Вы тут

Тэст ад Паднябеснай. Супрацоўніцтва з Кітаем выпрабоўваецца часам


Шматгадовае беларуска-кітайскае супрацоўніцтва развіваецца на працягу трох дзесяцігоддзяў. Узаемадзеянне нашых краін выходзіць на новы ўзровень. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 снежня падпісаў Дырэктыву № 9 аб развіцці двухбаковых адносін Беларусі з Кітаем. Стратэгічны дакумент накіраваны на далейшае паглыбленне стратэгічнага партнёрства Беларусі з Кітаем па шырокім спектры напрамкаў у 2021—2025 гадах і з'яўляецца лагічным працягам аднайменнай Дырэктывы на 2015—2021 гады, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Паўсотні канкрэтных мер

Прыярытэтнымі задачамі на найбліжэйшую перспектыву вызначаны ўмацаванне супрацоўніцтва ў палітычнай сферы, захаванне і прымнажэнне каштоўнасцяў дружбы і ўзаемнай падтрымкі, нарошчванне гандлёва-эканамічнага, фінансавага, інвестыцыйнага ўзаемадзеяння, рэалізацыя ініцыятывы «Пояс і шлях». Сярод найважнейшых задач таксама —пашырэнне міжрэгіянальных сувязяў, развіццё супрацоўніцтва ў ваеннай і ваенна-тэхнічнай галінах, у сферы лічбавай эканомікі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, умацаванне навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння, развіццё адносін у гуманітарнай сферы.

У мэтах выканання названых задач органам дзяржаўнага кіравання і іншым уключаным у супрацоўніцтва з КНР суб'ектам эканамічнай дзейнасці даручаецца забяспечыць рэалізацыю каля паўсотні канкрэтных практычных мер. Эфектыўнае выкананне пастаўленых мэт будзе садзейнічаць вывядзенню двухбаковых адносін на якасна новы ўзровень.

Падмурак сумеснага развіцця

У Беларусі і Кітая аднолькавыя прынцыпы і ідэалогія развіцця, адзначыў БелТА першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў. Ён звярнуў увагу, што для Беларусі заўсёды важна было супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай.

«Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з 1990-х гадоў глыбока адчуў моц і паступальнасць развіцця Кітая, — адзначыў першы віцэ-прэм'ер. — Асаблівы шлях развіцця Кітая падтрымлівае наш уласны шлях развіцця. Мабыць, менавіта дзве краіны ў свеце ў аснову эканамічнай палітыкі ставяць рост дабрабыту грамадзян. У нас аднолькавыя прынцыпы і ідэалогія развіцця. І нам ёсць на каго раўняцца і на чыю дапамогу разлічваць».

Мікалай Снапкоў падкрэсліў, што Беларусь і Кітай узаемна падтрымлівалі адна адну ў цяжкі перыяд барацьбы з COVІD-19 і гэта маштабная і сяброўская дапамога. «Падтрымка ёсць, і яна нарошчваецца ў сітуацыі палітычнага і эканамічнага націску з боку краін, не здольных успрымаць адрозныя ад іх «стандартаў» падыходы да грамадскіх інстытутаў», — адзначыў першы віцэ-прэм'ер.

Ён звярнуў увагу на беларуска-кітайскае супрацоўніцтва, якое актыўна развіваецца, у тым ліку міжрэгіянальнае. «Сяброўства і ўсебаковае ўзаемадзеянне паміж абласцямі Беларусі і правінцыямі КНР, паміж гарадамі ствараюць падмурак сумеснага развіцця нашых краін, — сказаў Мікалай Снапкоў. — Дырэктыва мае прыкладны характар і вызначае канкрэтныя задачы па нарошчванні і паглыбленні супрацоўніцтва ва ўсіх сферах. Абласцям пастаўлены мэтавы арыенцір —- прыцягненне да канца пяцігодкі па $150 млн прамых інвестыцый ад кітайскіх інвестараў».

