся дэпутацкім корпусам, дзяржаўным сакратарыятам Савета Бяспекі і Камітэтам дзяржаўнага кантролю», — кажа кіраўнік краіны.

Савет Міністраў мяркуе, што ў наступным годзе ў прыярытэт трэба ўзвесці экспарт. Пакуль ёсць магчымасць прадаваць і замацоўвацца на сусветных рынках — трэба дзейнічаць.

«Гэта ж не навіна! Памятаеце нашы прыярытэты — экспарт, жыллё, харчаванне. Упускаць момант, каб заявіць аб сабе, нельга. Будзем інтэнсіўна нарошчваць валютную выручку, атрымаем моцны беларускі рубель. Насельніцтва перастане асцярожнічаць, прапануе свае грошы ў дэпазіт, аблігацыі. Так паступова нарасцім базу для „доўгага“ інвеставання. Старшыня Нацбанка гэта ведае. Гэта задача не толькі ўрада, але і банкаўскага блоку», — падкрэслівае Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, і сапраўды інвестыцыі асядаюць. Папярэдні цыкл і звязаныя з ім буйныя праекты практычна завершаны. Тут, напрыклад, атамная станцыя, БНБК, Петрыкаўскі горнаабагачальны камбінат, цэлюлозныя і папяровыя комплексы, завяршаюцца праекты ў нафтаперапрацоўцы.

«Калі не абнаўляцца, то праз тры-пяць гадоў будзем у аўтсайдарах па канкурэнтаздольнасці. Недзе сітуацыю нам прыпсавалі звонку, а недзе мы самі недапрацоўваем. Усе задачы па інвестыцыях дакладна прапісаны ў Праграме пяцігодкі, але разгортваюцца яны пакуль слаба. Трэба памятаць, што людзям патрэбны не лічбы і паказчыкі. Нашых грамадзян хвалююць блізкія ім пытанні — зарплата, работа, цэны. У гэтым кантэксце і прашу весці наш дыялог — ці дастаткова запланавана мер па кантралюемых мною пытаннях», — дадае Прэзідэнт.

Бюджэт на будучы год

Праект бюджэту, паводле кіраўніка краіны, фарміруецца дэфіцытным, і зразумела чаму — нясем незапланаваныя выдаткі, якія цяжка прадбачыць. Але з іншага боку пытанне, дадае Аляксандр Лукашэнка, ці ўсе эканомяць і напружваюцца па скарачэнні неабавязковых выдаткаў?!

«Таму пытанне эканоміі, беражлівасці зноў выступае на першы план, — заўважае Прэзідэнт і пытаецца: Ці ёсць крыніцы на пакрыццё дэфіцыту? Ці не пацягне гэта напружанасці пры выкананні сацыяльных абавязацельстваў? На практыцы для нас гэта значыць, што трэба ўзмацніць дысцыпліну і гнуткасць: пераарыентавацца на дружалюбныя гандлёвыя і фінансавыя рынкі, не звяртаючы ўвагі на выпады Захаду».

Асобна прасіў ён далажыць аб сітуацыі з дзяржаўным доўгам і планамі па яго пагашэнні. Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што Беларусь заўсёды была і будзе бездакорным плацельшчыкам па сваіх абавязках. 

«Нягледзячы ні на якія цяжкасці, мы не маем права страціць гэтую рэпутацыю», — заўважае Прэзідэнт.

Уносяцца прапановы па асобных зменах падатковага заканадаўства на 2022 год. Па шэрагу напрамкаў прапануюцца вельмі істотныя навацыі. Аляксандра Лукашэнку тут цікавіць, наколькі яны адпрацаваны і якая рэакцыя ў грамадстве на гэтыя прапановы? 

Пытанні грашова-крэдытнай палітыкі традыцыйна праходзяць у нейкім аблегчаным фармаце, канстатуе кіраўнік краіны. «Але не гэтым разам. Як я адзначаў, самая актуальная тэма зараз — высокая інфляцыя. Аргументы аб тым, што яна „імпартаваная“, я ўжо сказаў, наколькі іх мы можам прыняць. Мы плануем у будучым годзе мець адназначную лічбу ў шэсць працэнтаў інфляцыі», — мяркуе Прэзідэнт і просіць старшыню Праўлення Нацыянальнага банка далажыць, якія меры плануюцца па стрымліванні росту інфляцыі. Але гэтыя дзеянні, па словах кіраўніка краіны, не павінны ісці ў шкоду эканамічнаму развіццю краіны.

Звяно супраць Расіі

Па словах Прэзідэнта, Захад вядзе гібрыдную вайну не толькі супраць Беларусі, перадусім супраць Расіі. Наша краіна — толькі звяно ў гэтым ціску. «Больш за тое, мы аказаліся на пярэднім краі. Таму нам дастаецца першымі. Мы гэта з Прэзідэнтам Расіі бачым, ацэньваем і дзейнічаем адпаведным чынам», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Як ён сцвярджае, ёсць каналы, па якіх размаўляем з супраціўнікамі. «Сумуючы ўсе іх прэтэнзіі (ужо ад прэтэнзій перайшлі да больш жорсткіх патрабаванняў і ўльтыматумаў), ад нас патрабуюць, каб Беларусь стала такой, як Украіна. Цытую: „Дэмакрытычна перспектыўнай, развітой дзяржавай, як Украіна“. На што ім было дакладна два дні назад сказана: „Мы ніколі не станем Украінай“. У нас, беларусаў, сваё бачанне перспектыў. Тое, што творыцца на Украіне, вы выдатна бачыце. Думаю, што за гэтым сталом, дзе сабралася ўсё кіраўніцтва Беларусі, і нават сярод нашага насельніцтва, якое хоча нармальнага жыцця для сябе і сваіх дзяцей, няма жадання стаць другой Украінай», — мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заяўляе, што ўвесь час сочыць, якія дзеянні прымуць апаненты супраць Беларусі. Чарговым такім этапам кіраўнік краіны назваў мігранцкі крызіс. «Таму ад Чорнага мора да Балтыкі, вы бачыце, што адбываецца. Мы аказаліся галоўным звяном у ціску на Расійскую Федэрацыю. Мы можам змяніць свой курс і здрадзіць Расіі, рускаму народу? Не можам», — заўважае кіраўнік краіны.

