Вы тут

Сельскі настаўнік — пра свой свядомы выбар, сям’ю і клуб аматараў вандровак


«А ці далёка ад Верхнядзвінска да Сар’і?» — пацікавіўся ў раённым аддзеле адукацыі выпускнік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, малады гісторык Дзяніс КАЗЛОЎ. І пачуў: «Не, не вельмі далёка, кіламетраў восем...» Пасля заканчэння ВНУ ў хлопца быў свабодны дыплом і некалькі варыянтаў з працаўладкаваннем. Але буйныя гарады яго зусім не вабілі.


Статус і аўтарытэт

Дзяніс Казлоў з задавальненнем дзеліцца сваімі педагагічнымі знаходкамі з калегамі

 

— Сам я родам з гарадскога пасёлка Лёзна, — расказвае Дзяніс. — Калі вучыўся ва ўніверсітэце, мае аднакурснікі з сельскай мясцовасці чамусьці гэтага факта ў сваёй біяграфіі саромеліся, а я, наадварот, ганарыўся. З Лёзна, між іншым, родам славуты мастак Марк Шагал! Ну ці гэта не крута? А пасля заканчэння вучобы я... даслаў сігнал у космас — вельмі хацелася трапіць у нейкае ціхае месца. Вярнуўся дадому, склаў сумкі і... пачаў чакаць. Вырашыў для сябе, што паеду туды, куды накіруе лёс. І вось на мой «запыт да Сусвету» прыйшоў адказ (смяецца). Знаёмы сказаў, што ў яго ў Верхнядзвінску ёсць старое жыллё. Паехаў з сябрам пацікавіцца: а раптам там патрэбны настаўнік гісторыі? Кажуць, так, патрэбны ў школе ў Сар’і.

Вучням цікавая найперш гісторыя іх радзімы, прычым непасрэдна на месцы гістарычных падзей.

Гэта была амаль дэтэктыўная гісторыя, бо я прыехаў у райцэнтр без дакументаў (проста пацікавіцца), але работу ў выніку атрымаў. Калі накіраваўся праз пэўны час на сваёй машыне знаёміцца з будучым месцам працы, бачу, што на спідометры ўжо 12 кіламетраў ад Верхнядзвінска, а на ўказальным знаку на павароце напісана, што да Сар’і... яшчэ 11 кіламетраў! Падумаў, нічога сабе! Але калі трапіў у Сар’ю, то мяне гэтыя мясціны адразу зачапілі. Фактычна там праходзіць мяжа, дзе сутыкаюцца дзве культуры: Захад і Усход, каталіцтва і праваслаўе. Захапіў неверагоднай прыгажосці храм, пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя Ігнаціем Лапацінскім у гонар памерлай жонкі Марыі, адзін з самых выразных неагатычных храмаў у Беларусі з цікавай гісторыяй (у розныя часы ён пераходзіў то каталікам, то праваслаўным, зараз гэта Царква Успення Прасвятой Багародзіцы), ландшафтны парк, рака Сар’янка... Да таго ж для мяне як для гісторыка і этнографа вельмі цікава вывучаць і гэтыя мясціны і іх жыхароў. Я ўжо і сам магу праводзіць экскурсіі па Сар’і. Калі звяртаюцца, не адмаўляю.

Як дабіраюся да працы штодня — асобная гісторыя. Расклад рэйсавых аўтобусаў (панядзелак, серада, пятніца) мне, зразумела, не падыходзіць. Машына не новая і часта ламаецца, што цягне шмат грошай на рамонт, а ў моцныя маразы «дызель» і ўвогуле праблематычны завесці. Тады выратоўвае аўтаспын. І самае частае пытанне, якое чую ад кіроўцаў: «Ты ж малады, навошта табе гэта трэба?» Адчуваю сябе нейкім дзіваком, затое мне робяць зніжку на станцыі тэхнічнага абслугоўвання, пры карыстанні таксі (зноў смяецца). Хоць ёсць і неразуменне, але і павага таксама. Усё ж такі ў сельскай мясцовасці настаўнік яшчэ не страціў свой статус і мае аўтарытэт...

Вучням цікавая найперш гісторыя іх радзімы, прычым непасрэдна на месцы гістарычных падзей.

Пяць гадоў таму, калі выпускнік Полацкага ўніверсітэта прыйшоў у Сар’янскую базавую школу, там было 100 вучняў, а цяпер іх колькасць зменшылася ўдвая. Справа ў тым, што шматдзетныя сем’і атрымліваюць жыллё ў Полацку, Наваполацку, Верхнядзвінску і з’яджаюць. Узнікае заканамернае пытанне: а якая ж нагрузка ў гісторыка?

— Не хвалюйцеся за мяне, максімальна магчымая — 36 гадзін, — запэўнівае Дзяніс Іванавіч. — Акрамя гісторыі і грамадазнаўства, я выкладаю геаграфію, мастацтва, працую педагогам-арганізатарам, вяду гурток па краязнаўстве...

Школа ці бізнес?

Хоць быў у жыцці сельскага настаўніка перыяд, калі ён вырашыў паспрабаваць сябе яшчэ і ў бізнесе. Жартуе, што думка пра пошукі дадатковай крыніцы даходу з’явілася ў яго пасля таго, як скончылася першая зарплата. Вырашыў адкрыць магазін па продажы разліўной парфумерыі і касметыкі. У яго былі нават дзве гандлёвыя кропкі..

— Да таго ж мне было цікава даведацца, як працуе бізнес і эканоміка знутры, бо я ж яшчэ і настаўнік грамадазнаўства, — канстатуе ён. — Даведаўся... Нават атрымліваў нейкі даход, які вельмі ўратоўваў, калі адпускныя грошы ўжо скончыліся, а да зарплаты яшчэ працаваць і працаваць. Але праз 3,5 года зразумеў, што ў маленькім гарадку вышэй за пэўны ўзровень скокнуць нельга, таму трэба пашыраць свой бізнес, асвойваць суседнія раёны, але тады давядзецца кідаць школу.

Сумяшчаць далей гэтыя дзве справы стала немагчыма. І я зрабіў свой выбар на карысць школы. Зразумеў, што калі табе штосьці падабаецца рабіць, то трэба прысвячаць сябе гэтаму занятку цалкам, і тады ўсе твае выдаткі — і маральныя, і фізічныя — абавязкова акупяцца.

Гісторыя малой радзімы

Сёння ён з задавальненнем дзеліцца сваімі педагагічнымі знаходкамі з калегамі. Адна з іх — клуб «VANDROЎKІ AMATARAЎ ГІSTORЫІ». Калі малады настаўнік прыйшоў у школу, яму адразу даручылі класнае кіраўніцтва. Але ён не ведаў, як матываваць дзяцей, для якіх адзнакі ў лічбах мала што значылі. І тады вырашыў прымяніць рэйтынгавую сістэму (пазычыў ідэю ў сваіх універсітэцкіх выкладчыкаў). А каб дзеці трапілі на кручок, пачаў расказваць ім пра свае вандроўкі, паходы, этнаграфічныя і археалагічныя экспедыцыі, вясёлыя гісторыі, з імі звязаныя, і падмацоўваў аповеды фатаграфіямі і відэа. Нарэшце пачуў: «А калі мы пойдзем у паход?» Так быў заключаны дагавор: вучні стараюцца павысіць свае адзнакі кожную чвэрць (сярэдні бал хоць на некалькі дзясятых), а ўзнагародай за іх намаганні стане сумесная вандроўка з начоўкай. Цікава, што ў ходзе заключэння дагавора дзеці прапісалі, хто і за што будзе ў іх калектыве адказваць. Размеркавалі ролі па здольнасцях і інтарэсах, але нішто не перашкаджала ім паспрабаваць сябе ў іншай ролі. І вось такая «гульня» прынесла плён — напрыканцы вучэбнага года ўсе вучні заслужылі права пайсці ў паход. Мае калегі пыталіся: «Што ты з імі зрабіў? Яны гатовыя на ўсё, каб толькі павысіць сваю адзнаку...»

