Вы тут

Галалёд, месцамі галаледзіца. Чым адрозніваюцца гэтыя прыродныя з’явы і як не стаць іх ахвярай?


Беларуская зіма вельмі капрызная: маразы хутка змяняюцца адлігай, у выніку чаго ўтвараецца тонкі пласт ільду, які пакрывае дарогі і тратуары. Амаль кожны дзень у прагнозе надвор’я можна пачуць: «Чакаецца галалёд, месцамі галаледзіца». Што гэта за прыродныя з’явы і да якіх наступстваў можа прывесці іх узнікненне, мы даведаліся ў самага вядомага сіноптыка нашай краіны Дзмітрыя Рабава. 


Насамрэч, галалёд і галедзіца абсалютна розныя паняцці. Першае — гэта з’ява прыроды, а другое — яе становішча. Адразу адзначу, што гэтыя атмасферныя з’явы вельмі небяспечныя і ў глабальным сэнсе адмоўна ўплываюць на работу шматлікіх галін эканомікі: сувязі, транспарту, будаўніцтва, камунальнай і сельскай гаспадаркі. Але ж аб усім па парадку.

Галалёд — гэта пласт лёду, які ўтвараецца на прадметах з боку ветра, ад намярзання кропель пераахалоджанага дажджу, шэрані на ветках дрэў, правадах. 

Галаледзіца — гэта лёд на паверхні зямлі. Утвараецца ў выніку замярзання кропель дажджу, густой шэрані, мокрага снега, а таксама пасля замярзання адталай вады на паверхні зямлі. Такім чынам, на дарогах утвараецца стыхійны каток, які запавольвае перасоўванне і людзей, і машын. 

Дарэчы, калі казаць пра аўтамабільны транспарт, то галаледзіца зніжае счэпныя якасці дарожнага пакрыцця ў 10 разоў у параўнанні з яго сухім станам і, як следства, істотна павялічвае тармазны шлях. У адпаведнасці са статыстыкай больш за 50% дарожна-транспартных здарэнняў звязана з галаледзіцай. Каб мінімізаваць рызыку ўзнікнення аварый, неабходна своечасова ў аўто мяняць летнія шыны на зімовыя, а падчас руху быць пільнымі на дарозе і прытрымлівацца небяспечнай дыстанцыі.

Падчас галаледзіцы пакутуюць і людзі: колькасць траўм узрастае ў разы. Асабліва небяспечны лёд, пакрыты тонкім пластам снегу. Каб знізіць рызыку галалёдных траўм, трэба вельмі ўважліва падыходзіць да выбару зімовага абутку: падэшва павінна быць мала слізкай, а ад абцасаў лепей за ўсё адмовіцца. Перасоўвацца ў такіх умовах трэба павольна, раслабіўшы рукі і ногі. Пажылым людзям рэкамендуецца карыстацца кіем з гумовым наканечнікам. Калі падзення пазбегнуць не ўдалося, паспрабуйце згрупіравацца, каб мінімізаваць наступствы. 

У адпаведнасці са шматгадовымі дадзенымі ў сярэднім за год назіраецца ад 7 да 25 дзён з галалёдам. Максімальная колькасць дзён з галалёдам на працягу года вагаецца ад 14 да 40. Самымі небяспечнымі месяцамі з вялікай колькасцю галалёдаў з’яўляюцца снежань і студзень. Звычайна аледзяненні працягваюцца 10-20 гадзін, але ў некаторых выпадках могуць доўжыца і некалькі сутак. Тут ёсць і свае рэкардмены. Напрыклад, у Барысаве ў 1960 годзе галалёд доўжыўся 446 гадзін. 

Зіма набірае разгон, таму раім вам пільна сачыць за прагнозам надвор’я і быць уважлівымі, асабліва ў галалёдныя дні!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».