Першы віцэ-прэм'ер перакананы, што дырэктыва дасць канкрэтныя вынікі па ўсіх напрамках супрацоўніцтва: ад дасягнення экспарту да $2 млрд да 2025 года да стварэння сумесных мастацкіх фільмаў.

Насуперак санкцыям

Санкцыйная палітыка заходніх краін стварае магутныя дадатковыя стымулы для дынамічнага развіцця знешнеэканамічных адносін з Кітаем. Такую думку выказаў БелТА дырэктар Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Васіль Гурскі.

«Гэты крок з'яўляецца лагічным працягам знешнеэканамічнай палітыкі нашай краіны ў адносінах не толькі з Кітаем, але і па ўсім усходнім вектары. Нявызначанасць знешнеэканамічнай кан'юнктуры, якая імкліва нарастае апошнім часам, санкцыйны ціск з боку ЕС і ЗША, наступствы пандэміі і іншыя фактары спараджаюць новыя эканамічныя і сацыяльныя рызыкі, выклікі і пагрозы для ўсіх краін без выключэння. Цалкам відавочна, што ў існуючых міжнародных умовах патрэба краін у канструктыўным узаемадзеянні і ўзаемнай падтрымцы істотна ўзрастае. Для Беларусі ўзрастае таксама аб'ектыўная патрэба геаграфічнай дыверсіфікацыі, а ў асобных выпадках — і пераарыентацыі экспарту. Палітыка заходніх краін і дружалюбныя адносіны ўсходніх суседзяў ствараюць магутныя дадатковыя стымулы для дынамічнага развіцця знешнеэканамічных адносін з Расіяй і Кітаем», — сказаў Васіль Гурскі.

«Разам з тым не толькі санкцыі Захаду прымушаюць нас глядзець на ўсход. Новыя цэнтры сілы, такія як Кітай, Індыя, Бразілія, Турцыя, Іран, дэманструюць апераджальны эканамічны рост. ВУП ЗША па парытэце пакупніцкай здольнасці з 2000 да 2020 года вырас у 2 разы, ВУП ЕС — у 2,1 раза, а ВУП Кітая прадэманстраваў рост у 6,6 раза, Расіі — у 4,1 раза, Індыі — у 4 разы, Турцыі — 3,9 раза. Ідзе перадзел рынкаў і сфер уплыву ў сусветнай эканоміцы», — звярнуў увагу эксперт. Паводле яго слоў, паказчык ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці характарызуе сукупны попыт у краіне, які ў сваю чаргу з'яўляецца сілай прыцягнення для гандлёвых патокаў і інвестыцый, драйверам інавацый. Аб'ём сукупнага попыту ў краіне вызначае глыбіню падзелу працы, якая з'яўляецца асноўным фактарам павышэння прадукцыйнасці, зніжэння сабекошту адзінкі прадукцыі, гэта значыць, галоўным фактарам далейшага эканамічнага росту, што і фарміруе сілу эканамічнага прыцягнення для краін-партнёраў.

Абнулілі Літву

Праўда, далёка не ўсе партнёры Паднябеснай праходзяць выпрабаванне часам. Адметна, што менавіта 3 снежня, калі ў Беларусі была падпісана Дырэктыва № 9, стала вядома, што Кітай выключыў Літву са сваёй мытнай сістэмы. У сувязі з гэтым літоўскія прадпрымальнікі больш не могуць размытніць свае тавары ў гэтай краіне, паведаміў партал Delfі. Як вядома, адносіны Літвы і Кітая пагоршыліся пасля таго, як у Вільнюсе адкрылася прадстаўніцтва Тайваня.

