Вы тут

МАЗ паставіць тэхніку ва Узбекістан на мільён долараў


Як вядома, у канцы лістапада ў Ташкенце прайшоў аграрны форум «Узбекістан-Беларусь», прымеркаваны да правядзення беларускай экспазіцыі на выставах сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання UzAgroExpo і UzProdExpo. У рамках мерапрыемства было падпісана пагадненне аб пастаўцы беларускай тэхнікі ва Узбекістан і іншыя дакументы.


Фота: pixabay.com

На сустрэчы быў абмеркаваны шырокі спектр пытанняў, якія датычацца гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін у сельскай гаспадарцы і вытворчасці прадуктаў харчавання, фінансавай падтрымкі экспарту тавараў і паслуг Беларусі ва Узбекістан, асаблівасці яе прасоўвання на мясцовым рынку, узаемадзеяння ў жывёлагадоўлі.

На форуме выступілі намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў і намеснік міністра сельскай гаспадаркі Рэспублікі Узбекістан — генеральны дырэктар Нацыянальнага цэнтра ведаў і інавацый у сельскай гаспадарцы гэтай краіны Алішэр Тураеў. З кароткімі дакладамі адзначыліся прадстаўнікі машынабудаўнічых «мясных» і «малочных» прадпрыемстваў Беларусі, Савета фермерскіх, гаспадарак і ўладальнікаў прысядзібных зямель Узбекістана.

Мерапрыемства сабрала кіраўнікоў профільных міністэрстваў і ведамстваў Беларусі і Узбекістана, прадстаўнікоў беларускага і ўзбекскага бізнесу, навукова-адукацыйных і жывёлагадоўчых арганізацый, экспертаў аграпрамысловай галіны дзвюх краін.

Варта адзначыць, што ад Беларусі ў форуме прынялі ўдзел 17 кампаній, прадстаўленых у Нацыянальным павільёне Беларусі. У іх ліку вытворца мясной прадукцыі Слонімскі мясакамбінат, вядомыя «малочныя» брэнды — «Беллакт» і «Праймілк», прадпрыемства па выпуску кавы «Манрасці», Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства адукацыі Беларусі, ВНУ, машынабудаўнічыя кампаніі: Мінскі аўтамабільны завод і «Лідсельмаш», кандытарскія фабрыкі «Камунарка», «Чырвоны харчавік», «Слодыч», «Спартак» і Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод «Белалка», які ўваходзіць у склад канцэрну «Белдзяржхарчпрам».

Таксама былі прадстаўлены Гродзенскі мясакамбінат, Беларускае дзяржаўнае аб’яднанне па племянной жывёлагадоўлі «Белплемжываб’яднанне», «Інстытут Гомельаграпрампраект», Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі, кампанія «БелВітуніфарм» і сялянска-фермерская гаспадарка «Ягадка».

На форуме, у сваю чаргу, прысутнічалі прадстаўнікі буйных гандлёвых сетак Узбекістана Makro і Korzinka, а таксама кампаній-дыстрыб’ютараў Unifood, BelFood, Uldash Consalt, Asia National Distributor, East Distribution.

«Узбекістан — гэта стратэгічны партнёр Беларусі, з якім мы даўно працуем. Мы распрацавалі некалькі напрамкаў для супрацоўніцтва ў найбліжэйшай перспектыве. У першую чаргу, гэта будаўніцтва і рэканструкцыя малочнатаварнага комплексу ва Узбекістане па беларускіх тэхналогіях. Узбекскія калегі зацікаўлены ў тым, каб іх спецыялісты ў аграрнай сферы павышалі кваліфікацыю ў беларускіх ВНУ. Акрамя гэтага, ім цікава супрацоўніцтва ў ветэрынарыі, вопыт развіцця цукровай галіны Беларусі», — адзначыў у гутарцы з журналістамі ў Ташкенце Аляксей Багданаў.

«Асаблівае значэнне для Узбекістана мае галіна, якая з’яўляецца гонарам Беларусі — механізацыя сельскай гаспадаркі. Трактары, культыватары ўжо працуюць на палях нашай краіны, аднак толькі ў асобных раёнах. І мы хочам, каб яны „бегалі“ ва ўсіх рэгіёнах Узбекістана, таму што маюць добрыя якасць і кошт», — сказаў Алішэр Тураеў.

У ходзе аграрнага форуму «Узбекістан-Беларусь» быў падпісаны выніковы пратакол 2-га пасяджэння ўзбекска-беларускай рабочай групы па сельскай гаспадарцы і харчовай прамысловасці, а таксама падпісана пагадненне паміж афіцыйным дыстрыб’ютарам Мінскага аўтамабільнага завода ва Узбекістане, кампаніяй «MAZ-TASHKENT» і прадпрыемствам «NURAFSHON MAXSUS TEXNIKA» аб пастаўцы прадукцыі машынабудавання на суму мільён долараў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.