Вы тут

Чым сагрэцца ў халодны снежаньскі вечар? Сабралі рэцэпты гарачых напояў


Духмяны гарачы напой — выдатны варыянт для халоднага марознага вечара. Прапануем вам некалькі рэцэптаў сагравальных безалкагольных і алкагольных напояў, якія варта паспрабаваць.


Кава з марской соллю

Прыгатаваць дзве порцыі эспрэса ў вялікім кубку. Дадаць у каву мёд, ваніль і крыху марской солі (0,02 г), змяшаць. У асобнай ёмістасці падагрэць 150 мл малака высокай тлустасці, акуратна струменьчыкам уліць малако ў кубак з кавай. Інтэнсіўна ўзбіць напой з дапамогай венчыка да ўтварэння лёгкай пены. Атрымаецца сметанковая кава з інтэнсіўным мядовым пахам і ноткай ванільнай солі.

Журавіны з каньяком

Расцерці ў блэндэры 100 г журавін з 2-3 лыжкамі цукру. Дадаўшы вады, давесці да гушчыні морса. Паставіць у каструлі на агонь, дадаць па гусце карыцу і гваздзік. За некалькі хвілін да кіпення дадаць 10-15 г каньяку. Упрыгожыць гатовы напой кавалкамі яблыка і апельсіна.

Абляпіхавая гарбата

Спачатку прыгатуем абляпіхавы сіроп. Для гэтага 300 г ягад абляпіхі ўзбіць у блэндеры, прапусціць масу праз сіта. Сок пераліць у сацейнік, дадаць шклянку цукру, варыць, змешваючы, на працягу паўгадзіны, не даводзячы да кіпення. Даць крыху астыць.

У кружку ўліць 250 мл гарачага кіпеню, дадаць 30 мл абляпіхавага сіропу, 10 мл цытрынавага соку, 2 чайныя лыжкі мёду, змяшаць. Упрыгожыць размарынам.

Навагодні пунш

Бярэм 4 чайныя лыжкі чорнага чаю, карыцу і гваздзік (па гусце), заліваем усё гэта 1 літрам кіпеню. Настой варыцца ў каструлі 5-6 хвілін, затым яго працэджваюць і змешваюць з 4 сталовымі лыжкамі мёду і 1,5 л чырвонага сухога віна. Падаграваюць да 85-90 градусаў, дадаюць сок 1 цытрыны і 4 апельсінаў. Цяпер можна разліць гарачы пунш у шклянкі, упрыгожыўшы кожную мятай і кавалкамі цытрусавых.

Глінтвейн

Цёрты імбір (1 чайная лыжка), мушкатовы арэх (1/4 чайнай лыжкі), карыцу і гваздзік (па гусце) скласці ў каструлю, наліць 100 г чыстай вады, нагрэць амаль да кіпення і зняць з агню. Адвар павінен настаяцца прыкладна 10 хвілін, пасля чаго яго трэба працадзіць. Па 1 яблыку, апельсіну і цытрыне нарэзаць долькамі і дадаць у адвар, туды ж наліць 750 мл чырвонага сухога віна. Давесці да кіпення, толькі ні ў якім разе не кіпяціць! Калі любіце салодкае — можна дадаць у напой крыху цукру, а лепш пару лыжак мёду. Піць абавязкова гарачым!

Грог класічны

Паставіць чайнік кіпяціцца. Пакуль ён награваецца, узяць некалькі бакалаў, у кожны з іх выціснуць сок з 1/8 цытрыны і насыпаць па 1 чайнай лыжцы цукру. Затым уліць па-над цукрам 40 г любога рому і дадаць 100 г кіпеню, хутка размяшаць і падаваць гасцям. Хай на стале прысутнічае цукарніца — у гэты напой многія любяць пакласці больш цукру.

Яблычны пунш

Два вялікія яблыкі пачысціць, парэзаць долькамі і скласці ў сацейнік. Мандарын і цытрыну разрэзаць уздоўж і выціснуць сок у яблычныя долькі. Дадаць 1 сталовую лыжку цукру, па дробцы карыцы і 1-2 гваздзікі. Паставіць ёмістасць на сярэдні агонь і чакаць, пакуль яблыкі стануць мяккімі, пры гэтым не забываючыся памешваць змесціва. Затым расцерці яблыкі ў мяккае пюрэ і ўліць 1 шклянку віскі. Трохі падцяпліць сумесь і разліваць па куфлях. Дарэчы, гэты пунш даволі моцны, так што піць яго трэба з асцярожнасцю!

Марыя МАРОЗ

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».