Вы тут

У адказе за гістарычную памяць


«Мы толькі цяпер пачынаем усведамляць і падыходзіць да ацэнкі рэальных маштабаў гібелі нашых людзей ад рук фашыстаў і іх памагатых у гады вайны». Аб гэтым заявіў генеральны пракурор Андрэй ШВЕД падчас круглага стала «Гістарычная памяць: генацыд беларускага народа», які адбыўся ў Палаце прадстаўнікоў. Нагадаем, вясной Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.


— Новая інфармацыя трапляе да нас кожны дзень, — расказаў аб ходзе расследавання генеральны пракурор. — Мы актыўна пачынаем працаваць у архівах Расійскай Федэрацыі: размова ідзе аб мільёнах аркушаў звестак аб злачынствах, якія здзяйснялі фашысты і іх памагатыя на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Завяршылі першапачатковыя работы ў Чонкаўскім лесе (Гомельскі раён. — рэд.), дзе было знішчана не менш чым сто тысяч чалавек. Гэтае месца раней не фігуравала ў дакументах. Вядома ўжо каля 350 новых месцаў, дзе, як мяркуецца, знішчалі мірных грамадзян і ваеннаслужачых Чырвонай Арміі. Звесткі атрыманыя, у асноўным, са слоў відавочцаў і сведкаў.

Як адзначыў Андрэй Швед, вялікая работа праводзіцца і па ўстанаўленні матэрыяльнай шкоды, у тым ліку па ацэнцы тых каштоўнасцяў, якія былі вывезены фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Выконваючы даручэнне кіраўніка дзяржавы, фарміруем частку матэрыялаў для перадачы службовым асобам замежных дзяржаў і генеральным пракурорам Міжнароднай асацыяцыі пракурораў — гэта 183 краіны, — расказаў ён. — Кожны з генеральных пракурораў і тых службовых асоб, якія вызначыць кіраўнік дзяржавы, атрымае на англійскай і рускай мовах асноўныя агульныя звесткі аб маштабах, формах і метадах генадыцу, які ажыццяўляўся на нашай тэрыторыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Акрамя таго, Генеральная пракуратура завяршае работу, звязаную з вызначэннем найменняў карных падраздзяленняў. Будуць вядомыя імёны фашыстаў і іх памагатых, якія, пачынаючы з ліпеня 1941 года, знішчалі на тэрыторыі Беларусі мірных людзей. «Гэтыя звесткі, як і многія іншыя, будуць перададзены грамадскасці, — акцэнтаваў увагу Андрэй Швед. — Гэта вельмі важна: усе павінны ведаць пайменна кожнага фашыста, у якога рукі ў крыві. Яшчэ адна з мэт расследавання — аналізуючы спісы карнікаў, устанавіць імёны тых, якія яшчэ жывыя. Сёння больш чым 400 фашыстаў жыве як мінімум у 17 краінах. Цяпер вырашаецца пытанне аб прыцягненні гэтых асоб да крымінальнай адказнасці. Мы павінны дамагчыся таго, каб хоць бы частка з іх паўстала перад судом. Гэта наш святы абавязак».

Улічваючы тое, што з кожным днём Генеральная пракуратура сумесна са Следчым камітэтам выяўляюць новыя факты злачынстваў у дачыненні да нашых суайчыннікаў, тэрмін следства сёння вызначыць немагчыма. Затое ўжо ў найбліжэйшы час, па словах генеральнага пракурора, трэба вызначыцца з тым, якія падыходы па выніках работы і якія першапачатковыя звесткі трэба актыўна выкарыстоўваць для вырашэння пытанняў па змене адукацыйнага працэсу, выхаваўчай і ідэалагічнай работы.

Адзін з рэальных крокаў у дадзеным кантэксце — законапраект аб генацыдзе беларускага народа, які ўжо хутка на чарговай сесіі разгледзяць дэпутаты. Як заўважыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, законапраект падрыхтаваны па даручэнні Прэзідэнта дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, якія выкарыстоўвалі права заканадаўчай ініцыятывы. «Захаванне гістарычнай праўды — адзін з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, — падкрэсліў спікер. — Аб гэтым гаварыў не адзін раз Прэзідэнт нашай краіны. Беларусь спаўна выпрабавала жахі Вялікай Айчыннай вайны. Загінуў кожны трэці жыхар. Фактычна ў нас няма такой сям'і, якую не закранула б Вялікая Айчынная вайна. Таму, прыняўшы гэты законапраект, мы хочам яшчэ раз нагадаць тым рэваншысцкім сілам, якія павінны ведаць, што за ўсё давядзецца адказваць».

— У сучаснай Беларусі прыйшоў час расставіць усе акцэнты, у тым ліку і на заканадаўчым узроўні даць справядлівую ацэнку дзеянням нацысцкіх злачынцаў, а таксама іх памагатых на беларускай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд, — канстатавала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Лілія АНАНІЧ. — Гэта важна таму, што мы ўбачылі сучасныя праявы генацыду ў дзеяннях ужо на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай граніцах, калі правы чалавека, у тым ліку права на жыццё, калектыўным Захадам падвяргаецца сумненню. Мы ўбачылі, да чаго можа прывесці пагарджанне гістарычнай памяці ва Украіне. Убачылі, што няведанне гісторыі, у тым ліку жудасных фактаў злачынстваў на нашай зямлі, прыводзіць да выкарыстання калабарантамі нацысцкай сімволікі. Гэтым законам мы кажам аб тым, што злачынствы, здзейсненыя нацыстамі і іх памагатымі на беларускай зямлі супраць савецкіх грамадзян, з'яўляюцца генацыдам, планавым масавым знішчэннем беларускага народа

Як лічыць парламентарый, недапушчальнае публічнае адмаўленне генацыду. У хуткім часе ў Крымінальным кодэксе з'явіцца новы артыкул, які прадугледжвае пакаранне за публічнае адмаўленне генацыду, вельмі вялікімі тэрмінамі, калі гэта будзе здзейснена паўторна і з выкарыстаннем у тым ліку службовага становішча. Акрамя таго, праект закона накіраваны і на правядзенне вялікай работы па ўвекавечванні ахвяр генацыду беларускага народа. «Сёння ў нас шмат мемарыялаў і помнікаў, але адкрываюцца новыя старонкі гэтай жудаснай гісторыі, — дадала Лілія Ананіч. — Закон стане зыходным пунктам для прызнання генацыду беларускага народа і яго асуджэння сусветнай супольнасцю. Сёння мы, беларусы, нясём адказнасць за гістарычную памяць».

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».