Вы тут

Лукашэнка: Вы не павінны быць бязвольнымі выканаўцамі


Старшыні райвыканкамаў, намеснікі міністраў, дыпламаты і члены аблвыканкамаў — Прэзідэнт Беларусі правёў кадравыя прызначэнні.


Восем райвыканкамаў краіны і Ленінскія раёны Брэста і Бабруйска атрымаюць новых кіраўнікоў. Аляксандр Уласавец прызначаны кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста, а Андрэй Дубінчык на такую ж пасаду ў Бабруйску.

Вячаслаў Грышчанка стаў страшынёй Браслаўскага райвыканкама, Сяргей Галынчык старшынёй Шумілінскага, Сяргей Садоўскі — Ушачскага, Аляксандр Матарас — Добрушскага, Яўген Белаш — Кармянскага, Ірына Стрэчын — Дрыбінскага, Эдуард Герасіменка — Чавускага, Алег Малышэўскі — Чэрыкаўскага райвыканкамаў. Дзмітрый Козел прызначаны першым намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама.

Першых намеснікаў атрымалі тры міністры — аховы здароўя, лясной гаспадаркі, юстыцыі. Гэтыя пасады зоймуць адпаведна Алена Краткова, Аляксандр Драгун, Наталля Філіпава. Марына Арцёменка стане намеснікам міністра працы і сацыяльнай абароны.

Наздвычайны і Паўнамоцны Пасол у Венесуэле Андрэй Моўчан узначаліць па сумяшчальніцтве пасольства ў Балівіі, а пасол у Кубе Валерый Бараноўскі — Дамініканскай Рэспублікі. Кіраўнік дыпмісіі ў Бразіліі Сяргей Лукашэвіч па сумяшчальніцтве будзе курыраваць наша пасольства ў Парагваі і Уругваі.

Максім Аляшкевіч стане старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці, Аляксандр Сёміч — дырэктарам Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Вольга Русіновіч — дырэктарам Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі, Віталь Крэцкі — намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі (дырэктарам Дэпартамента па энергаэфектыўнасці).

Сяргей Лабадзінскі ўзначаліць кіраўніцтва справамі Брэсцкага аблвыканкама. Максім Радзькоў стаў членам Брэсцкага аблвыканкама, Аляксандр Шастайла — Гомельскага аблвыканкама, Аляксандр Церахаў — Мінскага абл- і гарвыканкамаў, Ігар Паўлюшчэнка — Магілёўскага аблвыканкама.

Па звычайным парадку кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта пералічыў былыя і будучыя пасады прызначэнцаў і імёны тых, хто іх рэкамендаваў і гатовы паручыцца. Ігар Сергеенка адзначыў, што праверка ўсіх асоб праведзена ў тым ліку з выездам на месца.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў прызначэнні з’явіўся новы штрых — «людзей у пагонах» не адмаўляюць ад пасадаў ва ўладзе.

«Галоўнае, каб быў добры кіраўнік. Гэта цяпер галоўнае, — сказаў Прэзідэнт. — Калі чалавек талковы, ён заўсёды знойдзе, кім сябе атачыць. Я маю на ўвазе прафесіянала, які добра разумее сельскую гаспадарку, прамысловасць, сферу паслуг, бізнес, прадпрымальніцтва».

Аляксандр Лукашэнка, мяркуе, што ўсе прысутныя за сталом — людзі вопытныя. Як ён часам падкрэслівае, тыя, што прыйшлі «ад зямлі». Гэта, заўважае кіраўнік краіны, можна сказаць і па тварах прызначэнцаў і па іх біяграфіях. Па яго словах, у грамадстве існуе тэндэнцыя — моладзь ва ўладу, але і старыкоў там захаваць.

«Павінны быць вопытныя прафесіяналы. Можна вопытным чалавекам быць і ў 35, і ў 38, і 40 гадоў. Я часта кажу пра гэта. Не хачу сябе хваліць, проста прыклад — мне споўнілася 38 гадоў і я стаў Прэзідэнтам. Але я хацеў нешта зрабіць. Калі ты хочаш нешта зрабіць, ты зробіш», — дадаў кіраўнік краіны.

Ён раіць і сённяшнім суразмоўцам пры падборы супрацоўнікаў абапірацца на сапраўдных патрыётаў, моцных людзей «са стрыжнем». «Мыла і размазні ў вас не павінна быць сярод падначаленых і вашых калег», — кажа Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ парады ад Прэзідэнта — «не стукаць абцасамі» і «не адказваць на задачы начальнікаў пытаннем: што маеце ласку загадаць?». «Вы людзі з уладнымі паўнамоцтвамі, надзеленымі Прэзідэнтам краіны. У гэтым сутнасць нашай сённяшняй сустрэчы. Яна не ў тым, што я хачу, як нейкі вялікі важак даць настаўленні. Не ў гэтым справа. Вы атрымліваеце ад першай асобы ў дзяржаве, яе кіраўніка, уладу ў свае рукі. Вы не павінны быць бязвольнымі выканаўцамі», — сцвярджае Прэзідэнт.

