Вы тут

Пагроза бяспецы. Украінскі верталёт парушыў дзяржаўную граніцу


Зноў інцыдэнты на нашай граніцы. У мінулыя выхадныя надзвычайнае здарэнне адбылося на ўкраінскім флангу. З гэтай нагоды згадваецца заява Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры стратэгічнага ўпраўлення Міністэрства абароны падчас нарады па пытаннях ваеннай бяспекі, якая адбылася на мінулым тыдні: «У Беларусі бачаць, як ва Украіне праводзяцца вучэнні пад кодавай назвай «Палессе», і ў сувязі з гэтым рыхтуюцца зрэагаваць у выпадку неабходнасці».


Фота: БелТА

Праз некалькі дзён міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба звярнуў увагу на тое, што Кіеў лічыць Беларусь патэнцыйнай крыніцай пагрозы. «Мы размеркавалі ўжо сур'ёзныя рэсурсы на нашу паўночную граніцу з Беларуссю», — сказаў Кулеба журналістам у Рызе, дзе ён прымаў удзел у нарадзе кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін-членаў НАТА. Літаральна ў гэты ж дзень Служба бяспекі Украіны апублікавала відэа вайсковых вучэнняў на граніцы з Беларуссю. У манеўрах апроч падраздзяленняў СБУ ўзялі ўдзел супрацоўнікі Нацпаліцыі, Дзяржаўнай пагранічнай службы, Нацгвардыі, а таксама прадстаўнікі органаў выканаўчай улады і мясцовага самакіравання.

А праз некалькі дзён пасля інтэрв'ю Кулебы і відэа СБУ падчас вучэнняў украінскія пілоты парушылі граніцу з Беларуссю. Аб гэтым паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце. «Правядзенне Украінай вучэнняў на граніцы з Рэспублікай Беларусь справакавала інцыдэнт. 4 снежня каля 12 гадзін на беларуска-ўкраінскай граніцы ў раёне пункта пропуску «Новая Рудня» Мазырскі пагранатрад зафіксаваў парушэнне паветранай прасторы Беларусі з боку Украіны», — адзначаецца ў паведамленні.

Як растлумачылі ў камітэце, украінскі ваенны верталёт Мі-8 на вышыні каля 100 метраў перасёк дзяржаўную граніцу і заляцеў на глыбіню да 1 кіламетра на тэрыторыю Беларусі. Па гэтым інцыдэнце праінфармаваны ўкраінскі бок.

«Пры ўзнікненні ў далейшым выпадкаў парушэння дзяржаўнай граніцы беларускія пагранічнікі будуць дзейнічаць вельмі жорстка», — заўважыў афіцыйны прадстаўнік Мазырскага пагранічнага атрада Сяргей Паўлаў.

5 снежня ў Дэпартамент міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны быў выкліканы ваенны аташэ пры Пасольстве Украіны, якому была ўручана нота пратэсту ў сувязі з парушэннямі ўкраінскім бокам Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны Беларусі.

«Ваеннаму аташэ было даведзена, што ўкраінскі бок пазбягае дыялогу для вырашэння спрэчных пытанняў як па лініі міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва, так і кантролю над узбраеннямі, што вельмі трывожна. Былі прыведзены факты, якія сведчаць аб ухіленні Украіны ад выканання абавязацельстваў у рамках рэгіянальных мер даверу і бяспекі, а таксама правядзення на фоне абвінаваўчай у адносінах да Рэспублікі Беларусь рыторыкі шэрагу вучэнняў паблізу беларускай дзяржаўнай граніцы падраздзяленнямі Узброеных сіл Украіны. Сукупнасць гэтых фактаў можа сведчыць аб магчымасці з'яўлення пагрозы бяспецы Рэспубліцы Беларусь на паўднёвым напрамку», — гаворыцца ў паведамленні.

