Амаль тыдзень правёў у беларускай сталіцы расійскі пісьменнік Алег Трушын. Паездка была надзвычай насычана сустрэчамі. Іх Алег Дзмітрыевіч правёў у мінскіх школах і гімназіях, а таксама ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва. Празаік і літаратуразнаўца — часты госць у Мінску. Прымае ўдзел у кніжных выстаўках, розных імпрэзах. І, зразумела, актыўна прапагандуе свае кнігі, якія выходзяць у розных маскоўскіх выдавецтвах.
Алег Трушын — аўтар кніг «Покліч леса», «Пад шчаслівай зоркай», «Навокал Расія — родны край», «Там рускі дух...» і іншых выданняў, якія расказваюць пра прыроду і яе насельнікаў. Кнігі ў асноўным адрасаваны юнаму чытачу. Творчасць мастака слова і прыродазнаўцы адзначана Прэміяй Цэнтральнай федэральнай акругі Расійскай Федэрацыі ў галіне літаратуры і мастацтва, Міжнароднай літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў Расіі імя А. М. Талстога, Літаратурнай прэміяй імя А. П. Чэхава, Міжнароднай літаратурнай прэміяй імя І. С. Сакалова-Мікітава, Літаратурнай прэміяй імя М. М. Прышвіна. Пісьменнік — член Саюза краязнаўцаў Расіі, член Саюза пісьменнікаў Расіі.
Асобная тэма ў творчасці расійскага літаратара — жыццё і творчасць любімых ім пісьменнікаў. Сумесна з Уладзімірам Скрабіцкім ён напісаў кнігу «Георгій Аляксеевіч Скрабіцкі», прысвечаную аўтару многіх кніг пра прыроду. Творчасць Г. Скрабіцкага звязана і з Беларуссю. У 1949 годзе разам з Верай Чаплінай ён напісаў і выдаў кнігу «У Белавежскай пушчы». Толькі што ў знакамітай «маладагвардзейскай» серыі выйшла кніга А. Трушына «Фёдар Абрамаў: Параненае сэрца», дзе ёсць і «мінскія старонкі» з біяграфіі славутага рускага пісьменніка, яго сям’і. Некаторыя раздзелы Алег Трушын напісаў якраз у Мінску.
Наведаў расійскі пісьменнік і Выдавецкі дом «Звязда», пазнаёміўся з газетамі і часопісамі, а таксама кнігамі выдавецтва.
Мікола БЕРЛЕЖ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.