Перашкоды для траплення літоўскай прадукцыі ў Кітай пацвердзіла і Міністэрства замежных спраў Літвы. Яно сцвярджае, што будзе дабівацца рэакцыі ЕС на дзеянні Кітая. «Міністэрства інфармавана аб верагодных перашкодах для траплення літоўскай прадукцыі ў Кітай, мы падтрымліваем сувязі з літоўскімі прадпрыемствамі, збіраем усю магчымую інфармацыю з кітайскага боку аб абмежаваннях, якія ўводзяцца, а таксама кантактуем з Еўрапейскай камісіяй на прадмет рэакцыі на ўзроўні ЕС», — указаў МЗС у каментарыі для інфармацыйнага агенцтва BNS.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа выказаў «шкадаванне» наконт дзеянняў кітайскіх мытнікаў. «Я спадзяюся, што ўрад, узважыўшы сітуацыю, падрыхтуе кампенсацыйныя сродкі, якія дапамогуць нашаму бізнесу пазбегнуць цяжкіх наступстваў», — сказаў Наўседа. А міністр эканомікі Аўшрынэ Арманайтэ параіла звярнуцца па заступніцтва да Еўрасаюза. Шэраг літоўскіх палітыкаў, не чакаючы дапамогі Бруселя, паспрабавалі самі арганізаваць дыялог з кітайцамі.

Прэзідэнт Літоўскай канфедэрацыі прамыслоўцаў Відмантас Янулявічус пацвердзіў BNS, што Літва была выкраслена з электроннай сістэмы мытнага дэкларавання Кітая. Генеральны дырэктар Гандлёвай асацыяцыі Літвы і Кітая Рокас Радвілавічус патлумачыў BNS, што афіцыйна ў Кітаі не паведамляецца, што блакіруюцца тавары з Літвы, аднак такія сігналы могуць накіроўвацца «на падставе ўнутраных указанняў».

Ад збожжа да 5G

Паводле даных дэпартамента статыстыкі пры літоўскім Мінфіне, раней рэспубліка штогод прадавала ў КНР збожжа на 69,3 млн еўра, мэблі — на 38,7 млн, оптыкі, вымяральных інструментаў, медабсталявання — на 33,8 млн. Што датычыцца імпарту, то больш за ўсё ў Літву ўвозілася з Кітая электроннага абсталявання і яго састаўных частак — на 226 млн еўра, прадукцыі металаапрацоўкі — на 143,1 млн, тэкстылю — на 104,7 млн.

«Літве КНР цікавая ў кантэксце як імпарту, так і экспарту, — лічыць літоўскі эканаміст Аляксандр Ізгародзін. — Агульны тавараабарот ацэньваецца ў 1,5 мільярда еўра». А эканаміст Марус Дубнікавас канстатуе, што без супрацоўніцтва з Кітаем Літве стане нашмат даражэй абыходзіцца ўкараненне і іншых тэхналагічных навінак, а таксама замена кампанентаў да высокатэхналагічных сістэм кітайскай вытворчасці, якія ўжо існуюць у рэспубліцы. «Гэтыя цяжкасці створаць дадатковыя праблемы мясцоваму бізнесу. Канкурэнтаздольнасць скароціцца», — папярэдзіў Дубнікавас.

Палітычны аналітык дырэктар Цэнтра па праблемах еўрапейскай інтэграцыі Юры Шаўцоў заўважыў, што гісторыя з выключэннем Літвы з мытнага рэестра Кітая цікавая далейшым развіццём. «Ці будзе Літва і яе суб'екты гаспадарання выключаныя ўвогуле з гандлёвых абменаў кітайскіх суб'ектаў гаспадарання па ўсім свеце? Адкуль яшчэ кітайцы выкрасляць Літву? Як гэта закране звычайных грамадзян Літвы? Размытніць яны тавары ўжо не могуць і асабіста? А якіх правоў яны пазбавяцца ў кітайскай экасістэме далей? Вельмі падобна на пілотнае тэсціраванне кітайскага глабальнага сацыяльнага рэйтынгу. Літва — краіна, мала звязаная з Кітаем. Любыя выдаткі такога тэсціравання для Кітая будуць не асабліва важныя. А калі гэтае выкрэсліванне малой краіны са спіса краін, якія маюць правы на нешта у эпоху глабальных bіg dates, стане эфектыўным?» — задаецца пытаннямі беларускі аналітык.

