Вы тут

Вольга Лабачэўская: «Даматканая посцілка — і сямейная рэліквія, і нацыянальны скарб»


На беларускіх посцілках традыцыйна багата кветак, птушак, звяроў. Колеры яркія, святочныя: блакітны, ружовы, залаты, чырвоны. Буянствам фарбаў і вобразамі яны нагадваюць маляванкі мастачкі-прымітывісткі са Случчыны Алены Кіш. Фігурныя паўліны, грывастыя львы — адкуль яны на палотнах нашых прабабуль? З гэтага пачалася наша размова з вядомай даследчыцай народнай культуры Беларусі Вольгай ЛАБАЧЭЎСКАЙ.


— Посцілкі — не ручнікі, не касцюм. Я маю на ўвазе, што вобразнасць гэтых рэчаў, арнаментальны арсенал матываў, узораў усё ж належаць пазнейшаму часу. Ручнікі здаўна фарміраваліся як з’явы рэгіянальныя, яны — адлюстраванне карціны свету чалавека традыцыйнай культуры, якой адпавядаў геаметрычны арнамент. Гэта добра відаць ў маёй кнізе «Повязь часоў — беларускі ручнік». Тое ж адносіцца і да касцюма. 

На посцілках жа, сапраўды, чаго толькі няма: коцікі, ільвы, заморскія птушкі і кветкі... Колеры часам нават «кіслотныя». Такімі нашы посцілкі пачынаюць станавіцца ў 1920–1930-я гады. Асабліва моцны выбух арнаментаў і колераў здараецца ў пасляваенны час, калі робяцца даступнымі фарбавальнікі, разнастайныя матэрыялы. Нашы традыцыйныя тканіны — гэта лён, воўна, але тут пачынаюць ужываць і воўну, і фабрычныя ніткі — ірыс, мулінэ, пазней — акрыл, нітрон, іх не трэба было фарбаваць. Посцілка аказваецца не толькі прадуктам жаночай творчасці, але і вынікам развіцця сацыяльных, культурных, эканамічных адносін, гандлёвых сувязяў. 

У гэты час посцілка арыентуецца на безліч крыніц. Галоўнымі становяцца «мыльныя», або бракараўскія, узоры — былі такія папяровыя выданні, у іх друкаваліся малюнкі для вышывання. Гэта можна лічыць першай праявай глабалізацыі, бо малюнкі прыходзілі з усяго свету: Германіі, Італіі, Францыі... Вось такі арнаментальны пласт і робіцца найбольш папулярным у майстрых. А яшчэ — карцінкі з часопісаў, узоры з парцьер, фабрычных дываноў. Быў пласт і больш ранні, звязаны з вытворчасцю дываноў на Беларусі — мануфактурамі Агінскіх, Сапегаў, Тызенгаўза. Калі мы глядзім на посцілкі, можна толькі здзіўляцца, як гэта ўсё перапляталася, складалася ў прыгожыя кампазіцыі. Жанчыны паўтаралі ўзоры, якія ім падабаліся, дадавалі штосьці сваё.


«Беларускія посцілкі і дываны. Антрапалогія і мастацтва традыцыйнай рэчы» — так называецца новая кніга Вольгі Лабачэўскай. 

Вольга Аляксандраўна Лабачэўская — доктар мастацтвазнаўства, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэат Нацыянальнай прэміі 2020 года ў галіне выяўленчага мастацтва (намінацыя «Мастацтвазнаўства і крытыка») за кнігу, прысвечаную беларускаму цуду XVIII–XIX стагоддзяў — саламяным іканастасным варотам. Новая кніга даследчыцы выйшла сёлета ў выдавецтве «Беларуская навука» і знаёміць з даматканымі посцілкамі і дыванамі. 


— Як доўга ішло напісанне вашай кнігі пра беларускія посцілкі і дываны? Адкуль чэрпалі матэрыял? 

