Вы тут

Жыхары населеных пунктаў Рагачоўскага раёна сёлета — адрасаты ініцыятывы грамадскага аб'яднання «Саюз следчых»


Жыхары населеных пунктаў Рагачоўскага раёна сёлета — адрасаты ініцыятывы Гомельскага абласнога грамадскага аб'яднання «Саюз следчых». Трэці год запар яго актывісты прыязджаюць у самыя аддаленыя і маланаселеныя вёскі, каб лепш ацаніць жыццё людзей у глыбінцы, разабрацца ў іх праблемах.


Ак­ты­віс­ты «Са­ю­за след­чых» у гас­цях у адзі­но­кай пен­сі­я­нер­кі На­тал­лі Ба­рэ­ка­вай з па­сёл­ка Шы­ро­кае.

— Вечная праблема — малако толькі з высокай тлустасцю, хлеба патрэбнага не дачакаешся, — незадаволенасць выязным гандлем выказаў Анатоль Савіч.

Як высветлілася, некалькі жыхароў Шырокага Рога — дыябетыкі, а прадуктаў, якія ім можна ўжываць, аўтакрама не прывозіць.

Старшыня Забалацкага сельвыканкама Ала Сулоева запэўнівае: заўвагу прапрацуюць з Рагачоўскім райспажыўтаварыствам. Сваю дапамогу прапануе кіраўнік мясцовай гаспадаркі «Забалацце — 2010» Максім Бахцін. Сельгаспрадпрыемства — структурнае падраздзяленне Рагачоўскага МКК — цяпер актыўна пашырае гандлёвую сетку і арганізоўвае дадатковыя рэйсы аўтакрам па тэрыторыі сельсавета.

Некалькі жыхарак Шырокага Рога адрасавала следчым пытанні юрыдычнага характару. Самі бабулі тлумачаць тое па-простаму: «Амаль 60 гадоў з мужыком пражыла, а цяпер кватарантка». Высвятляецца, што пенсіянеркі сутыкнуліся з працэдурамі ўступлення ў спадчыну. У гаспадынь хаты былі запісаныя на мужоў, а ўчасткі наогул неаформленыя. Падрабязныя кансультацыі па падобных праблемах падчас акцыі «Саюза следчых» даюць прадстаўнікі Жлобінскага філіяла Гомельскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Звароты да супрацоўнікаў гэтай службы — адны з самых папулярных сярод вяскоўцаў.

У складзе ўдзельнікаў акцыі — супрацоўнікі і валанцёры Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Іх кансультацыі па пытаннях здароўя таксама вельмі запатрабаваныя.

У неабходнасці суправаджэння медыкаў давялося пераканацца ў доме адзінокай пенсіянеркі Наталлі Барэкавай з пасёлка Шырокае.

— Ягораўне амаль 90, родных і блізкіх няма, — прадставіла пажылую жанчыну старшыня сельвыканкама Ала Іванаўна.

Пенсіянерка — адрасат надомнай дапамогі супрацоўніка службы сацыяльнага абслугоўвання.

Стар­шы­ня «Са­ю­за след­чых» Го­мель­скай воб­лас­ці Ар­кадзь Трац­ця­коў (зле­ва) вы­слу­хоў­вае пра­па­но­вы жы­ха­ра вёс­кі Шы­ро­кі Рог Яў­ге­на Со­ба­ва.

— Раз на чатыры дні прыходзіць Анжэла. Чакаю, сама што для сябе зраблю па хаце, тэлевізар не гляджу, таму што ціск наганяе толькі, а лекі прымаю акуратна, — падзялілася Наталля Ягораўна.

Начальнік аддзела Гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Атарык памерала пажылой жанчыне ціск, апытала яе аб самаадчуванні. Выснова ўрача — неабходныя візіт доктара і карэкцыя схемы лячэння хранічных захворванняў.

Ініцыятыўная група не абмежавалася вясковымі падворкамі. Следчыя наведалі малочна-таварны комплекс «Забалацце», пагутарылі з супрацоўнікамі вытворчага сельгасучастка. Заўваг работнікі не выказалі, а магчымасцю памераць артэрыяльны ціск і ўзровень кіслароду ў крыві скарысталіся.

У вёсцы Мінькоў ад імя бацькоў праблему абсталявання прыпыначнага пункта для школьнага аўтобуса агучыла Надзея Сінягоўская. У глыбінку Рагачоўскага раёна пяць гадоў таму яна з мужам і двума дзецьмі прыехала з Саратаўскай вобласці. Сёння ў сям'і чацвёра дзетак, трое — школьнікі. Дзяцей з Мінькова і ў дзіцячы садок, і ў школу даводзіцца адпраўляць у аграгарадок Забалацце.

— У нас ёсць прыпынак, але гэта проста лавачка і знак, калі дождж ці снег, а аўтобус запозніцца, дзеці стаяць халодныя, мокрыя. Мы хацелі і самі зладзіць прыпынак з піламатэрыялаў, але не знайшлі пакуль, у каго такой заказ зрабіць, — растлумачыла шматдзетная маці.

Тэматыка зваротаў вяскоўцаў да следчых шырокая. На кантроль узяты ўсе агучаныя праблемы. Аб канкрэтных кроках, якія будуць прынятыя па выніках акцыі ў Рагачоўскім раёне, распавёў намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці, старшыня «Саюза следчых» Аркадзь Траццякоў:

— Рыхтуем запыт на правядзенне медабследавання дома для жыхаркі пасёлка Шырокае. Прыпыначны пункт у вёсцы Мінькоў паспрабуем абсталяваць з выкарыстаннем спонсарскай дапамогі Рагачоўскага МКК або праз уключэнне сродкаў на рамонт у раённы бюджэт на наступны год. Мясцовыя жыхары гатовыя дапамагчы з устаноўкай канструкцыі. Калі не атрымаецца зладзіць для дзяцей на прыпынку засцярогу ад дажджу і ветру ў найбліжэйшыя месяцы, мы гатовыя дапамагчы падчас суботніка «Саюза следчых».

Менавіта Аркадзь Траццякоў ініцыіраваў і наладзіў нестандартную форму работы гомельскіх следчых з вясковымі жыхарамі. Ён удакладніў, што пасля кожнай акцыі ў раёнах актывісты грамадскага аб'яднання адсочваюць, як вырашаюцца агучаныя праблемы.

Работа ініцыятыўнай групы ў Рагачоўскім раёне скончылася сельскім сходам у аграгарадку Забалацце. Акрамя інфармацыйнай групы, з мясцовымі жыхарамі сустрэліся начальнік УСК па Гомельскай вобласці Сяргей Удовікаў і старшыня Рагачоўскага райвыканкама Віталь Сушко.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота УСК па Гомельскай вобласці

Загаловак у газеце: «Cаюз следчых» — спяшаецца на дапамогу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».