Стратэгічны транзіт

Некалькі месяцаў таму Кітай перакрыў транзіт праз Літву. Яшчэ ў жніўні чыгуначная кампанія Chіna raіlway contaіner transport corp. аб'явіла, што грузавыя перавозкі прыпыняюцца з прычыны неспрыяльнай палітычнай сітуацыі. Свае паслугі замест Вільнюса адразу ж прапанавала Варшава. Пазбавіўшы кітайскага транзіту Літву, кітайцы запусцілі новы чыгуначны маршрут у Польшчу. Варотамі на рынкі Еўрасаюза быў вызначаны Гданьск, а не Клайпеда, якая таксама была пазбаўлена беларускага транзіту.

Таму, калі Польшча анансавала магчымую блакіроўку чыгуначных зносін з Беларуссю, у Кітаі моцна ўстрывожыліся. Аб гэтым паведаміла выданне Global Tіmes. Для шэрагу кітайскіх кампаній транзіт праз Беларусь у Еўропу жыццёва важны. Калі Варшава ажыццявіць сваю пагрозу і перакрые чыгуначныя зносіны, бізнес КНР адчуе на сабе наступствы адзін з першых. Справа ў тым, што больш за палову грузаў, якія ідуць па чыгунцы праз беларуска-польскую граніцу, — кітайскія. Прэзідэнт Shanghaі EPU Supply Chaіn Management Co Томі Тан адзначыў, што цяпер больш за 300 грузавых цягнікоў з Кітая ідуць па гэтым маршруце. Калі транзіт будзе заблакіраваны, узнікне вялікая пробка. Паводле афіцыйных звестак, сёлета са студзеня да кастрычніка з Кітая ў Еўропу адправілася 12,6 тысячы грузавых цягнікоў. Прыкладна чвэрць агульных паставак КНР у Стары свет прыпадае на беларуска-польскі транзіт. Яго страта нават на непрацяглы час акажацца вельмі балючай для кітайскага бізнесу. Праўда, шэраг экспертаў лічыць, што закрыццё чыгуначных зносін паміж Польшчай і Беларуссю малаверагодна з эканамічных меркаванняў. Паколькі Варшава, якая моцна зайздросціць узроўню развіцця супрацоўніцтва Мінска і Пекіна, з усіх сіл імкнецца інтэгравацца ў транснацыянальны «Пояс і шлях», каб атрымаць інфраструктурныя інвестыцыі перш за ўсё ў Паморскае ваяводства.

Інфляцыя і пратэсты

Тым часам стала вядома, што літоўскі Саюз сем'яў да 22 снежня будзе штодня праводзіць у Вільнюсе каля сейма пікеты з-за «сегрэгацыі і дыскрымінацыі» насельніцтва і парушэння канстытуцыйных каштоўнасцяў. Аб гэтым паведаміў партал Delfі. Як адзначыў прадстаўнік літоўскага Саюза сем'яў, яны выступаюць супраць абавязковага тэсціравання работнікаў на COVІD-19 за свой кошт, а таксама супраць «пашпарта магчымасцяў».

У сярэдзіне студзеня пікеты маюць намер праводзіць і каля будынка ўрада. Па рашэнні Кабміна Літвы, з 1 снежня работнікі пэўных сфер, калі яны не былі прышчэплены і не хварэлі на каранавірус, павінны рэгулярна тэсціравацца за свой кошт. «Пашпарт магчымасцяў» невакцынаваныя і няхворыя могуць атрымаць, толькі здаўшы ПЛР-тэст (тэст на антыгены ўжо не дзейнічае) за свой кошт, тэрмін яго дзеяння — 72 гадзіны з моманту здачы ўзору. Дзяржава фінансуе тэсціраванне толькі ў парадку выключэння людзям пэўных груп.

Дадатковым фактарам народных хваляванняў таксама стаў эканамічны крызіс. У лістападзе гадавая інфляцыя ў Літве склала рэкордныя 9,3 працэнта. Гэта найвышэйшы паказчык ва ўсім Еўрасаюзе. Прычына — рэзкі рост цэн на энергарэсурсы, тавары і паслугі. Эканамісты прагназуюць, што ў Літве ў найбліжэйшы час інфляцыя будзе двухзначнай.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».