Вы тут

У Гомельскай вобласці затрыманы двое мужчын, якія кантралявалі работу закладчыкаў псіхатропаў


У Гомельскай вобласці затрымалі двух мужчын — жыхароў Гомеля і Мазыра, якія правяралі працу закладчыкаў псіхатропаў, паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Гомельскага аблвыканкама.


Аператыўнікі наркакантролю УУС Гомельскага аблвыканкама пры падтрымцы калег з Мазыра і Калінкавічаў 30 лістапада затрымалі 24-гадовага жыхара Гомеля. У хлопца знайшлі скрутак з парашкападобным рэчывам. Экспертыза пазней пацвердзіць, што гэта асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва альфа-PVP масай больш за 1 г.

Як высветлілася, мужчына больш за 3 месяцы працаваў на інтэрнэт-краму па продажы псіхатропаў. У яго абавязкі ўваходзіла рэклама крамы і кантроль за працай новых распаўсюджвальнікаў псіхатропных рэчываў.

«Вядома, што навічкі першыя заданні па закладцы выконваюць не з наркотыкамі. Часцей за ўсё гэта звычайная соль або пральны парашок. На навучальным этапе правяраецца ўменне кандыдата выбіраць правільнае месца для закладкі, яе маскіроўка, дакладнасць каардынатаў. Кантроль за дзеяннямі пачаткоўца і ажыццяўляў гамяльчанін, які, атрымаўшы каардынаты сховішчаў, спрабаваў іх знайсці, выняць, указаць на магчымыя недахопы ў „працы“ закладчыка», — распавялі ва УУС.

Апроч гэтага гамяльчанін кантраляваў і аптовых распаўсюджвальнікаў. З дапамогай шаляў мужчына правяраў дакладную вагу псіхатропу ў скрутку, ці няма падмены сапраўднага наркотыку бяскрыўдным заменнікам. Бо многія закладчыкі самі ўжываюць псіхатропы і, каб не плаціць, могуць падмяніць сапраўднае рэчыва на той жа пральны парашок ці соль.

«Для прыцягнення новых распаўсюджвальнікаў гамяльчанін наносіў трафарэтамі на сценах, платах адрасы інтэрнэт-крамы па продажы наркотыкаў. За выкананую працу яму плацілі або грашыма, або псіхатропнымі рэчывамі», — дадалі ва УУС.

У дзень затрымання ў Мазыры жыхар абласнога цэнтру не толькі выконваў кантрольную функцыю, але і павінен быў забраць альфа-PVP як аплату. Пасля таго як гамяльчанін дастаў закладку, яго затрымалі.

Яшчэ аднаго «кантралёра» супрацоўнікі наркакантролю Калінкавіцкага і Мазырскага РАУС затрымалі ў Калінкавіцкім раёне. 36-гадовы жыхар Мазыра выконваў такія ж функцыі, што і гамяльчанін. Асаблівасцю працы мазыраніна было тое, што ён тэсціраваў якасць распаўсюджваемых сінтэтычных наркотыкаў, ужываючы іх. Пасля прыёму дозы ён апісваў куратарам хуткасць уздзеяння і свае адчуванні.

3 снежня мужчына атрымаў ад аператара ў якасці аплаты за праведзеную працу каардынаты схованкі з псіхатропамі. Пасля таго як мужчына дастаў закладку, яго і затрымалі. Экспертыза пацвердзіла: канфіскаванае — альфа-РVР масай не менш за 5 г.

У адносінах да мужчын узбуджаны крымінальныя справы па фактах незаконнага абароту асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў, учыненыя арганізаванай групай. «Кантролеры» арыштаваныя.

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.