— Праца над кнігай пачынаецца не за камп’ютарам, а нашмат раней, калі ты асэнсоўваеш каштоўнасць свайго прадмета даследавання, намацваеш падыходы — як яго апісваць, аналізаваць. З посцілкамі ж атрымалася такая гісторыя. Справа ў тым, што яны вельмі разнастайныя і не ўяўляюць сабой нейкай аднароднай карціны, як, напрыклад, касцюм, ручнікі. Гэта звязана з тым, што посцілкі і дываны — з’ява пазнейшая, яны фарміраваліся ў іншую эпоху. Складанасць была яшчэ і ў тым, што ў гэтай сферы існуе вялікая колькасць лакальнай народнай тэрміналогіі. І нават у працах нашых даследчыкаў часам цяжка зразумець, пра якую канкрэтна тэхніку, посцілку ідзе гаворка, бо адна і тая ж рэч можа мець да дзясятка розных назваў. Пэўны час я раздумвала, якім чынам зрабіць з такой стракатай карціны нешта ўцямнае для музейных работнікаў, даследчыкаў і ўсіх тых, хто цікавіцца гэтай з’явай.

Да таго ж посцілка — рэч утылітарная, хоць і прыгожая, дэкаратыўная. Як паказаць, што посцілка і дыван у культуры беларусаў — самакаштоўныя і маюць свой змест? Цікава было таксама вызначыць, якую ролю яны адыгрывалі ў культуры ўжо нашага часу. Таму мной быў абраны падыход праз антрапалогію, праз чалавека і яго жыццё.

Падштурхнула мяне да гэтага яшчэ і такая з’ява, як сямейныя фотаздымкі, якія ў 1950–1960-я гады часта рабіліся на фоне посцілак. Фатаграфія тады толькі прыйшла ў вёску, і людзі вешалі на вуліцы каля хаты або на сцены дамоў свае прыгожыя посцілкі, на фоне якіх рабіліся партрэты. Сёння гэтыя фотаздымкі — гістарычны дакумент.

Вось з такіх падыходаў і выспела кніга. З аднаго боку, посцілкі — рэч традыцыйная, а з другога — не застылая ў часе, бо звязаная з чалавекам, з сацыяльна-культурнымі зменамі ў беларускай вёсцы. 

— У кнізе шмат фота посцілак. Вы іх знайшлі ў музейных фондах, экспедыцыях?

— У маім асабістым архіве шмат экспедыцыйных фотаздымкаў, якія рабіла я сама. Але хацелася паказаць прыгажосць, фактуру тканых прадметаў. А для гэтага патрабаваліся фота высокай якасці. У нашых музеях шмат посцілак, самая вялікая калекцыя іх, пэўна, у Нацыянальным гістарычным музеі — больш за 400 адзінак. Але яны не адфатаграфаваныя. 

Было знойдзена паразуменне з музеямі, яны дазволілі нам зрабіць спецыяльныя здымкі, і я вельмі ўдзячная фатографу Міхасю Аракчэеву, які на грамадскіх пачатках выдатна справіўся з задачай. Некаторыя музеі даслалі свае фотаздымкі. Скарысталіся і набыткамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. 

Такім чынам, ілюстрацыйны матэрыял кнігі разнастайны. Не проста было яго сабраць і адабраць лепшыя ўзоры, над гэтым мы карпатліва працавалі з мастаком і дызайнерам Аляксеем Пятровым і цалкам паразумеліся. Для мяне вельмі важна, каб кніга была не толькі змястоўная, але і прыгожая. Здаецца, гэта атрымалася. Дзякуючы нашай працы людзі, па сутнасці, упершыню ўбачылі ў такой разнастайнасці беларускія посцілкі і дываны. 

— Ткацтвам на вёсцы займаліся жанчыны. Як вы лічыце, ці магла такая творчасць стацца пэўнай арт-тэрапіяй, бо жыццё жанчын у патрыярхальным грамадстве не было лёгкім? 

— У традыцыйнай сялянскай культуры жанчына праводзіла шмат часу за прасніцай, за ткацкім станком, гэта была жыццёвая патрэба: мець палатно, рабіць адзенне для ўсёй сям’і, часам вельмі вялікай. Жанчына апранала і ўпрыгожвала сям’ю, рабіла пасаг сабе, потым дачкам. Гэта былі тканіны, ручнікі, сарочкі, розныя прадметы для вясельнага і іншых абрадаў. 

