Вы тут

Наталля Качанава: У любой рабоце не павінна быць фармалізму


Сёння спікер верхняй палаты парламента правяла сустрэчу з моладдзю з Віцебшчыны — у Савет Рэспублікі завіталі маладыя людзі, якія вучацца і працуюць ў Лёзненскім раёне. Тэмы закраналіся самыя розныя: ад работы над законапраектамі да арганізацыі работы з насельніцтвам. 


— Мы вельмі рады, калі да нас прыязджаюць у Савет Рэспублікі, — прывітала гасцей Наталля Качанава. Яна пазнаёміла маладых людзей, большасць з якіх упершыню апынуліся тут, са структурай верхняй палаты парламента, сутнасцю яго дзейнасці. 

Спікер расказала аб створаным па даручэнні кіраўніка дзяржавы экспертным савеце на базе Савета Рэспублікі, дзе адпрацоўваюцца ўсе прымаемыя на заканадаўчым узроўні нарматыўныя прававыя акты. 

— У краіне дзейнічаюць каля трох тысяч законаў, яны прымаліся ў розны час, заканамерна, што патрабуюцца дапаўненні і змяненні, — патлумачыла яна. — Распрацоўка новых законапраектаў ідзе пастаянна. Зараз мы падрыхтавалі план работы над законапраектамі на 2022.

Спікер звярнула ўвагу на важнасці такіх сустрэч, бо менавіта, працуючы над законапраектамі парламентарыі павінны разумець іх актуальнасць і своечасовасць. Сёлета, расказала яна, у фокусе ўвагі заканадаўцаў знаходзіліся Кодэкс аб адукацыі, законы аб дзяржаўнай службе і спорце. 

— Наогул, тэматыка абсалютна рознабаковая і па розных кірунках, — адзначыла яна і звярнула ўвагу на тым, што парламентарыямі праводзіцца грунтоўная падрыхтоўчая работа з тым, каб законапраекты служылі пэўны час і не даводзілася іх карэктаваць. 

Прыгадала яна і леташнюю сітуацыю, якая прадэманстравала неабходнасць заканадаўчых змяненняў у адміністратыўны і крымінальны кодэксы. Неабходнасцю супрацьстаяць скажэнню гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне і, адпаведна, распрацоўцы закона аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, унясенні зменаў і дапаўненняў у закон аб экстрэмізме. Не абмінула Наталля Качанава і тэму распрацоўкі зменаў у Асноўны закон краіны:

— У бліжэйшы час праект будзе ўнесены кіраўніку дзяржавы, а далей разглядацца на ўсенародным абмеркаванні. 

Сярод навацый: адзіны дзень галасавання за дэпутатаў усіх узроўняў, пачынаючы ад народных абраннікаў у пассаветы і заканчваючы дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. 
— Прапануецца тэрмін іх паўнамоцтваў замацаваць на пяць гадоў, — патлумачыла Наталля Качанава. 

Спынілася спікер верхняй палаты парламента і на адным з найважнейшых аспектаў дзейнасці ўсіх дэпутатаў — рабоце з людзьмі. 

— У нашай рабоце, як і любой, не павінна быць фармалізму, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Усюды павінна быць ініцыятыва, праяўляцца цікавасць, бо фармалізм і раўнадушша людзі заўсёды адчуваюць. І гэта ставіць на рабоце вялікі крыж, а гэтага дапускаць нельга. 

Яна падкрэсліла: менавіта дзякуючы жывым стасункам, выбудоўваецца разуменне таго, што неабходна зрабіць ці змяніць, каб жыццё людзей на канкрэтнай тэрыторыі было да лепшага. У якасці прыкладу Наталля Качанава прывяла ініцыятыву дэпутатаў аб вылучэнні на конкурснай аснове пэўных бюджэтных сродкаў на задавальненне прапаноў і ініцыятыў грамадзян, з якімі яны звяртаюцца да ўлады, напрыклад, па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, азеляненні і пабудове гульнявых дзіцячых пляцовак: 

— Гэтая ідэя была падтрымана Прэзідэнтам, — расказала яна. — Сёлета ўжо вылучаліся сродкі і налета гэта будзе дзейнічаць так, як прапаноўвалі дэпутаты. Таму што не думайце, што ўсё ідзе зверху, прапановы і ідэі ідуць знізу — з рэгіёнаў.

Са свайго боку маладыя людзі адзначылі важнасць і выніковасць падобных сустрэч. 

Ніл Картошкін, вучань 11 класа СШ № 1 гарпасёлка Лёзна адзначыў, што сённяшняя размова дае вялікі багаж ведаў, які прадстаўнікі рэгіянальнага маладзёжнага парламента возьмуць адсюль з сабой. Ён даў ацэнку сучаснай моладзі, якой далёка не ўсё роўна, што адбываецца навокал:

— Моладзь зараз вельмі актыўная, магу прывесці ў прыклад наш гарпасёлак: у нас не было ніводнага пасяджэння, на якім мы не абмяркоўвалі, што можна зрабіць для пасёлка. І мы ўсё будзем рабіць, каб не толькі наш гарпасёлак, але і ўся Беларусь квітнела, — кажа хлопец. — Трэба аддаляцца ад таго, што навязвае грамадства адносна новых тэхналогій, нам трэба чыстае паветра, чыстае неба над галавой і стасункі з разумнымі, адукаванымі і культурнымі людзьмі. 

Кірыл Гайкоў, вучань 11 класа СШ № 1 гарпасёлка Лёзна таксама адзначыў цікавы і каштоўны вопыт, атрыманы сёння.

— Хачу сказаць, што зараз у моладзі ёсць магчымасць быць пачутай, — падкрэсліў малады чалавек і акцэнтаваў увагу ініцыятыўнасці маладога пакалення. — У нас шмат ідэй і ініцыятыў. Напрыклад, у нас былі два праекты, якія перамаглі на рэспубліканскім узроўні. 

Хлопец падкрэсліў, што як грамадзянін сваёй краіны ён прыкладзе ўсе намаганні, каб Беларусь заставалася такой жа цудоўнай, суверэннай і незалежнай краінай. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.