Вы тут

Без інтэрнэту, месенджараў і сацыяльных сетак. Няўжо такое магчыма?


Ці ведаеце вы, калі з'явіўся першы тэлефон у Мінску? У 1890 годзе... А ці можаце паверыць у тое, што яшчэ адносна нядаўна (26 гадоў таму) колькасць незадаволеных заявак на ўстаноўку дамашніх тэлефонных апаратаў складала ў нашай краіне больш за 682 тысячы і людзям даводзілася чакаць сваёй чаргі нярэдка да дзесяці гадоў. Для сучасных падлеткаў такія факты — з вельмі-вельмі далёкай гісторыі, «калі нас яшчэ не было». Тым больш што многія ўжо нават з цяжкасцю могуць прыгадаць нумар свайго дамашняга тэлефона. Сёння «руліць» сотавая сувязь і інтэрнэт са шматлікімі месенджарамі для стасункаў. Між іншым, тэмай апошняй інфармацыйнай гадзіны, якая прайшла па ўсёй краіне ў рамках праекта «Школа Актыўнага Грамадзяніна», сталі дасягненні ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій — «Гонар за Беларусь. Заўсёды на сувязі». Што было раней і што мы маем сёння...


 

Ім­пра­ві­за­ва­ная прэс-кан­фе­рэн­цыя на тэ­му «Заў­сё­ды на су­вя­зі». У ро­лі спі­ке­раў — на­ву­чэн­цы дзя­ся­тых і адзі­нац­ца­тых кла­саў мінск­ага лі­цэя № 1.

У мінскім агульнаадукацыйным ліцэі № 1 падышлі да правядзення заняткаў крэатыўна — арганізавалі «прэс-канферэнцыю», на якую запрасілі прадстаўнікоў міністэрстваў сувязі і інфарматызацыі, адукацыі, аховы здароўя, прадстаўніка праваахоўных органаў, правайдараў мабільнай сувязі і псіхолага. Ролю ўсіх спікераў, гатовых паведаміць аўдыторыі цікавыя факты на згаданую тэму, выконвалі навучэнцы дзясятых і адзінаццатых класаў фізіка-матэматычнага профілю. А іх аднакласнікі прымералі на сябе ролю «журналістаў», якія задавалі гасцям удакладняльныя пытанні.

З выступленняў «спецыялістаў» усе даведаліся, напрыклад, пра тое, што на 1 красавіка бягучага года ў Беларусі было ўжо 11,67 мільёна абанентаў мабільнай сувязі, што Беларусь займае 24-ю пазіцыю ў свеце па колькасці карыстальнікаў стацыянарнага шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт: на 1 студзеня бягучага года іх колькасць дасягнула 3,25 мільёна. Колькасць абанентаў сотавай сувязі, якія карыстаюцца мабільным інтэрнэтам, — 7590 тысяч чалавек.

Амаль усе ўстановы адукацыі і аховы здароўя ў Беларусі маюць шырокапалосны доступ у інтэрнэт. Створаны і пастаянна абнаўляюцца электронныя адукацыйныя рэсурсы (вучэбныя выданні, вучэбна-метадычная дакументацыя і іншыя матэрыялы). Дзейнічае Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс eіor.by.

Установы аховы здароўя пераходзяць на выкарыстанне электронных рэцэптаў: да сістэмы падключана ўжо больш за 600 устаноў, выпісана больш за сем мільёнаў электронных рэцэптаў. Функцыянуе тэлемедыцынская сістэма па лічбавай мамаграфіі, адзіная тэлемедыцынская сістэма Мінска па лічбавай флюараграфіі.

У 2020 годзе Беларусь узнялася на 40-е месца ў рэйтынгу ААН (ён ахоплівае 193 краіны) па ўзроўні развіцця электроннага ўрада. Пунктам доступу для ўсіх карыстальнікаў электроннага ўрада з'яўляецца Адзіны партал электронных паслуг. Праз яго грамадзянам і юрыдычным асобам аказваецца 106 відаў электронных паслуг, ажыццяўляецца 36 адміністрацыйных працэдур. Стала звычайнай практыкай звяртацца па дапамогу да інтэрнэту ў вырашэнні любых пытанняў: мы можам выконваць у сеціве фінансавыя аперацыі, пераводзіць сродкі, аплачваць камунальныя паслугі і падаткі, купіць білет на цягнік ці самалёт, забраніраваць гасцініцу, не пакідаючы свайго дома. Разам з тым ёсць і адваротны бок медаля: развіццё тэлекамунікацыйных тэхналогій пацягнула рост колькасці кіберзлачынстваў. Менавіта гэта тэма выклікала ў «журналістаў» асаблівую цікавасць. «Прадстаўніка праваахоўных органаў» — дзесяцікласніка Сямёна Петракова — літаральна закідалі пытаннямі. Але ён добра падрыхтаваўся да магчымай атакі... Як і «псіхолаг» Аляксандра Шаўчук, якая звярнула ўвагу аўдыторыі на цікавыя нюансы.