Цяпер вандроўкі з вучнямі сталі рэгулярныя. Зіма, восень, вясна, лета... Толькі б спрыяла надвор'е!

«Калі жадаеце застацца ў памяці вучняў, зрабіце для іх тое, што яны чакаюць, — раіць Дзяніс Казлоў. — Ноч у лесе каля вогнішча. Ніхто не прымушае класціся спаць... Я асабіста не памятаю нават самыя лепшыя ўрокі свайго настаўніка біялогіі, затое памятаю ўсе нашы паходы — як гэта было крута, складана і цікава... Цяпер нашы вандроўкі з вучнямі сталі рэгулярныя. Зіма, восень, вясна, лета... Толькі б спрыяла надвор’е. Калі я пяць гадоў таму трапіў у Сар’янскую школу, амаль нічога не ведаў пра гэтыя мясціны. Мой родны Лёзна, гісторыю якога я даследаваў, знаходзіўся на адлегласці ў 250 кіламетраў ад цяперашняга месца дыслакацыі. І гэтыя гістарычныя плямы трэба было ліквідаваць. А яшчэ ў мяне быў пасляўніверсітэцкі сіндром: высветлілася, што гісторыя, якую я як «місіянер» прыехаў выкладаць «абарыгенам», мала каго прываблівае. Вучням цікавая найперш гісторыя іх радзімы, прычым не толькі ў рамках школьнай праграмы, а непасрэдна на месцы гістарычных падзей. Пасля таго, як даведаліся аб месцазнаходжанні цікавых гістарычных мясцін, мы пачалі складаць маршруты, каб потым больш грунтоўна іх даследаваць і пачаць распрацоўку гістарычнага матэрыялу. Падчас аднадзённых экспедыцый былі запісаны інтэрв’ю з удзельнікамі розных падзей, якія маюць каштоўнасць для гісторыі. Дзецям цікава рабіць відэаролікі — як справаздачу пасля чарговай вандроўкі. Праўда, сутыкнуліся з адной праблемай: ёсць столькі людзей, з якімі трэба пагутарыць, і столькі месцаў, дзе трэба пабываць! Часу на ўсё не хапае! А калі яшчэ запрасіць з сабой у вандроўку цікавага госця...

Шыкоўная вандроўка па лініі Сар’я — Калюты — Муйжа — Папартнава — Пушча—Вознава — Сар’я , якая адбылася ў верасні гэтага года, запомнілася ўсім сустрэчай з неверагодным чалавекам — нас суправаджаў Антон Францавіч Бубала, краязнаўца і паэт, які пагадзіўся прыадкрыць дзіўныя таямніцы роднага кутка. Гэта была вандроўка з цікавымі гісторыямі і прыгожымі вершамі, якія мы ўсе слухалі з захапленнем. Мяркую, што калі б сустрэча адбылася ў сценах школы, то такога эфекту ніколі б не атрымалі. Да таго ж, нягледзячы на паважаны ўзрост земляка, нашы маладыя ногі ледзь паспявалі за сталым турыстам«, — дзеліцца ўражаннямі Дзяніс Казлоў.

У першыя паходы настаўнік з вучнямі бралі з сабой старыя цяжкія савецкія палаткі з прадзіраўленага палатна, праз якія камары праходзілі наскрозь, не заўважаючы перашкод. Але потым намаганні «олдскульнага» педагога былі заўважаны, і старшыня калгаса дапамог набыць сучасныя палаткі, спальнікі і турыстычныя дыванкі. Знайшліся і спонсары, якія дапамаглі з сучасным турыстычным рыштункам.