«Са шкадаваннем трэба прызнаць, што Украіна выбрала ваяўнічую рыторыку і дэструктыўны курс адносна Беларусі. «Нацыяналістычны запал» Украіны, пра які ў сваім інтэрв'ю агенцтву «Россия сегодня» гаварыў Аляксандр Лукашэнка, стаў сур'ёзнай небяспекай для рэгіянальнай стабільнасці і востра паставіў пытанне аб існаванні ўкраінскай дзяржаўнасці, — падкрэсліў БелТА загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі НАН кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін. — Ці з'яўляецца парушэнне паветранай граніцы 4 снежня ў раёне пункта пропуску «Новая Рудня» ваенным верталётам Мі-8 пачаткам дыверсійнай вайны, час пакажа. Ці гатова Польшча і Украіна развязаць ваенны канфлікт? Безвыхадная сітуацыя, у якую яны сябе загналі, пакідае ім мала варыянтаў. Першы — развязаць пры дапамозе Вашынгтона і Лондана на тэрыторыі Украіны чарговую фазу грамадзянскай вайны з прыцягненнем ваенных спецыялістаў і ўзбраення заходніх краін. Другі — на працягу доўгага часу трымаць ваенную шматтысячную групоўку на польска-беларускай граніцы з прасоўваннем і ўстанаўленнем ваеннай інфраструктуры НАТА, са спробамі прыгранічных сутыкненняў і правакацый. Трэцяя — з улікам ваеннага напружання прадаўжаць гібрыдную вайну з Беларуссю на псіхалагічнае і эканамічнае вымотванне і ўдушэнне».

Уведзены пяты пакет санкцый супраць Беларусі — гэта помста нашай краіне і асабіста Прэзідэнту за нежаданне здрадзіць Расіі, суверэнітэту нашай краіны і прымаць правілы гульні калектыўнага Захаду, перакананы Мікалай Шчокін. «Дзякуючы Прэзідэнту, яго настойлівасці і непахіснасці, а таксама палітычнай гібкасці, развязаная супраць нас гібрыдная міграцыйная вайна Захадам прайграна. Зразумела, цяпер трэба чакаць новага этапу націску і шантажу. Цяпер калектыўны Захад прыме ўсе меры для ўдушэння Беларусі. Польшча сутаргава шукае моцнага еўрапейскага саюзніка ў мэтах заключэння «новай мюнхенскай змовы», вызначыўшы для сябе месца кіраўніка нацысцкага еўрапейскага дома. Прыбалтыка, як і Украіна, не могуць адыгрываць якую-небудзь самастойную ролю, з'яўляючыся сатэлітамі самой Польшчы, — лічыць Мікалай Шчокін. — Прэзідэнт Беларусі для Еўропы аказаўся моцным і незалежным лідарам. Ужо відавочна, што мэта польскага кіраўніцтва адносна Беларусі — звергнуць Прэзідэнта любой цаной, пры дапамозе розных інтэракцый аж да прыцягнення стратэгічных узбраенняў НАТА».

Мікалай Шчокін лічыць, што ад маючых адбыцца сёння анлайн-перагавораў Уладзіміра Пуціна і Джо Байдэна многія чакаюць часовага кампрамісу. У любым выпадку, упэўнены аналітык, па выніках дэмакратычнага саміту Беларусь і Расія будуць аб'яўлены ворагамі. «І пачнецца ўжо шырокамаштабная, шматузроўневая, афіцыйна ўзаконеная Захадам халодная вайна — па міжнародных правілах злачынная, з прыцягненнем разнастайных сатэлітаў для ідэалагічнага цкавання беларускага і рускага народаў. У сувязі з гэтым, у тым ліку і напярэдадні рэферэндуму, такія фактары, як выканальніцкая і працоўная дысцыпліна, ініцыятыўнасць усіх галін улады, вырашэнне бытавых праблем грамадзян на мясцовым узроўні, — галоўны прынцып грамадскай і нацыянальнай бяспекі. Узмацненне барацьбы з пятай калонай, комплекс мер па зачышчэнні сацсетак з далейшым прыцягненнем да крымінальнай адказнасці за распальванне міжнацыянальнай варожасці, абразы, падбухторванне да проціпраўных дзеянняў і наступальная інфармацыйная і ідэалагічная палітыка павінны стаць на найбліжэйшую перспектыву дзейсным механізмам захавання міру і стабільнасці», — рэзюмаваў эксперт.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».