Вы тут

«Казка ад бабулі» і «Ёлка жаданняў»


Дапамагчы адзінокім старым, даставіць ім рэцэпты і прадукты дамоў, прыбраць снег, расчысціць двор, сагрэць бяздомных у маразы, арганізаваць свята дзецям-сіротам ці маленькім пацыентам, што апынуліся ў медыцынскіх стацыянарах.... Фронт работ у валанцёраў — надзвычай шырокі. А ёсць жа яшчэ і спартыўнае, і культурнае, і экалагічнае валанцёрства...


Толькі пры Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа летась дзейнічала больш за 16 тысяч валанцёраў.

— Гэта людзі рознага ўзросту (хоць маладых сярод добраахвотнікаў, вядома, больш), розных прафесій, з рознай адукацыяй і сацыяльным статусам, але іх усіх аб'ядноўвае адно жаданне — аказваць дапамогу іншым, быць карыснымі, — падкрэслівае спецыяліст аддзела медыка-сацыяльнай работы гэтай арганізацыі Святлана АНАЦКА. — Кожны знаходзіць від дзейнасці па сваіх магчымасцях і інтарэсах. Між іншым, для таго каб павысіць якасць жыцця адзінокага чалавека, нярэдка дастаткова проста яго наведаць, пагутарыць з ім, пагартаць яго сямейны альбом. Звычайныя чалавечыя зносіны сёння ў вострым дэфіцыце.

— З кожным годам валанцёрскі рух пашырае маштабы. Аднак такая дзейнасць часта мае стыхійны характар, — канстатуе кіраўнік Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра Вікторыя ЗАХАРЭЎСКАЯ. — Таму наш цэнтр, акрамя рэалізацыі праектаў, якія сталі ўжо традыцыйныя, займаецца яшчэ і інфармацыйна-тлумачальнай работай. Напрыклад, у лістападзе ў сацыяльных сетках стартаваў інфармацыйна-асветніцкі праект «Пра валанцёрства». Плануецца, што кожны месяц будзе прысвечаны пэўнаму кірунку валанцёрскай дзейнасці. У снежні ў цэнтры ўвагі будзе дапамога дзецям. Так, з 8 снежня сумесна з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Максіма Горкага правядзём дабрачынныя паказы спектакляў для дзяцей з сацыяльных устаноў і маламаёмасных сем'яў. Актыўна ў мерапрыемстве задзейнічаем валанцёраў. Яны будуць не толькі суправаджаць юных гледачоў, але і праводзіць для іх забаўляльную праграму перад пачаткам паказу.

14 снежня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі стартуе рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці».

— Хачу адзначыць, што ўстановы адукацыі актыўна ў ёй удзельнічаюць. У школах пад дэвізам «Калядны падарунак: дзеці — дзецям» усе могуць далучыцца да збору падарункаў для дзяцей сацыяльна неабароненай катэгорыі, — кажа спецыяліст упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Беларусі Таццяна РУБАНІК. — Актыўна ў такую работу ўключаюцца і вышэйшыя навучальныя ўстановы: БДПУ, БДУІР, БДЭУ, БНТУ, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Студэнты не толькі віншуюць выхаванцаў дзіцячых дамоў і сацыяльных прытулкаў з навагоднімі святамі, але і арганізоўваюць для іх паказы.

А 6 снежня стартавала традыцыйная дабрачынная акцыя «Ёлка жаданняў», якую праводзіць Беларускі Чырвоны Крыж. Мэта кампаніі — павіншаваць са святам дзяцей, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі: са шматдзетных, няпоўных сем'яў, дзяцей з інваліднасцю.

Каманда Беларускага Чырвонага Крыжа адрасна сабрала жаданні дзяцей і дадаткова сфарміравала спіс сюрпрызаў — падарункаў для тых, хто не загадваў жаданняў ці чыіх жаданняў мы не ведаем.

У гандлёвых і бізнес-цэнтрах, атэлях і арганізацыях устаноўлены навагоднія ёлкі, упрыгожаныя паштоўкамі з жаданнямі і сюрпрызамі. Кожны з нас, убачыўшы такое святочнае дрэўца, можа купіць падарунак, які згадваецца ў паштоўцы, і пакінуць яго ў інфацэнтры крамы, на стойцы рэгістрацыі атэля, перадаць супрацоўніку ўстановы, у якой устаноўлена ёлка, або валанцёру Чырвонага Крыжа. Пазней яго абавязкова даставяць дзіцяці. Узяць удзел у дабрачыннай кампаніі можна, і зрабіўшы ахвяраванне на сайце — donatіon.redcross.by/elka або праз сістэму плацяжоў АРІП.

Як паведаіміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Мікалай АРОЛ, у полі зроку яго ведамства знаходзяцца валанцёры, якія дзейнічаюць пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама добраахвотнікі, якія дапамагаюць пажылым і інвалідам ад імя ўстаноў адукацыі, грамадскіх (БРСМ, «Белая Русь», БСЖ і інш.) і рэлігійных арганізацый.

Пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання валанцёры задзейнічаны па розных напрамках, у тым ліку праводзяць прафілактычную і тлумачальную работу з насельніцтвам.

Асаблівая роля ў такой дзейнасці адведзена валанцёрам «сярэбранага ўзросту» для якіх актыўны ўдзел у жыцці грамадства з'яўляецца крыніцай маральнага задавальнення, магчымасцю пашырыць сацыяльныя кантакты, быць запатрабаванымі. І ўсё гэта ў сукупнасці — адзін з падмуркаў актыўнага даўгалецця.

«Асноўныя напрамкі дзейнасці гэтых валанцёраў — фарміраванне і прапаганда здаровага спосабу жыцця (заняткі фізічнай культурай, пазнавальныя мерапрыемствы аб здаровым харчаванні і г. д.), навучанне па прынцыпе «роўны навучае роўнага» (лекцыі, заняткі, гурткі па інтарэсах, клубы, навучанне камп'ютарнай грамаце), арганізацыя культурных і спартыўных мерапрыемстваў, а таксама, вядома, наведванне адзінокіх пажылых і інвалідаў дома, аказанне ім маральнай падтрымкі і даступнай сацыяльна-бытавой дапамогі», — расказаў Мікалай Арол.

Напрыклад, у Аршанскім раёне створана некалькі валанцёрскіх службаў: мабільныя брыгады, якія інфармуюць аб правілах пажарнай бяспекі, служба па дзённым доглядзе (адрасна вырашае бытавыя пытанні тых, хто мае патрэбу), служба здароўя (прапаганда здаровага спосабу жыцця), адукацыйная (арганізацыя лекцый, майстар-класаў ) і г. д. Пажылыя валанцёры таксама ўдзельнічаюць у праекце «Казка ад бабулі» — чытаюць казкі дзецям у дзіцячых садках Оршы.

«Наогул пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дзейнічае каля 2,5 тысячы такіх грамадзян», — удакладніў Мікалай Арол. А прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый, якія таксама дапамагаюць сацыяльнай службе клапаціцца аб яе падапечных, — каля 7,6 тысячы чалавек.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.