Вы тут

Угнаенне з яечнай шкарлупіны


Яечная шкарлупіна здаўна прымяняецца як угнаенне. У яе аснове — лёгказасваяльны карбанат кальцыю (92—95 %) і важныя для развіцця раслін мікраэлементы: калій, крэмній, магній, фосфар і іншыя. На падкормку такім угнаеннем у любым выглядзе ўдзячна адклікаюцца ўсе расліны: цыбуля, морква, вішня, парэчкі, ліставая салата, паслёнавыя культуры, кветкі.


Ужыванне ў агародзе

Шкарлупіну выкарыстоўваюць як у здробненым выглядзе, так і ў выглядзе настою. Але варта ўлічыць: чым драбнейшыя кавалачкі яечнай шкарлупіны, тым лягчэй рэчывы з яе засвойваюцца раслінамі. Таму сабраны матэрыял у большасці выпадкаў рэкамендуецца ператвараць у муку.

Высушаную яечную шкарлупіну здрабняюць у мясарубцы, ступе або кавамолцы.

Паляпшэнне ўсходжасці насення

Каб хутчэй з'явіліся парасткі, пасеянае насенне зверху неабходна пасыпаць тоўчанай шкарлупінай. Гэта будзе садзейнічаць з'яўленню моцных і здаровых раслін.

Каранёвая падкормка для агароднінных культур

Сухую шкарлупіну ад 4-5 яек здрабняюць да парашкападобнага стану. Затым заліваюць кіпенем і накрываюць вечкам. Пасля чаго даюць настаяцца на працягу 5-7 дзён. Пры гэтым атрыманую сумесь штодня перамешваюць. Затым вадкасць разводзяць вадой 1:3 і паліваюць ёй расаду перцаў, баклажанаў, буракоў і іншай гародніны і караняплодаў.

Дрэнаж для расады і кветак

Стоўчаную шкарлупіну таксама можна дадаваць у ёмістасці для расады і вазоны ў якасці дрэнажу.

У гэтым выпадку шкарлупіну не здрабняюць у парашок, а толькі злёгку расціскаюць.

Сродак для паляпшэння структуры глебы

Парашок з яечнай шкарлупіны змяншае кіслотнасць глебы і разам з тым сілкуе расліны. Для гэтага звычайна выкарыстоўваюць 1-2 шклянкі здробненай шкарлупіны на квадратны метр. А калі грунт вельмі моцна закіслены, то ўносяць больш — да 1 кг на квадратны метр. Пры восеньскай перакопцы ўчастка шкарлупіну грубага памолу змешваюць з глебай. Гэта робіць зямлю больш рыхлай і паляпшае доступ паветра.

Перад выкарыстаннем шкарлупіну рэкамендуецца прагрэць у духоўцы. Гэта дапаможа кальцыю хутчэй «перайсці» ў глебу.

Ахоўны сродак ад хвароб і шкоднікаў

Парашком са шкарлупіны прыпудрываюць расаду раслін для засцярогі ад чорнай ножкі, а ўнясеннем гэтага сродку ў глебу засцерагаюць карані раслін ад нашэсця кратоў.

Акрамя таго, яечная шкарлупіна — надзейны сродак барацьбы з мядзведкай. Для гэтага шкарлупіну перамолваюць, дадаюць сланечнікавы алей і закопваюць паміж радамі высаджаных раслін. Пасля такога «пачастунку» насякомае-шкоднік гіне.

Можна проста здрабніць яечную шкарлупіну да парашкападобнага стану і пасыпаць вакол раслін у агародзе.

А яшчэ насыпаная пад раслінамі шкарлупіна перашкаджае нашэсцю смаўжоў, якім не падабаюцца шурпатыя паверхні.

Яечная шкарлупіна нават у вялікай колькасці не наносіць шкоды раслінам. Таму такую бюджэтную і карысную падкормку можна класці ў лункі непасрэдна перад пасадкай любых культур. Проста насыпце невялікую жменю — і вашы зялёныя гадаванцы адгукнуцца бурным ростам і выдатным ураджаем.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?