Вы тут

Наталля Качанава: У рабоце са зваротамі грамадзян важна добрае стаўленне да людзей


Такую думку выказала ў гутарцы з журналістамі Старшыня Савета Рэспублікі падчас правядзення адзінага дню прыёму грамадзян сенатарскім корпусам, які праходзіць сёння на Гродзеншчыне.


Трэба сказаць, што ў Прынёманні высадзіўся сапраўдны «сенатарскі» дэсант: у рэгіёне працуюць члены Прэзідыума Савета Рэспублікі і сенатары, абраныя ад Гродзеншыны ў верхнюю палату парламента. 

У прыватнасці, спікер Савета Рэспублікі прымае людзей у Лідзе. Да яе, звычайна, вялікая колькасць жадаючых трапіць на асабісты прыём. Вось і сёння на прыём запісаліся некалькі дзясяткаў чалавек — гэта жыхары, якія прыехалі адмыслова на прыём да Наталлі Качанавай з розных рэгіёнаў краіны. Традыцыйна спікер будзе прымаць людзей да апошняга пытання, без увагі не застанецца ні адна з агучаных праблем. Трэба сказаць, што спектр агучаных тэм, як заўсёды, аказаўся разнастайным: тут і ўладкаванне дарог, і паляпшэнне жыллёвых умоў, і дзейнасць жыллёва-камунальнай гаспадаркі, і карыстанне зямлёй, будаўніцтва, пенсіённае забеспячэнне і працаўладкаванне.

Уладзіслаў Часлававіч і Валянціна Вацлаваўна з вёскі Яськаўцы Дубровенскага сельсавета, што на Лідчыне, прыйшлі з калектыўнай просьбай ад аднавяскоўцаў: людзі просяць абазначыць іх населены пункт. Справа ў тым, што вёска хутарнога тыпу, дамы размешчаны адзін ад аднаго на вялікай адлегласці, паміж імі — дачныя кааператывы. Адсюль — адсутнасць дарожнага абслугоўвання з-за чаго нават хуткая не можа даехаць. Людзі кажуць, не працуе нават навігатар, відавочна, з-за адсутнасці населенага пункта ў рэестры. Што цікава: вёска размешчана ў палове кіламетра ад рысы горада. Акрамя таго, кажуць заяўнікі, няма вулічнага асвятлення. Да аўтобуснага прыпынку трэба ісці праз лес у абсалютнай цемры, бо дарога зарасла так, што не прайсці — не праехаць. З 2019-га жыхары самі расчышчалі ад расліннасці «нічыйную» дарогу, правялі не адзін суботнік уласнымі сіламі, каб не хадзіць да прыпынку праз лес, бо гэта небяспечна. Зараз просяць далучыцца мясцовыя ўлады, каб усё ж вызначыць статус гэтай дарогі. 

Вырашэнне гэтага пытання возьме на асабісты кантроль старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложэчнік, які таксама прысутнічаў на прыёме. 

Дарожную тэматыку працягнула Ірына Аляксееўна са Шчучыншчыны. Жыхарка аграгарадка Тапілішкі расказала спікеру Савета Рэспублікі, што дарога па вуліцы Заводскай патрабуе асфальтавага пакрыцця, бо ў міжсезонне дажджы размываюць яе так, што не магчыма праехаць. А дамагчыся грэйдзера нерэальна. Жанчына ўжо звярталася з гэтым пытаннем у райвыканкам летась, але грошай на ўкладку новага палатна няма. 

З аналагічнай праблемай прыйшла на прыём і Вольга Аляксееўна, якая прыехала з Оршы. Яна звярнула ўвагу на стан дарогі па вуліцы 5-ы перавулак Грачыхі. Вырашэнне гэтых пытанняў даручана мясцовым уладам. 

Яшчэ адна аршанка — Паліна Цімафееўна — прыехала ў Ліду з іншай бядой: будучы ўжо пенсіянеркай, яна паехала даглядаць хворую сястру ў ЗША, прабыла там 7 гадоў, а калі вярнулася дахаты, то атрымала пенсію толькі за тры гады. Жанчына не разумее — чаму? Палічыўшы гэта несправядлівым, пенсіянерка пачала шукаць праўду. 

Наталля Качанава запэўніла жанчыну, што з усімі нарматыўнымі нюансамі разбяруцца спецыялісты і патлумачаць ёй механізм налічэння і выплаты. 

Трэба сказаць, што пытанні пенсійнага забеспячэння агучвалі і іншыя заяўнікі. Напрыклад, жыхарку Бярозаўкі Тамару Канстанцінаўну хвалюе пытанне налічэння пенсіі. Яна сцвярджае, што ў 2014-м атрымала грамадзянства Рэспублікі Беларусь і далей пачаліся праблемы з налічэннем стажу і памерам пенсіі. Аб неабходнасці пераразліку казала і Ганна Мікалаеўна з Беліцкага сельсавета. Жанчына расказала, што ў 90-х гадах працавала ў кааператыве пры заводзе «Лідсельмаш», але дакументы былі страчаны. 

