Выстаўка габеленаў «Тканыя гісторыі» адкрылася ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці ў першы дзень зімы. Наведаць яе можна да 12 снежня.
Стары млын, беласнежны храм, букет бэзу на стале вясковай хаты — кожная тканая карціна выпраменьвае цеплыню, у кожнай адчуваецца любоў да роднага краю. Усяго на выстаўцы прадстаўлена больш за 40 габеленаў. Выканалі іх сем таленавітых майстроў з розных куткоў Верхнядзвінскага раёна. Двое з іх на адкрыцці выстаўкі не толькі распавялі пра свае работы, але і правялі майстар-клас па вырабе габеленаў для ўсіх наведвальнікаў.
— Мы ў раёне развіваем 16 кірункаў народных рамёстваў, — распавяла дырэктар Верхнядзвінскага раённага Дома рамёстваў Святлана МАЛАХОЎСКАЯ. — Сярод іх — саломапляценне, спіральнае пляценне, наіўны (інсітны) жывапіс, выцінанка... Візіткай жа Верхнядзвіншчыны з’яўляецца ткацтва на кроснах. Акрамя таго, наш раён славіцца самабытнымі габеленамі. Іх у нашым фондзе налічваецца каля 50 — гэта больш, чым у іншых раёнах вобласці.Майстры Верхнядзвінскага краю адрозніваюцца тым, што не баяцца эксперыментаў. Выкарыстоўваюць розныя тэхнікі ткацтва, розныя прыёмы пляцення.
— Ганарымся, што нашы ўмельцы валодаюць не толькі чатырохнітовым ткацтвам, якое распаўсюджана ў Беларусі, але і больш рэдкім шасцінітовым, — адзначае Святлана Малахоўская. — Таксама актыўна адраджаем ткацтва паясоў на дошчачках і на бярдзечку. Нядаўна рэканструявалі два паясы на бердзечку Асвейскага краю. Работы нашых майстроў не пакідаюць нікога абыякавымі, атрымліваюць найвышэйшыя адзнакі прафесіяналаў. Чатыры гады таму народны касцюм з традыцыйнымі арнаментамі раёна, сатканы верхнядзвінскімі ўмельцамі, заняў першае месца ў вобласці.
Пры Доме рамёстваў вось ужо тры гады працуе гурток па мастацкім ткацтве пад кіраўніцтвам Валянціны Шумскай. Адзін з яе таленавітых выхаванцаў — 25-гадовы Андрэй Скрыпка. Малады чалавек наведвае дзённае аддзяленне знаходжання для інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ён, дарэчы, таксама ездзіў на адкрыццё выстаўкі габеленаў у Віцебск, удзельнічаў у майстар-класе, распавядаў, як яго натхняе ткацтва.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!