Вы тут

Навінкі ад «Мастацкай літаратуры»: год 2022


Разам з дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесем БАДАКОМ давайце паспрабуем зазірнуць у наступны, 2022-гі, год. Якія кніжныя серыі будуць прадоўжаны? З якімі новымі творамі беларускіх паэтаў і празаікаў зможа пазнаёміцца айчынны чытач? Што будзе выдадзена з дзіцячай літаратуры?


Планы, безумоўна, могуць яшчэ і карэкціравацца, дапаўняцца, — адразу заўважае Алесь БАДАК. — І тым не меней, мы ўжо маем даволі канкрэтнае ўяўленне пра тое, што павінны выдаць, над многімі кнігамі праца, калі і не завершана, то ў поўным разгары.

Адразу хацелася б запытацца, ці будуць прадоўжаны такія праекты, як выданне «Залатой калекцыі беларускай літаратуры ў 50-ці тамах», а таксама выданне збораў твораў Караткевіча і Брыля?

Зразумела. Па-першае, тое, што пачата, павінна і надалей дапаўняцца альбо завяршацца. Што да Уладзіміра Караткевіча, то выдадзім 21-ы том з мяркуемага 25-томніка. У гэтую кнігу ўвойдуць дзённікі і запісныя кніжкі
класіка. Плануецца да выдання і сёмы том народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля, у якім змешчаны яго лірычныя мініяцюры. «Залатая калекцыя...» дапоўніцца 23-м томам з паэзіяй Аркадзя Куляшова і Аляксея Пысіна, а таксама — 24-м томам, дзе пад адной вокладкай чытачу будуць прадстаўлены п’есы Кандрата Крапівы і Андрэя Макаёнка.

У пакупніка ў кнігарнях і ў бібліятэкараў увагу займелі вашы кнігі, з якіх вы складаеце «Народную бібліятэку»...

Так, мы ўжо выдалі аднатомнік Максіма Багдановіча і два тамы выбранай паэзіі — вершы ў адным томе, у другім — паэмы і «Паўлінка» — Янкі Купалы. Заказаў гэтулькі, што першыя тыражы паўтараем... Толькі што пабачыў свет і двухтомнік Васіля Быкава, у якім друкуюцца шэсць яго знакамітых аповесцей: «Знак бяды», «Альпійская балада» і іншыя. У 2022 годзе выдадзім два тамы выбраных твораў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Якраз і 140-годдзе народнага песняра гэтым самым адзначым... І яшчэ «народным» па характару будзе двухтомнік Уладзіміра Караткевіча. У першым томе — «Дзікае паляванне караля Стаха» і раман «Нельга забыць». У другім — «Чорны замак Альшанскі» і «Сівая легенда»...

Спадзяюся, пра «Новую зямлю» у двухтомніку не забыліся..?

Канешне ж. І сёння гэты твор па праву лічыцца галоўным мастацкім здабыткам народнага песняра. Мы і ў двухтомнік «Новую зямлю» уключылі, і асобна паэму выдаём. Праўда, у асобным выданні паэма гучыць на дзвюх мовах — беларускай і рускай. Варта заўважыць, што рускамоўны чытач упершыню зможа пазнаёміцца з поўным перакладам славутай паэмы. Да гэтага часу «Новая зямля» па-руску выдавалася ў скарочаным варыянце, у які не ўваходзілі некалькі раздзелаў.

А калі гаварыць пра сучасную мастацкую літаратуру..?

У наступным годзе адзначае свой шасцідзесяцігадовы юбілей вядомы беларускі празаік Анатоль Казлоў. У выдавецкім партфелі ляжыць яго рукапіс «Нагаварыцца з ветрам», які складаецца з аповесцей і апавяданняў апошніх гадоў. Запланавана да выдання і прыгодніцкая аповесць Раісы Баравіковай «Фальварак каменнай бабы». Выдадзім кнігу прозы Канстанціна Нілава, які піша на рускай мове, — раман «Горкія жарсці паланеза Агінскага». І хаця назва такая як быццам з далёкім па часе адрасам, твор прысвечаны падзеям ва Усходняй Еўропе ў 1939 — 1941 гадах. Канешне ж, пісьменнік выходзіць і на тэму далучэння заходніх зямель Беларусі і Украіны да Савецкага Саюза. Рыхтуем да друку кнігу вершай Мікалая Намеснікава, які жыве ў Віцебску. Увогуле, па меры сваіх магчымасцей мы стараемся падтрымліваць несталічных аўтараў. Той жа Канстанцін Нілаў, напрыклад, жыве ў Оршы.