Але выканальніцкую дысцыпліну ён ставіць асновай для начальніка любога ўзроўню. Падначаленыя павінны браць прыклад са сваіх кіраўнікоў. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, дзяржаўную службу ўвогуле можна параўнаць з ваенннай.

Прэзідэнт заўважае, што гэтыя кіраўнікі прыйдуць у мясцовасці — раёны. Адтуль, па яго словах, паходзяць людзі, на якіх абапіраецца дзяржава і ён асабіста.

«Я вам жадаю не наламаць дроў. Я заўсёды сыходжу з таго, што чалавеку заўсёды трэба даць шанец. Праз пэўны час ён павінен паказаць, што ён ім скарыстаўся. Калі не — да сустрэчы», — заўважае кіраўнік краіны.

Неабходнасць такога рацыянальнага падыходу Прэзідэнта, паводле яго, апраўдана складанымі часамі. Ён яшчэ раз падкрэслівае — супраць краіны развязана гібрыдная вайна. Яе сутнасць у бойцы з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі, палытыкі, дыпламатыі, эканомікі.

«Падышлі да гарачай вайны. Няма толькі яе. Можа, яны яшчэ нешта прыдумаюць, скарыстаўшыся бежанцамі, самалётамі. Нагоду можна знайсці. Няважна, што гэтага не было. Як з самалётам (пасадка ў Мінску самалёта кампаніі „Рэйнэір“. — „Зв.“). Прыехала камісія, паглядзелі. Ужо год прайшоў з гэтай камісіі і нічога не гатовы заявіць. Чакаюць нейкіх штуршкоў, момантаў. Яны знойдуць, за што зачапіцца», — дадае Аляксандр Лукашэнка.

Ён дзеліцца разважаннямі: мець ланцужок ад Балтыйскага да Чорнага мора — даўняя задума праціўнікаў Беларусі. Гэтым часам, па яго словах, яны вырашылі «зачыніць» балтыйска-чарнаморскі пояс і стварыць пад Смаленскам плацдарм для ціску на Расію.

«Так атрымалася, што мы аказаліся выступам, балконам у гэтай задуме. Летась нас імкнуліся зрэзаць сілай — не атрымалася. Цяпер планамерна, мэтанакіравана нарошчваюць намаганні, — расказвае Аляксандр Лукашэнка. — Ідзе перабудоўля. Праз пэўныя структуры яны пачынаюць акуратнае перафарматаванне апазіцыйнага крыла ў Беларусі. Шукаюць, на каго зрабіць стаўку».

Далей кіраўнік краіны працягвае: такую асобу ўжо знайшлі. Гэты чалавек будзе, па яго словах, «цярпімым» для Расіі і цалкам кіруемым Захадам.

«Гэта катыгарычна непрымальна. Ніякай апазіцыі ў Беларусі з ліку „збеглых“ быць не можа», — упэўнены Прэзідэнт.

Ён дадае, што цяпер галоўная мэта апазіцыі — прыцягнуць сваіх паплечнікаў ва ўладу краіны. «Я не скажу, што мы ўжо вычысцілі ўсіх „опаў“ і „бчбэшнікаў“. Вам яшчэ прыйдзецца прыглядзецца да гэтых людзей», — мяркуе Прэзідэнт.

Ні ў якім разе ў Беларусі не павінна быць «паляванні на ведзьмаў», але і здраднікаў ва ўладу дапусціць нельга. З такім пасылам Аляксандр Лукашэнка пачаў тэму, што ў краіне ўзялі крэн дзяліць людзей на «сваіх» і «чужых».

«Будзьце акуратныя ў падборы людзей, сваёй каманды, у структуры ўлады, якой вам прыйдзецца кіраваць. Не трэба пачынаць „паляванне на ведзьмаў“, не трэба ва ўсіх бачыць ворагаў. Бо вельмі шмат было заблукалых», — дадае Прэзідэнт.

Ён заўважае, што ва ўлады заўсёды было каля 10 % праціўнікаў сярод людзей і, верагодна, з імі слаба працавалі. У былых апазіцыянераў з’явіліся дзеці, якія сёння падтрымліваюць справу бацькоў, але не ўсе з іх дзейнічаюць супраць краіны.

«Не ўсе яны здраднікі і шкоднікі, — заўважае Прэзідэнт. — Многія хлопцы і дзяўчынкі (апазіцыянеры) маюць свой пункт гледжання, але працуюць у краіне. Хай, не многія, але працуюць».