Прэзідэнт заклікае кіраўнікоў дзейнічаць рашуча, дысцыплінавана, без угавораў і доўгіх абмеркаванняў, часам імгненна. «Галоўным трэба зрабіць выканаўчую дысцыпліну. І мы элементарна выстаім і не дапусцім, каб тыя праблемы, што павінны мы рашаць, былі скінутыя на наш народ. Людзі хочуць жыць нармальна, і мы ў любой сітуацыі павінны забяспечыць гэта нармальнае жыццё», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт заяўляе, што даслоўна перадаў словы апанентаў наконт таго, што Беларусь павінна стаць другой Украінай.

«Яны намякаюць: „Ну пытанне не ва ўладзе...“ Ва ўладзе пытанне! Зусім нядаўна заявілі: „уладу ў Беларусі трэба памяняць. Пачынаць трэба з Прэзідэнта“. У нас ёсць механізм. Выбары і гэтак далей. Датэрміновыя выбары, калі нехта хоча, — калі ласка, у нас таксама ёсць механізм. Няхай прапануюць. Таму я не напружваю абстаноўку!» — падкрэслівае Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Прэзідэнта, тых, хто прыносіць ультыматумы, неабходна адпраўляць за межы краіны. 

«Нягледзячы, чыю краіну яны прадстаўляюць. Што мы з імі чапляемся? Яны ж працуюць на шкоду. Праўда, мы ўжо заўважылі, вось суткі прайшлі (гэтыя санкцыі ўводзіць збіраліся), ужо некаторыя пасольствы пакуюць чамаданы, заяўляючы аб тым, што Прэзідэнт прыме рашэнне, іх заўтра выкінуць. Павінен іх супакоіць: мы ні ў каго чамаданы і тое, што ў чамаданах, адбіраць не збіраемся, — кажа Прэзідэнт. — Таму вы мяне пачуйце — тыя, хто чамаданы збіраюць: супакойцеся, пакладзіце свае чамаданы. Калі мы аб’явім вас персонамі „нон грата“, у вас будзе час для таго, каб узяць гэтыя чамаданы і з’ехаць».

Каментарый у тэму

Размову з журналістамі прэм’ер-міністр Раман ГАЛОЎЧАНКА пачаў з аптымістычнай заўвагі — складаны год адпрацавалі лепш, чым планавалі ў самым яскравым сцэнарыі. Рост маецца па ўсіх паказчыках, што характарызуюць стан эканомікі, — і даходы несельніцтва, і ВУП, і экспартнае сальда, і плацежны баланс краіны.

«Мы не зрабілі нічога ўнікальнага. Толькі скарысталіся кан’юнктурай, што склалася. Нашы прадпрыемствы аказаліся разваротлівымі, мабілізаваліся. Гэта прынесла лепшыя вынікі па якасных паказчыках экспарту за апошнія дзесяцігоддзі», — сказаў Раман Галоўчанка.
Па яго словах, не змаглі годным чынам спрацаваць у сферы сельскай гаспадаркі і будаўніцтве. АПК падвяло надвор’е, маецца недабор зерня, але навёрстваюць гаспадаркі прадукцыяй жывёлагадоўлі і «малочкай». На будаўніцтва аказала ўплыў недаступнасць банкаўскіх крэдытаў для рэалізацыі будаўніцтва.

Адзначыў прэм’ер, што насельніцтва праяўляе цікаўнасць да банкаўскіх укладаў. «Гэта кажа пра давер грамадзян да органаў улады, эканамічных уладаў, урада, Нацыянальнага банка. Гэта таксама сведчыць, што меры, рэалізаваныя для павышэння даверу да беларускай банкаўскай сістэмы, спрацавалі», — дадаў кіраўнік Саўміна.

Задача на будучы год для нацыянальнай эканомікі — ва ўмовах санкцыйнага ціску, пандэмічнага напружвання спрацаваць не горш, чым сёлета. Але ўрад плануе для сябе нават рост не менш, чым у два працэнты.

Будзе працаваць урад і над унутранымі прычынамі росту інфляцыі, якая аказвае негатыўны ўплыў на кошт банкаўскага крэдытавання, пакупальніцкую здольнасць насельніцтва.

«Ужо зараз па выніках кастрычніка бачым, што інфляцыя запавольнілася. І за 23 дні лістапада рост цэн склаў 0,2 працэнта. За месяц гэта можа быць 0,3 працэнта. Гэта стандартны ўзровень цэнавага росту, што мелі ў неінфляцыйныя гады. Будуць працягнуты пэўныя меры адміністрацыйнага рэгулявання і меры эканамічнага характару, каб стрымаць інфляцыю», — паведамляе прэм’ер.

Раман Галоўчанка дадаў, што асноўная небяспечнасць інфляцыі ў тым, што яна «з’ядае» рэальныя даходы насельніцтва. Але даходы, па яго словах, растуць хутчэй, чым інфляцыя.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».