Посцілкі на традыцыйнай вёсцы не былі такім ужо мастацтвам, яны былі патрэбныя як утылітарная рэч, у якую жанчына ўкладала няшмат творчасці. Самі назвы сведчаць пра гэта: у беларусаў прынята было называць іх «радзюжкі», «дзяружкі». Найлепшы кужэльны лён выкарыстоўваўся для палатна, адзення, а льняныя ніткі горшай якасці ішлі на гэтыя «дзяружкі». 

— А ў савецкі час сітуацыя памянялася?

— Яна змянілася ў міжваенны перыяд і асабліва пасля Другой сусветнай вайны. На вёску прыходзяць фабрычныя тканіны, там больш не вырабляюць палатно і не шыюць адзенне: у калгаснай вёсцы гэта было і немагчыма, бо гаспадары не сеялі свой лён. З новымі матэрыяламі з’яўляюцца новыя магчымасці. І паступова праз гэтыя сацыяльна-культурныя перамены жаночая творчасць пераключаецца на тканне посцілак і дываноў. Майстрыхі захапляюцца посцілкамі, стараюцца выткаць іх як мага больш цікавымі, разнастаіць узоры. Калі дзяўчына ішла замуж, ёй трэба было назапасіць у пасаг не адну прыгожую посцілку. У 1960–1970-я гады іх дарылі сынам, унукам. Па сутнасці, посцілка — апошні пласт народнай тэкстыльнай творчасці беларусаў, якая прыпынілася толькі напачатку 1990-х, калі стала складана набываць ніткі. Аднак пазней з’явілася магчымасць пры жаданні купіць у магазіне нават дыван. Так фабрычныя рэчы сталі выціскаць з вясковай хаты самаробныя. 

Але апошні пласт жаночага ткацтва пакінуў нам вялізную колькасць разнастайных посцілак. У іх няма рэгіянальных прыкмет, посцілка становіцца рэччу глабалізаванай: узоры мігрыравалі, жанчыны з Заходняй Беларусі пераязджалі ў БССР і прывозілі свае вырабы. Таму па ўсёй краіне гэтыя рэчы ў цэлым падобныя, хоць па некаторых з іх можна прасачыць, дзе яны ствараліся.

— Вы паказалі ў сваёй кнізе сапраўдны скарб. Ці можа стацца так, што ўзоры і арнаменты з тых шыкоўных вырабаў «асучасняцца» і набудуць новае нараджэнне — у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, строях, аздобах?

— Шчыра кажучы, падштурхнула мяне да працы і крыўда: чаму нашы студэнты Акадэміі мастацтваў, мастакі па тэкстылі мала ведаюць пра посцілкі? Здаецца, гэтая рэч ёсць у кожнай хаце, але не было такога, каб на яе паглядзелі вачамі сучаснага дызайнера. Мне хацелася паказаць, што посцілка — сапраўды цікавая рэч, сямейная рэліквія і нацыянальны скарб. Наш сучасны тэкстыль, дызайн адзення павінен мець свой беларускі твар, а без інтэрпрэтацыі, асэнсавання набыткаў традыцыйнай культуры гэта зрабіць складана. 

Спадзяюся, што кніга будзе падручнікам для мастакоў, для тых, хто займаецца рэкламай. Так атрымалася з маімі кнігамі пра ручнікі, пра касцюм... Я бачу, як матэрыял з гэтых кніг перапрацоўваецца, ужываецца ў іншых сферах мастацкай творчасці, візуальнай культуры. Гэта прыемна, бо разумееш: твае працы жывуць, яны патрэбныя людзям і фарміруюць уяўленне беларусаў аб сваёй нацыянальнай адметнасці.


Кнігу Вольгі Лабачэўскай «Беларускія посцілкі і дываны. Антрапалогія і мастацтва традыцыйнай рэчы» можна набыць у «Акадэмкнізе» па адрасу Мінск, пр-т Незалежнсці, 72.

Алена БРАВА

Фота посцілак Вольгі ЛАБАЧЭЎСКАЙ

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.