Па словах «спецыяліста», ананімнасць у сеціве дапамагае многім выказваць свае думкі, не баючыся асуджэння ці неразумення. У інтэрнэце не трэба адразу рэагаваць на каментарый, можна падумаць, усё ўзважыць і толькі потым адказаць або праігнараваць крыўднае паведамленне. Гэта значна зніжае трывогу, якая прысутнічае пры жывых стасунках. Бо ў анлайне ад непрыемнай размовы можна проста сысці. Разам з тым камунікацыя ў сацсетках пазбаўлена эмоцый, нельга ўбачыць выраз твару чалавека, які вам піша, пачуць інтанацыі ў яго голасе, таму мы не можам быць цалкам упэўнены ў шчырасці чалавека і ёсць рызыка няправільна эмацыянальна ацаніць тое ці іншае паведамленне, асабліва калі побач з ім няма смайліка.

Людзі ХХІ стагоддзя прызвычаіліся атрымліваць інфармацыю маленькімі порцыямі (гэта хутка і зручна), але свабодны доступ да інфармацыі ў любы час зніжае нашу здольнасць запамінаць, да таго ж мы сталі ўжо настолькі залежныя ад інфармацыйнага патоку, што маем пастаянную патрэбу запаўняць прастору любымі навінамі, у тым ліку абсалютна пустой інфармацыяй…

Ліцэісты прымералі на сябе ролю журналістаў і задавалі спікерам пытанні.

Педагогі задалі дзецям два простыя пытанні: ці могуць яны пражыць без інтэрнэту і сацыяльных сетак хоць бы адзін дзень і ці адпраўлялі ў апошнія шэсць месяцаў лісты (мелася на ўвазе не электронная пошта). У аўдыторыі ўзнялося некалькі рук...

Быў сярод удзельнікаў прэс-канферэнцыі і сапраўдны госць — намеснік дэкана факультэта інфакамунікацый БДУІР па вучэбна-метадычнай, навуковай і выхаваўчай рабоце Таццяна ПЕЧАНЬ. У мінскага ліцэя № 1 даўнія сяброўскія стасункі з гэтай ВНУ. Яно і зразумела, бо ў ліцэі ёсць фізіка-матэматычны профіль. Адтуль дзеці ідуць вучыцца часцей за ўсё або ў БДУІР, або ў БДУ. Таму і госці з універсітэта часта зазіраюць у ліцэй, а ліцэісты не прапускаюць у БДУІР прафарыентацыйныя мерапрыемствы.

Цікава, што гісторыя факультэта бярэ пачатак у 1980 годзе, калі ў ходзе рэарганізацыі структуры Мінскага радыётэхнічнага інстытута быў створаны факультэт электрасувязі. Перад ім была пастаўлена задача — палепшыць якасць падрыхтоўкі інжынераў-сувязістаў. Праз пятнаццаць гадоў факультэт электрасувязі быў рэарганізаваны ў факультэт тэлекамунікацый. Новае найменне больш поўна адлюстроўвала ўвесь спектр кірункаў, па якіх вялася падрыхтоўка спецыялістаў на факультэце. А 1 верасня 2017 года ён быў пераўтвораны ў факультэт інфакамунікацый, што зноў-такі было звязана са значным пашырэннем спектра тэхналогій і метадаў, якія выкарыстоўваюцца пры перадачы інфармацыі.

Як расказала Таццяна Печань, сёння на факультэце рыхтуюць унікальных спецыялістаў, напрыклад, па ахове інфармацыі ў тэлекамунікацыях. Іх выпускнікі размяркоўваюцца ў Нацыянальны банк, камерцыйныя банкі, Беларускі міжбанкаўскі разліковы цэнтр, Нацыянальны цэнтр электронных паслуг, Нацыянальны цэнтр абмену трафікам, РУП «Белтэлекам», Навукова-даследчы інстытут тэхнічнай абароны інфармацыі, Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, на Беларускую атамную электрастанцыю, у кампаніі ПВТ і г. д.

На спецыяльнасці «Інфакамунікацыйныя тэхналогіі» (сеткі інфакамунікацый) вядзецца паглыбленая падрыхтоўка ў галіне праектавання і тэхнічнай эксплуатацыі бесправадных сетак, тэхналогій інтэрнэту рэчаў, сэнсарных і смарт-сетак, машыннага навучання, нейронавых сетак, аналізу мультымедыйных даных і гэтак далей. Не сакрэт, што за выпускнікамі БДУІР традыцыйна выстройваюцца чэргі з патэнцыяльных наймальнікаў.

«У нас восем факультэтаў. Выбірайце тое, што вам блізка, — звярнулася да ліцэістаў Таццяна Печань. — Хачу параіць усім: развівайцеся ў розных сферах. Удзяляйце ўвагу ўсяму. Усе атрыманыя веды і навыкі каштоўныя і могуць паўплываць на вашу канкурэнтаздольнасць. Да таго ж любому работадаўцу патрэбныя супрацоўнікі, якія ўмеюць працаваць у камандзе. Гэта архіважны навык у ХХІ стагоддзі. Таму вучыцеся быць каманднымі гульцамі...»

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Заўсёды на сувязі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».