Сваю новую кнігу — «Рэктары» — прынёс у выдавецтва лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, доктар педагагічных навук Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў. Мы працуем з гэтым аўтарам ужо некалькі гадоў. Выдалі яго тры кнігі. Дарэчы, яны досыць добра разыходзяцца, не
залежваюцца ў выдавецтве...

«Мастацкая літаратура» некалькі гадоў назад пачала выдаваць серыю паэтычных кніг, у якіх у межах аднаго томіка прадстаўляліся лепшыя мастацкія здзяйсненні аднаго аўтара...

Вы, пэўна, маеце на ўвазе праект «100 вершаў»... Мы выдавалі ў гэтай серыі не толькі кнігі аднаго аўтара, а яшчэ — і тэматычныя зборнікі... У 2022 годзе выдадзім наступныя зборнікі: «Мы — беларусы» — выбраныя вершы беларускіх паэтаў пра беларусаў, выданне прымеркавана да Дня народнага адзінства. І яшчэ адзін зборнік у серыі «100 вершаў» — «Як многа гавораць мне назвы такія», дзе сабраны творы беларускіх паэтаў пра нашых гарадоў і вёсак.

Па традыцыі апошнія гады «Мастацкая літаратура» вельмі шмат увагі надае дзіцячаму кнігавыданню… Тэндэнцыя захоўваецца. Недзе каля двух дзесяткаў гадоў, як да нас далучана выдавецтва «Юнацтва», якое спецыялізавалася на выданні дзіцячай, падлеткавай літаратуры. Вось і мы доўжым гэтую творчую, кніжніцку лінію… Звяртаем увагу на папулярныя кнігі ранейшых дзесяцігоддзяў. Вось і ў 2022 годзе перавыдадзім аповесці і апавяданні Ядвігі Бяганскай — «Як мы з Паўлікам былі рабінзонамі», кнігу краязнаўчых нарысаў Віталя Вольскага «Падарожжа па краіне беларусаў». А яшчэ — зборнік апавяданняў і казак Міхася Даніленкі «Як дажджы памірыліся»... З перавыданняў — і творы Эдзі Агняцвет, Леаніда Прокшы, Пятра Сіняўскага... У планах — і кнігі Міколы Мятліцкага, Раісы Баравіковай, адрасаваныя дзецям. А ў зборніку «Урок без перапынку» аб’яднаем творы, прысвечаныя беларускім настаўнікам. У кнігу ўвайшлі аповесці і апавяданні беларускіх празаікаў — «Першае каханне» Уладзіміра Аляхновіча, «Урокі арыфметыкі» Вячаслава Адамчыка, «Урок без перапынку» Леаніда Гаўрылкіна і іншыя творы.

А што датычыць пазнавальнай літаратуры..?

Спадзяёмся, што папулярнасць, шырокую ўвагу набудуць кнігі такога характару: «10 пытанняў пра нашых славутых продкаў»; «10 пытанняў пра беларускія гарады і вёскі»; «10 пытанняў пра беларускія азёры і рэкі»... А магчыма, тэмы наступных кніг для гэтага праекта нам падкажуць самі чытачы — школьнікі малодшых класаў, настаўнікі..? Веру, што зваротная сувязь і ў плане кнігавыдавецкім шмат што значыць. Па такому прынцыпу мы збіраем і «Народную бібліятэку»…

Яшчэ хацеў бы назваць некалькі кніг народных пісьменнікаў Беларусі, якія, несумненна, зацікавяць юнага чытача... Размова — пра кніжачку апавяданняў Івана Шамякіна з творамі «Цуд на краі свету», «Пастушок» і «Азбука», а таксама пра зборнік апавяданняў Янкі Брыля «Сняжок і Волечка». Выдадзім і кнігу апавяданняў Уладзіміра Ягоўдзіка, які шмат працуе ў галіне дзіцячай літаратуры, — «Атаман барабан», зборнік Алены Васілевіч «Калінавая рукавічка»...

Дзякуй, Алесь Мікалаевіч, за такі падрабязны расповяд пра планы «Мастацкай літаратуры» у бліжэйшай будучыні!

А мы чакаем ад чытачоў падказак, што выдаваць. Хацелася б зрабіць беларускую кнігу надзвычай запатрабаванай.

Гутарыў Кастусь ЛЕШНІЦА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.

Грамадства

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў  і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Са старажытных часоў Іўеўшчына адметная сваёй шматнацыянальнасцю. 

Грамадства

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Музей, валуноў, вавёркі, вадзянога млына і не толькі.