Старшыня Савета Рэспублікі запэўніла кожную з заяўніц, што іх пытанні будуць разгледжаны з прыцягненнем спецыялістаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. 

Не засталіся па-за ўвагай і пытанні духоўнага: жыхарка Жыровічаў Людміла Пятроўна ўзняла пытанні развіцця Жыровіцкага манастыра. Яна расказала Наталлі Качанавай аб ходзе рэалізацыі запланаваных рамонтных работ, а таксама выказала занепакоенасць работай кафэ, якое знаходзіцца побач са святыняй. Спікер Савета Рэспублікі запэўніла нераўнадушную заяўніцу, што ўсе гэтыя факты будуць агучаны кіраўніцтву Гродзенскага аблвыканкама для праверкі і прыняцця мер. 

Між іншым гучалі не толькі скаргі на недапрацоўкі мясцовых улад, але і прапановы па паляпшэнні існуючага заканадаўства. Так, мінчанін Максім Ігаравіч, як кіраўнік аднаго з каршэрынгавых клубаў патлумачыў, што за паўторнае знаходжанне ў нецвярозым стане кіроўцы за рулём, зараз, згодна з заканадаўствам, падлягае канфіскацыя машыны. Парк каршэрынгавых аўтамабіляў сталічнай фірмы зараз налічвае 605 адзінак. Фірма ўжо сутыкнулася з канфіскацыяй па рашэнні суда машыны ў такім выпадку, пад арыштам знаходзяцца яшчэ чатыры. Ці ж гэта справядліва ў дачыненні да добрасумленнага суб’екта гаспадарання, які прадастаўляе транспартныя паслугі? Магчыма, у гэтым выпадку неабходна прадугледзець папраўкі ў нарматыўныя акты з улікам гэтага факта? 

Як патлумачыла журналістам спікер верхняй палаты парламента, работа са зваротамі грамадзян у нашай краіне мае сістэмны характар. У Савеце Рэспублікі аналізуюць звароты, якія прыходзяць з таго ці іншага рэгіёна Беларусі, усе яны маюць як агульная рысы, так і свае рэгіянальныя асаблівасці. Брастаўчане, напрыклад, больш скіраваны да зямлі і імкнуцца атрымаць яе ў карыстанне як мага больш, каб мець магчымасць зарабіць. А сёння ў Лідзе яна звярнула ўвагу на сацыяльны ракурс агучаных тэм. 

— Кожны раз мы бачым, якія ёсць пытанні ў адпаведнасці са спецыфікай развіцця рэгіёна, — кажа яна. — Але разам з тым у сваёй рабоце мы бачым добрае стаўленне да людзей. 

Як патлумачыла спікер, чалавека часам трэба проста паслухаць, каб ён разумеў, наколькі тое ці іншае пытанне вырашаецца ў краіне. 

— Бывае, людзі жывуць са сваёй праблемай, нікуды не звяртаюцца і лічаць, што напэўна, гэта безвынікова і немагчыма, — акцэнтуе ўвагу Наталля Качанава. — На самай справе проста дзяржслужачыя, чыноўнікі, кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў, якія праводзяць прыёмы па асабістых пытаннях, павінны ўважліва адносіцца да тых, хто да іх звяртаецца. Тады будзе поўнае ўзаемадзеянне. 

Яна пераканана ў важнасці паслядоўнасці: калі чалавек звярнуўся — неабходна давесці яго даручэнне да лагічнага завяршэння. 

— Каб не атрымалася так: у адну інстанцыю звярнуліся, у другую — а воз і да гэтага часу там, — кажа яна і звяртае ўвагу на выпадкі, калі дапамагчы чалавеку з пункту гледжання заканадаўства немагчыма. — Тады нехта ў інстанцыі павінен патлумачыць, што ў адпаведнасці з законам вырашыць гэтае пытанне немагчыма. Трэба набрацца цярпення, добрага стаўлення да чалавека, каб проста яму растлумачыць. 

Яна нацэльвае на такі прынцып работы ўвесь дзяржаўны апарат і дэпутацкі корпус краіны. 

— У нашай рабоце мы глядзім, каб да людзей, перш за ўсё, было добрае стаўленне, — звяртае ўвагу Наталля Качанава і нагадвае аб той ролі, якую адводзіць рабоце са зваротамі грамадзян Кіраўнік краіны. 
Даючы ацэнку такой форме работы, як адзіны дзень прыёму грамадзян у рэгіёне, спікер верхняй палаты парламента сцвярджае, што яна добра сябе зарэкамендавала. 

— Яна дае магчымасць нам і нашым калегам пабачыць, на якім узроўні павінны разглядацца звароты і як вырашаюцца гэтыя пытанні на рэспубліканскім узроўні ў адпаведнасці з заканадаўствам, прынятым у нашай краіне, — рэзюмавала Старшыня Савета Рэспублікі. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?