Вы тут

Кнігі, якія маглі б належаць Багдановічу


На вялікі жаль, рэчаў, якія належалі Максіму Багдановічу, захавалася не так шмат. У міжваенныя гады ў Інстытуце беларускай культуры (пасля Акадэміі навук) знаходзіўся шэраг папак з архіўнымі дакументамі, рукапісамі класіка. Некаторыя з іх так і не былі апублікаваныя. Сярод тых страчаных у віхуры Вялікай Айчыннай вайны папак былі рукапісы, прысвечаныя Францыску Скарыне (Багдановіч быў адным з першых, хто пісаў пра нашага першадрукара і рабіў гэта па заказе Вацлава Ластоўскага). У асобнай папцы захоўваліся матэрыялы да беларускага лемантара, над якімі Максім Багдановіч працаваў у апошнія дні свайго жыцця. Не захавалася і бібліятэка пісьменніка.


Багдановіч быў вядомы кнігалюб, сістэматычна вывучаў беларускія публікацыі, збіраў кнігі. Невыпадкова адзін з яго псеўданімаў — Максім Кніжнік.

Ідэя рэканструяваць бібліятэку Максіма Багдановіча была агучана на канферэнцыі «Электронная культура», якая прайшла вясной у Нацыянальнай бібліятэцы.

— Здавалася, гэта нешта фантастычнае. Мы не маем ні каталога з картатэкай, ні саміх кніг, якія належалі пісьменніку, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара, дырэктар па навуковай рабоце, сацыяльна-культурнай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша. — Але ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі маюцца прыватныя кнігазборы якраз таго перыяду, напрыклад Яўхіма Карскага. Захаваліся апісанні кніг, якія належалі Максіму Багдановічу. Мы ведаем, што ён збіраў, якія выданні меў, з якімі экзэмплярамі працаваў. Таму і пастараліся сабраць арыгіналы выданняў тых часоў і падаць іх разам.

На падставе архіўных дакументаў, успамінаў і ліставання даследчыкі змаглі рэканструяваць беларускую частку кніжнага збору паэта. І сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы адкрываецца выстаўка «Бібліятэка Максіма». Пераважна на ёй прадстаўлены кнігі да 1914 года, да пачатку Першай сусветнай вайны. Адсачыць, што з пазнейшых выданняў магло трапіць да Багдановіча, значна цяжэй, гэта звязана ў тым ліку і з бумам беларускага кнігадрукавання.

Безумоўна, Максім актыўна карыстаўся і выданнямі на іншых мовах, добра быў знаёмы з замежнай літаратурай. Але тут ён ужо мог браць кнігі са збору свайго бацькі ці з публічных бібліятэк. А вось «беларусіку» Максім Кніжнік адмыслова набываў для ўласнай калекцыі. І такіх выданняў у рэканструяванай бібліятэцы больш за 40 плюс перыё-
дыка, якую чытала беларуская інтэлігенцыя.

На выстаўцы прадстаўлены таксама асобнікі з аўтографамі паэта (сярод іх адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў «Вянок»), публіцыстычныя брашуры і выданні поўных збораў твораў Багдановіча, першы з якіх убачыў свет у 1927—1928 гадах, пераклады яго паэзіі на славянскія, еўрапейскія і азіяцкія мовы, літаратура пра жыццё і творчасць класіка.

У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца беларускі лемантар 1906 года, чытанкі Цёткі і Коласа, выпускі «Нашай долі» і «Нашай нівы», выданні пецярбургскай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца», Віленскай і Мінскай друкарань, першыя беларускія календары, выпускі твораў класікаў айчыннай літаратуры і іншыя каштоўныя матэрыялы, якія маглі б захоўвацца ў Максіма Багдановіча. Усім гэтым выданням больш за сто гадоў.

Яны могуць распавесці не толькі пра Максіма, але і пра час, у які ён жыў, пра тое, што і хто аказвала ўплыў на фарміраванне поглядаў пісьменніка, крытыка, даследчыка. Ёсць тут і навуковыя работы, напрыклад знакамітая «Кароткая гісторыя Беларусі» Ігнатоўскага. Верагодна, многія сюжэты і тэмы Багдановічу падказвалі кнігі з яго ўласнай бібліятэкі, публікацыі першых легальных беларускіх газет. Па крытычным аналізе літаратуры, зробленым Багдановічам, мы ведаем, якіх аўтараў ён чытаў, чым захапляўся. У той жа час рэканструяваная бібліятэка можа з карысцю паслужыць сучасным даследчыкам. Магчыма, перачытаўшы кнігі з бібліятэкі Багдановіча, яны змогуць па-іншаму паглядзець на яго літаратурную спадчыну.

Да «Бібліятэкі Максіма» ўжо праявілі цікавасць навучальныя ўстановы, яна будзе задзейнічана ў межах такога праекта Нацыянальнай бібліятэкі, як «Славутыя імёны Бацькаўшчыны», калі дзеці падчас музейных заняткаў даведваюцца больш пра жыццё і творчасць класіка.

Разглядаецца таксама ідэя стварэння віртуальнай версіі бібліятэкі Максіма Багдановіча.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.