Вы тут

У гасцях у восені з “Паўлінкай”


Восеньскае свята для дзяцей правялі актывісты Ліепайскай беларускай абшчыны “Мара”


Здымак з дзецьмі каля беларускага арнаменту, разам з імі змайстраванага

Не сакрэт: інтарэс да іншай культуры, традыцый у кожным з нас можа ўзнікаць яшчэ ў раннім дзяцінстве. А значыць, варта нам больш актыўна сеяць такія “зернейкі цікавасці” да беларускай культуры і ў школах, і нават у дзіцячых садках. Ведаючы пра тое, на пачатку кастрычніка ўдзельнікі ансамбля беларускай песні, што дзейнічае пры нашай суполцы, зладзілі свята для дзяцей “У гасцях у восені з «Паўлінкай»”. Праграму свята, гульні падрыхтавала Жанна Буйніцкая, шматгадовая кіраўніца гурта. Яна ж і пачынала імпрэзу вершам: “Сёння ў нашай хаце свята, І гасцей у нас багата. Усіх на свята запрашаем і сардэчна вас вітаем…” А перш чым сесці за стол, госці прайшлі ў арку-браму з беларускага ручніка: яго трымалі дзве ўдзельніцы “Паўлінкі”. А ручнік, як вядома, у народнай культуры – шматзначны сімвал, у тым ліку й знак доўгай жыццёвай дарогі, шчасця, радасці, дабрабыту.

У часе свята дзеці з артыстамі з “Паўлінкі” вадзілі карагоды, разгадвалі загадкі пра восень, рабілі каралі-абярэгі з рабіны. І нават разам з Бабай-Ягой (ролю яе іграла Галіна Сямёнава) шукалі выразаныя з паперы грыбы ў “лесе” – вялікай зале Беларускага дома, упрыгожанай галінкамі восеньскіх дрэў. Шмат шчырых эмоцый выклікала рухомая гульня “Пасадзі і выкапай бульбу”. Запатрабавала спрыту ды ўважлівасці стварэнне з каштанаў прыгожага беларускага ўзору – ён сімвалізуе старадаўняе свята ўраджаю Багач. Тыя, хто ўдзельнічаў у гульнях, атрымлівалі прызы, а напрыканцы свята дзеці зрабілі з галінак і кветак восеньскія букеты для сваіх бацькоў. І ўсе разам намалявалі прыгажуню-восень.

На свяце сяброўка суполкі “Мара” Ірына Янцэвіч праводзіла індывідуальны майстар-клас: паказвала, як рабіць маленькія лялькі-абярэгі, тлумачыла значэнне іх у беларускай культуры. Да таго ж гульні дзяцей чаргаваліся выступленнем ансамбля “Паўлінка”. Гучалі песні пра хлеб і бульбу, пра гасціннасць. Спявалі Мікалай Грынюк, Жанна Буйніцкая, Вольга Нікалаева, Ірына Бяляева, Раіса Дзямешка, Таццяна Данілюк. А вясёлай песняй “Бульба” на беларускай мове (яе спяваў на дзіцячым конкурсе Еўрабачання ў 2007-м Аляксей Жыгалковіч) усіх парадаваў Міхаіл Філіпоўскіх, вучань 7-й ліепайскай школы.

Не абышлося на свяце і без пачастункаў. Дзяцей ды іх бацькоў арганізатары частавалі беларускімі дранікамі са смятанай, караваем, дамашнім пірагом ды іншымі смачнымі стравамі – і ўсё згатаванае з гародніны, зерня, садавіны сёлетняга ўраджаю. І сама зала Беларускага дома была з густам упрыгожана восеньскімі вырабамі, прыроднымі матэрыяламі.

У падрыхтоўцы свята, гатаванні ежы, стварэнні адметных восеньскіх дэкарацый паўдзельнічаў увесь калектыў “Паўлінка”. Паводле слоў Жанны Буйніцкай, такое маштабнае свята з выкарыстаннем беларускіх народных традыцый, арыентаванае спецыяльна для дзяцей, у суполцы “Мара” прайшло ўпершыню. Досвед атрымалі каштоўны! І ёсць надзея, што будзе ён мець працяг і ў будучыні, прычым пашырыцца і на іншыя поры года.

Анжэла Фаміна, г. Ліепая, Латвія

Фота аўтара.

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: У гасцях у восені з “Паўлінкай”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».