Прэзідэнт яшчэ раз просіць уважліва ставіцца да падбору кадраў і не пераймаць падыходы паслярэвалюцыйных гадоў савецкага перыяду.

«Не павіннам быць, як у той час: гэта белыя, а гэтыя чырвоныя — і пайшлі рубіць галовы. Гэта не наш метад і не наш стыль, але і супакойвацца нельга», — дадае Прэзідэнт.

Ён анансаваў апублікаванне маштабнага даследвання ў працоўных калектывах. Супрацоўнікі ў закрытым фармаце адказвалі на шматлікія пытанні. Вынікі па першаснай інфармацыі Прэзідэнта паказалі: грамадства змянілася пасля мінулага года.

«Людзі многія ўбачылі, чаго каштуюць тыя, хто імкнуўся ва ўладу, што яны хацелі зрабіць у Беларусі. Кожны дзень вам і многім іншым дае падставы казаць пра тое, што мы дапусцілі б велізарную памылку, калі б пацярпелі паразу ў мінулым годзе. Краіны б не існала. Калі б яны на адны суткі прыйшлі да ўлады, тут бы ўжо блок НАТА стаяў пад Смаленскам», — дзеліцца думкамі Кіраўнік краіны.

Зрабіць гэта па дзеючай Канстытуцыі можа толькі Прэзідэнт краіны, заўважае Аляксандр Лукашэнка. Таму, па яго словах, цяпер імкнуцца ўнесці ў Асноўны Закон папраўкі, па якіх адзін чалавек не мог бы мець такую ўладу. Як разважае Прэзідэнт, такое заканадаўства апраўдала сябе ў сярэдзіне 90-х гадоў, калі ніхто не ведаў, куды ісці.

«Трэба сыходзіць ад вялікай канцэнтрацыі ўлады ў адных руках. Будзь тое ў мяне, не важна ў каго, у будучага Прэзідэнта. Але і грамадства патрабуе перамен. Нам патрэбная новая Канстытуцыя, а не Лукашэнку. Лукашэнка ўжо наеўся гэтых Канстытуцый, уладаў і іншага. Цяпер пытанне не ў Лукашэнку, а ў захаванні стабільнасці ў нашай краіне», — заяўляе ён.

Прэзідэнт агучыў, што Пасланне беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу плануецца на студзень. У ім паспрабуюць зазірнуць наперад — краіна павінна развівацца і ў гэтыя складаныя часы.

«Супакоіцца і ныць, што нас душаць, нам быць вытрымаць — гэта не наш падыход. Так, неабходна выстаяць, але мы павінны народу паказваць, куды мы ідзем і як будзем ісці», — адзначае Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў пра планы апазіцыі: яны маюць сваёй галоўнай мэтай — прыйсці да ўлады, падзяліць дзяржаўную ўласнасць, а потым, перафарматаваўшы парадак, вярнуцца «да таго, што ёсць пры Лукашэнку».

Менавіта пра гэта Кіраўнік краіны, заўважае, будзе казаць у Пасланні, але многа чаго яшчэ зменіцца. Аляксандр Лукашэнка адзначае, што да студзеня атрымае развязку геапалітычная сітуацыя ў балтыйска-чарнаморскім рэгіёне.

«Ніхто ў Расіі не збіраецца нападаць на Украіну. Расія выдатна бачыць, што творыцца ва Укране і што плануюць натаўцы і амерыканцы там. Тое непрымальна не толькі для Расіі, але і для нас, бо мы тут побач. Таму нейкія вялікія развязкі будуць пасля Новага года», — дадае Прэзідэнт.

Наконт санкцый ён заяўляе, што нічога добрага ў іх, відавочна, няма, але і прычын з-за іх «скласці рукі і паміраць» таксама.

Рэзюмуючы тэму сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка заўважае: рэгіёны — зона адказнасці іх старшынь.

«Вы там павінны зрабіць максімум, каб людзі мелі работу. Хто стараецца, атрымоўвае больш, хто гультайнічае — сваё атрымоўвае. Тады нас ніхто не скавырне, я мею на ўвазе краіну», — рэзюмаваў Прэзідэнт.


Каментарый у тэму

Ірына Стрэчын, старшыня Дрыбінскага райвыканкама: 

«Самае галоўнае — быць чалавечным і любіць сваю работу. Я, як жанчына, маці, кіраўнік, лічу: неабходна любіць сваю краіну, работу. І ўсё неабходна рабіць так, каб табе не было сорамна за сваю працу. Дысцыпліна таксама — аснова. Трэба закасаць рукавы і працаваць».

Аляксандр Матарас, старшыня Добрушскага райвыканкама: 

«Пачнем з сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Гэта першасная задача — людзі, іх інтарэсы, патрэбы. Жыццё будзе падказваць, на што ў першую чаргу звярнуць увагу. Мая місія — палепшыць тое, што напрацавана да мяне».

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі