Вы тут

Зорны Х-фактар Марыі Купрыяновіч


Марыя Іосіфаўна — салістка адразу некалькі магілёўскіх мастацкіх калектываў, збірае аншлагі на сваіх канцэртах, прыхільнікі яе творчасці дораць любімай артыстцы букеты і нават вершы. Вопыт работы на сцэне ў яе вялікі — болей чым 64 гады! А нядаўна магіляўчку ўбачылі ў модным сёння беларускім тэлепраекце «Х-фактар». Сваёй «Блакітнай хустачкай» яна расчуліла Вольгу Бузаву, натхніла Руслана Аляхно і пакарыла нават Сяргея Саседава. Як вы зразумелі, размова пра журы гэтага конкурсу, зорак беларускай і расійскай эстрады.


Сёмы выпуск шоу «Х-фактар» у Беларусі, дзе ўдзельнічае наша зямлячка, можна ўбачыць на YouTube. Прыгожая, у чырвонай сукенцы і такога ж колеру капелюшы, Марыя Купрыяновіч выглядае чароўна. Нягледзячы на свае 74 гады.

— Усе гавораць, што ў мяне голас незвычайны, — расказвала яна пра сябе ў студыі моднага праекта перад пачаткам выступлення. — Пра мяне нават у энцыклапедыі напісана. А яшчэ ёсць 10 медалёў, пра некаторыя з якіх вы нават і не чулі...

Аб упартым і мэтанакіраваным характары Марыі Іосіфаўны краіна даведалася па яе ж расповедах. На здымкі ў Мінск яе прывезлі на інвалідным вазку. За некалькі месяцаў да здымак яна ўпала ў яму і зламала абедзве нагі. Напэўна, так яе выпрабоўваў лёс. Але гэта не спыніла. Да сцэны кінастудыі яе давезлі на вазку, але каля мікрафона яна ўстала на ногі і павітала журы.

Яны глядзелі на яе ва ўсе вочы і засыпалі пытаннямі. Пра хваробы, з якімі яна спраўляецца самастойна, пра касцюм, які, як высветлілася, яна сама і пашыла. Марыя Іосіфаўна таксама ў кішэню за словам не лезла. Той жа Бузавай на яе кампліменты адказала, што таксама рада была яе ўбачыць. «Вы ўся ў мяне», — апякунскім тонам сказала яна. Бузава была ў роспачы і прызналася, што таксама хацела б спяваць у 74 гады і шыць капялюшыкі.

Пра выступленне магіляўчанкі рускі і ўкраінскі музычны крытык Сяргей Саседаў сказаў: «Марыя Іосіфаўна, вы сама — Х-фактар. Ваша жыццё і лёс — цалкам Х-фактар. І наш у параўнанні з ім — адна сотая або адна тысячная частка. Вы — узор для тых, хто будзе выходзіць на сцэну, мэтр свайго лёсу. Выдатна спяваеце. Хто пачуе, як вы выконваеце, хай раўняюцца на вас».

Марыя Іосіфаўна сапраўды незвычайная. Не сядзіць у чатырох сценах і не скардзіцца на лёс. Ён быў не заўсёды літасцівы да яе, але яна нават і выгляду не падае. На сустрэчу з карэспандэнтам «Звязды» прыйшла як і на здымкі — элегантна апранутая — хоць зараз на сцэну — і з цэлым пакетам фотаздымкаў і публікацый: напэўна, ні адно сур’ёзнае культурнае мерапрыемства ў вобласці не абыходзіцца без яе лірычных рамансаў і аперэтачных арый. Яна, здаецца, свеціцца знутры, а ў спалучэнні са сваім запальвальным голасам заражае пазітывам з паўабароту.

— У «Х-фактар» я прыйшла не дзеля таго, каб пабудаваць сваю пеўчую кар’еру, — прызнаецца. — Мне хапае прыхільнікаў і без гэтага. Проста заўсёды цікава паспрабаваць нешта новае. Таму, калі кіраўніца студыі класічнага вакалу, якую я наведваю, паведаміла пра кастынг, не раздумваючы, пайшла. Дастаткова было і адной песні, але я праспявала шэсць — тры рамансы, дзве ваенныя і песню «Адліга», якую спяваю 25 гадоў «на фантанах» у магілёўскім скверы 40 гадоў Перамогі.

Напэўна, дзякуючы ўпартасці і невычэрпнаму жыццялюбству, жыццё Марыі Іосіфаўны ніколі не было сумным. З 10 гадоў спявала ў дзіцячым хоры пры Палацы культуры Магілёўскага завода штучнага валакна. Назва гэтага хору занесена ў энцыклапедыю Магілёва. Марыя Купрыяновіч у 13 гадоў стала лаўрэатам конкурсу за выкананне песні «Данка» на музыку Ёганеса Брамса.

Калі Марыя Іосіфаўна расказвае пра фестывалі і конкурсы, у якіх удзельнічала, хутка збіваешся з ліку. Запамінальных выступленняў было столькі, што можна кнігу пісаць. Жанчыне прысвячалі вершы, дарылі кветкі і сэрцы. На адным з юбілейных канцэртаў уручылі аж 42 букеты. Здараліся цікавыя сустрэчы з вядомымі людзьмі. Падчас выступлення на турбазе ў горадзе Сочы да яе падышла знакамітая актрыса Людміла Хіцяева. Яна паціснула спявачцы з Магілёва руку і падзякавала за вельмі цудоўны голас і добры настрой. Прыемна было пачуць добрыя словы ад Ігара Лучанка, які падышоў да яе пасля аднаго з канцэртаў на Гомельшчыне. А на конкурсе ў Курску яна пакарыла выкладчыкаў расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, якія знаходзіліся ў журы. Ім спадабалася, як яна праспявала ваенныя песні. Там жа яна выканала песню земляка, вядомага магілёўскага паэта Івана Пехцерава — «Белая Русь.» Успамінае, што зала падпявала ёй стоячы.

— Я стараюся спяваць так, каб людзям гэта падабалася, — дзеліцца сакрэтам поспеху. — Знаёмыя кажуць, што нават калі б не было чуваць майго голасу, зразумелі б, што я спяваю, па маіх руках.

На «Х-фактар» Марыя Іосіфаўна прыхапіла з сабой і ўзнагароды — працоўныя і «песенныя». Асабліва ўразіла журы «медаль» за ўдзел у конкурсе «Дзе-Рыбас — Адэса маці, Дзе-Рыбас — Адэса тата».

— Гэта было ў 1976 годзе, — усміхаецца яна. — Мы з сяброўкамі адпачывалі на моры і вырашылі наведаць буцікі на вялікім прагулачным цеплаходзе «Россия». Але, калі я прачытала, што там праводзіцца песенны конкурс, мне было ўжо не да буцікоў. Сказала дзяўчатам, што жадаю стаць пераможцам гэтага конкурсу. Так і атрымалася. Праспявала куплеты з 10 песень, кожны з якіх пачынаўся з апошняй літары папярэдняга. Калі публіка пачула пра «шаланды поўныя кефалі», узарвалася ў захапленні. Першае месца было за мной.

Гэты медаль ёй дарагі яшчэ і тым, што той цеплаход «Россия», на якім яна спявала, як высветлілася, вельмі пацярпеў падчас вайны. Немцы яго захапілі, але ў 1950-я гады былы танкер вярнулі ў Савецкі Саюз. Ён быў увесь абстраляны кулямі і снарадамі. Яго адрамантавалі і зрабілі прагулачным. І наперакор усім няшчасцям ён яшчэ пэўны час вазіў адпачывальнікаў.

— «На сцэне каралева, уборы хоць куды...» — дэкламуе Марыя Іосіфаўна прысвечаныя ёй радкі ад кранутых яе рамансамі прыхільнікаў.

