Вы тут

Якія сімптомы ў «Амікрона»?


Да штама «Амікрон», які ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя выклікаў сур’ёзную заклапочанасць, пытанняў пакуль больш, чым адказаў, аднак некаторыя яго тыповыя сімптомы ўжо вядомыя. Адной з характэрных асаблівасцяў новага штама стала тое, што ён, у адрозненне ад больш ранніх варыянтаў каранавіруса, не выклікае страты нюху і смаку.


Характэрнымі сімптомамі «Амікрона» ўрач агульнай практыкі з Прэторыі (ПАР) Анжаліка Кутзі называе стомленасць і пачашчэнне сэрцабіцця. Таксама, паводле яе слоў, амікрон-штам праяўляе сябе ў цэлым нехарактэрным для COVІD-19 пяршэннем у горле.

Яшчэ адзін урач з ПАР Унбен Пілэй адзначае, што па сваіх праявах новы варыянт каранавіруса больш за ўсё нагадвае грып — пацыенты скардзяцца на высокую тэмпературу, ламоту і сухі кашаль.

Варта адзначыць, што на дадзены момант найболш характэрнай прыкметай заражэння новым штамам называюць менавіта моцную стомленасць, якая раптам навальваецца на чалавека, што заразіўся. Зрэшты, самі па сабе стомленасць і апатыя, асабліва ва ўмовах скарачэння светлавога дня, не абавязкова сведчаць аб тым, што чалавек заразіўся «Амікронам».
Так ці інакш, калі на вас раптам навалілася стомленасць, у горле пяршыць, а ў целе адчуваецца ламота — гэта нагода неадкладна звярнуцца да доктара. Самастойна ставіць сабе дыягназ і пачынаць прыём якіх-небудзь прэпаратаў ні ў якім разе нельга.

Прэв’ю: pexels.com

Не заразіцца новым штамам, як і любым іншым, больш раннім варыянтам каранавіруса, дапамогуць толькі захаванне прафілактычных мер і вакцынацыя.

Навукоўцы працягваюць вывучэнне «Амікрона». Не выключана, што ў хуткім часе стануць вядомыя новыя сімптомы і асаблівасці дадзенага штама.

Выбар рэдакцыі