— Ка­лі ты ўсё ро­біш ад ду­шы, ка­лі га­рыш, гэ­та аба­вяз­ко­ва за­ўва­жаць і пад­тры­ма­юць,— за­пэў­ні­вае сель­скі на­стаў­нік.— Га­лоў­нае — не ста­яць на мес­цы і раз­ві­вац­ца. Ня­важ­на, дзе вы жы­вя­це і пра­цу­е­це, усім дзе­цям па­він­на быць ад­ноль­ка­ва да­ступ­ная якас­ная і су­час­ная аду­ка­цыя: і сель­скім, і га­рад­скім. Пры­зна­ю­ся, што я сам са­бе ска­заў: ка­лі ты не прой­дзеш кон­курс­ны ад­бор у пра­гра­му "На­стаў­нік для Бе­ла­ру­сі", то, на­пэў­на, трэ­ба ста­віць кроп­ку ў гэ­тым жыц­цё­вым эта­пе. Пяць га­доў у сель­скай шко­ле... Шмат зроб­ле­на для дзя­цей, спа­дзя­ю­ся, што за­стаў­ся ў па­мя­ці сва­іх вуч­няў, і трэ­ба, на­пэў­на, іс­ці да­лей. Прос­та каш­тоў­нас­ці і ідэі, за­кла­дзе­ныя ў гэту пра­гра­му, мне вель­мі бліз­кія — уні­каль­ныя маг­чы­мас­ці трэ­ба ства­раць для ўсіх дзя­цей, а не толь­кі для га­рад­скіх! А цяпер я тра­піў у су­поль­насць вель­мі апан­та­ных лю­дзей і са­праўд­ных пра­фе­сі­я­на­лаў... Ад­чу­ваю ся­бе ка­рыс­ным для сва­іх вуч­няў. Мя­не сю­ды на­кі­ра­ваў Бог, аль­бо лёс, аль­бо не­ба...

Проста бацька...

Сёння ў Дзяніса Казлова — моцная сям’я, двое дзяцей ва ўзросце чатыры і паўтара года. Жонка (музыкант па прафесіі) падтрымала мужа ў яго жаданні паехаць працаваць у вёску.

— Мой тата быў бульдазерыстам, — кажа педагог. — Памятаю, як ён вечарам прыходзіў дадому, мыў рукі і станавіўся маім бацькам. Я ніколі не бачыў, каб ён прыносіў рухавік і пачынаў яго перабіраць, таму што заўтра ў яго важная праца і трактар павінен завесціся. Ён ніколі ад мяне не адмахваўся, таму што заняты.... І я вырашыў, што для сваіх дзяцей таксама абавязкова буду добрым бацькам. Для мяне гэта насамрэч вельмі важна!

«Я праводжу ў школе 8 гадзін штодня і ніколі не бяру работу дадому. Магчыма, хтосьці з маіх калег мяне не зразумее ці нават асудзіць. Многія працуюць суткамі на знос і чужыя дзеці (вучні) у іх больш дагледжаныя, чым свае. Таму я заклікаю ўсіх: калі вы стварылі сям’ю, то будзьце найлепшымі мужамі ці жонкамі і найлепшымі бацькамі для сваіх дзяцей. Канешне, цалкам выкрасліць школьны бок майго жыцця, калі я пераступаю парог свайго дома, мне не ўдаецца, бо ёсць чаты ў сацыяльных сетках, дзе я кантактую са сваімі вучнямі. Але разам з тым яны дазваляюць і спрасціць многія рабочыя моманты. Калі мяне запытаюць, ці раю я станавіцца сельскім настаўнікам, адкажу: так, раю. А ці раю жаніцца? Раю! Я адчуваю, што рэалізоўваюся як мужчына, калі клапачуся аб сваёй сям’і».


Даведка

Сар’я — аграгарадок (да 2008 — вёска) у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Размешчаны на правым беразе Сар’янкі. Праз аграгарадок праходзіць аўтамабільная дарога абласнога значэння Верхнядзвінск — Асвея. Першыя пісьмовыя згадкі Сар’і датуюцца 1506 годам.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з суполкі «УКантакце»

Загаловак у газеце: «Ты ж малады, табе гэта трэба?»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.