Канцэртныя сукенкі — асобная нагода для размовы. Чырвоная з празрыстымі рукавамі і ўпрыгожаная ракавінкамі скарылі Бузаву. Яна спытала, дзе Марыя Іосіфаўна заказвала ўбор. Тая сціпла адказала, што пашыла сама за тыдзень. Не стала дадаваць, што яшчэ і ночы прыходзілася шчыраваць. Бо касцюм складаны, ды яшчэ з капелюшам. А шые спявачка ўручную, швейная машынка некалькі гадоў як зламалася. Сукенкі і кашулі яна прыдумвае спецыяльна пад музычны твор. У калекцыі ўжо 20 такіх строяў. У рабоце яшчэ адзін — бэзавы. У ім яна будзе зіхацець (у прамым сэнсе слова, бо тканіна пад луску) на сваім двайным юбілеі (75 гадоў з дня нараджэння і 65 — канцэртнай творчасці) 26 студзеня. Прывычка шыць засталася са школьных урокаў па працоўным навучанні. Яе і тады настаўніца ацэньвала вышэйшым балам за старанне, бо ў адрозненне ад аднакласніц, якім маці страчылі нарады на швейных машынках, яна рабіла іх пры дапамозе выключна іголкі і ніткі.

— На юбілейным канцэрце буду спяваць «Карамбаліну» і песню, якую прадставіў Баскаў на свой юбілей, — «Прывід оперы». Памятаеце? «В мой разум призрак оперы проник, он мой двойник...» Баскаў праспяваў. Чаму я не магу на сваім юбілеі выканаць? — дзеліцца планамі суразмоўніца.

Любоў да песні ў Марыі Іосіфаўны спадчынная. Бацька спяваў, а яго брат Пётр іграў на гармоніку. Яны і ваявалі разам, Пётр загінуў. Маці Марыі Іосіфаўны цудоўна спявала прыпеўкі. Дачка занатавала пад сотню яе песень. На жаль, нататнік згубіўся. Любоў да песні перадалася і дзецям. Бацька быў ваенным, і сям’я пераязджала з месца на месца. Некалькі гадоў таму Марыя Іосіфаўна пазнаёмілася са сваім акампаніятарам, таксама былым ваенным Валерыем Кантроўскім. Высветлілася, што ён праходзіў службу на поўначы, у горадзе Пячоры, дзе пабраліся шлюбам бацькі Марыі Іосіфаўны і дзе яна нарадзілася. Былы падпалкоўнік самавучка, іграе на акардэоне выключна рамансы. Таму яны і сталі выступаць разам. Сёння іх можна пачуць на канцэртах у ДК чыгуначнікаў, іх шмат запрашаюць на творчыя вечары ў санаторыі і бібліятэкі.

Голас Марыі Іосіфаўны ведаюць прыхільнікі танцаў пад духавы аркестр «на фантанах» у скверы 40 гадоў Перамогі Магілёва. З 1995 года тут кожнае лета па нядзелях вальсуюць пад духавы аркестр аматары рэтрамелодый. Марыя Іосіфаўна прыйшла туды аднойчы і таксама захапілася.

— У мяне тады памерла маці, я замкнулася ў сабе, сядзела дома. І сяброўка паклікала на фантаны, каб крыху магла развеяцца, — дзеліцца яна гісторыяй 25-гадовай даўніны. — Прыйшлі, а там я пазнала ў вядучай сваю аднакласніцу Вольгу Руцкую. Яна прапанавала праспяваць пад духавы аркестр, і я рызыкнула. Выканала «Ты чуеш песню сэрца майго» і танга «Кахаю». Дагэтуль іх спяваю.

Марыя Іосіфаўна — натура вельмі аптымістычная і творчая. Нездарма ў яе руках ажывае нават сухое дрэва. Напрыканцы яна ўспомніла калядную гісторыю пра тое, як 25 гадоў таму, калі працавала ў дзіцячым садку, зрабіла сувенір з сухога дрэва, пакрыла яго лакам, а напярэдадні Раства на ім з’явіліся тры вешанкі. Вось і не вер пасля гэтага ў прымаўку, што ў руках творцы і камень ажывае.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з калекцыі Марыі Купрыяновіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Грамадства

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.

Грамадства

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук — заслужаны артыст БССР, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар.

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.