Вы тут

Як харчавацца пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі?


На каранавірус перахварэлі і паправіліся мільёны людзей ва ўсім свеце. Адны змагаліся з вірусам доўга і цяжка, іншым перамога далася хутчэй. Аднак любая хвароба вычэрпвае рэзервы арганізма. Як аднавіцца пасля COVІD-19 і чым тут дапаможа харчаванне?


— Арганізм заўсёды супраціўляецца чужароднай інфекцыі, і на актыўную барацьбу з ёй накіроўваюцца ўсе сілы. Для сінтэзу антыцелаў і іншых ахоўных кампанентаў неабходны бялок, але праблема ў тым, што пры хваробе і асабліва павышэнні тэмпературы змяншаецца ці зусім знікае апетыт. Але наш арганізм разумны — ён знаходзіць абходныя шляхі і пачынае выкарыстоўваць уласныя рэзервы. Гэта значыць, неабходны бялок бярэцца з мышачнай тканкі, — тлумачыць урач-эпідэміёлаг аддзялення асабліва небяспечных інфекцый Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Рабкевіч.

Страта мышачнай масы мае сур'ёзныя наступствы для здароўя. Аднавіць яе нялёгка, і часта гэта прыводзіць да незваротнага пагаршэння самаадчування.

Бялок, які паступае з ежай, з'яўляецца найлепшым будаўнічым матэрыялам для мышцаў і іншых клетак арганізма. Таму так важна забяспечыць паўнавартаснае, каларыйнае, багатае на бялок і вітаміны харчаванне падчас хваробы і пры аднаўленні пасля.

Бялкі ўтрымліваюцца ў мясе, рыбе, птушцы, сырах, яйках, малочных прадуктах, хлебе і бабовых. Пры страце вагі ў выніку хваробы гэты кампанент можа быць неабходны ў дадатковай колькасці. Ешце часта і невялікімі порцыямі, размяркоўвайце прыёмы ежы раўнамерна на працягу дня.

Не бойцеся прадуктаў з высокай тлустасцю — такіх як тлусты ёгурт, неразведзенае малако і сыр. Смела ешце сметанковае масла. За дзень неабходна выпіваць 1,5-2 літры вадкасці. Кава, чай, дыетычныя безалкагольныя напоі не дададуць вам здароўя і не дапамогуць стаць мацнейшымі. Піце фруктовыя сокі і ваду. Аднак звярніце ўвагу, што пры цукровым дыябеце не рэкамендуюцца салодкія безалкагольныя напоі і ліманад. Салёныя і вэнджаныя прадукты для аслабленага арганізма таксама пад забаронай. Найлепшая ежа для вас — прыгатаванае пад парай ці ў духоўцы.

Ашчадныя спосабы гатавання ежы дапамагаюць павысіць яе засваяльнасць і даюць арганізму магчымасць не расходаваць лішнюю энергію там, дзе гэтага можна пазбегнуць. Гародніна, фрукты, ягады, насенне забяспечваюць клятчаткай, вітамінамі, мінераламі, мікраэлементамі і, што вельмі важна, ствараюць спрыяльныя ўмовы для нармальнай работы мікрафлоры кішэчніка, а гэта неабходна для фарміравання імунітэту. Не забывайце, што трэба есці павольна і ў спакойным стане.

Калі пасля хваробы захоўваецца стомленасць, ешце невялікімі порцыямі, але часцей — патроху кожныя дзве гадзіны. Выбірайце мяккую і вадкую ежу, старайцеся, каб прыём адбіраў як мага менш сіл. Можна наразаць ежу на дробныя кавалачкі ці здрабняць яе з дапамогай кухоннага камбайна ці ручнога блэндара.

Калі на працягу некалькіх тыдняў хваробы колькасць ужытай ежы здаецца вам недастатковай, у большасці выпадкаў гэта пагражае дэфіцытам вітамінаў і мінералаў. Каб пазбегнуць непажаданых наступстваў, прымайце полівітамінныя комплексы ці біялагічна актыўныя дабаўкі, папярэдне пракансультаваўшыся з урачом.

Сачыце за сваёй вагой. Гэта дапаможа вызначыць, ці дастаткова энергіі і пажыўных рэчываў паступае з ежай. Лепш рабіць тое адзін раз на тыдзень, пажадана ў адзін і той жа час і без абутку. Калі вага змяншаецца, трэба звярнуцца да ўрача.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.