Вы тут

У Віцебску створаны студэнцкі медатрад


Прафесія ўрача заўсёды была цяжкая, а часам нават небяспечная. Асабліва каштоўнай яна з'яўляецца зараз, бо ўжо другі год нашы медработнікі бясстрашна і добрасумленна працуюць у перыяд складанай эпідэміялагічнай сітуацыі з-за каранавіруснай інфекцыі. На дапамогу ім прыходзяць студэнцкія атрады медыцынскіх устаноў адукацыі. Мы паразмаўлялі з удзельнікамі такога атрада пры Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце і высветлілі, як гэта — быць на «перадавой».


Першым, з кім мы пазнаёміліся, стала камандзір атрада Анастасія Пятрова, студэнтка пятага курса лячэбнага факультэта.

— Я заўсёды ведала, што хачу звязаць жыццё з медыцынай. Больш за ўсё мяне прыцягвалі бальніцы і паліклінікі, там адчувала сябе ў сваёй талерцы, менавіта таму абрала для сябе лячэбны факультэт. Паступіўшы ва ўніверсітэт, стала адной з актывістак БРСМ. Уласна кажучы, у ім і даведалася аб тым, што хочуць стварыць такі атрад ад нашага ўніверсітэта. Я даўно хацела працаваць у паліклініцы, таму адразу адгукнулася на гэтую ідэю. Паколькі заўсёды задзейнічана ў розных мерапрыемствах і актыўнасцях, мяне прызначылі камандзірам атрада.

Першым абавязкам, з якім сутыкнулася Анастасія, стаў пошук каманды. Цяпер у склад атрада ўваходзяць пяць чалавек і працуе ён на базе Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі.

— Не магу сказаць, што я сутыкнулася з якімі-небудзь складанасцямі. Персанал сустрэў нас як родных, дапамагае ва ўсім. З першага дня працы не было адчування, што мы «навічкі». Студэнтаў пятага курса адправілі працаваць у прафілактычнае аддзяленне, а чацвёртага — у тэрапеўтычнае. Асабіста я знаходжуся ў першым. У мае абавязкі ўваходзіць рабіць прышчэпкі. Ну, і адказнасць пасады камандзіра ніхто не адмяняў. Я, як сувязная асоба паміж атрадам і адміністрацыяй, дапамагаю вырашаць розныя пытанні і праблемы, калі такія ўзнікаюць. Наогул, ганаруся тым, што мы робім вельмі карысную справу, улічваючы тое, як складана зараз нашым калегам.

Услед за Насцяй мы знаёмімся з яе намеснікам Дар'яй Кадушкай, студэнткай пятага курса лячэбнага факультэта. Прафесію ўрача яна абрала свядома па прыкладзе свайго бацькі, які працуе хірургам.

— Пра студэнцкі атрад даведалася зусім выпадкова ў адной з нашых універсітэцкіх гутарак у сацыяльных сетках. Я гэтак жа, як і Насця, даўно хацела папрацаваць у паліклініцы, таму без роздумаў адгукнулася на паведамленне і стала членам атрада. Наогул, мы першы за пяць гадоў атрад у нашым універсітэце, таму на нас асаблівая адказнасць. Усе арганізацыйныя моманты па нашым працаўладкаванні ўзялі на сябе ўніверсітэт і БРСМ. Таму нам заставалася толькі своечасова прыйсці і добрасумленна выконваць сваю працу.

Калі мы спыталі пра складанасці, Дар'я, як і папярэдняя наша суразмоўніца, не змагла нічога ўспомніць. Па словах дзяўчыны, праца прыносіць ёй каласальнае задавальненне, яна адчувае сябе як дома. Адзіны нюанс, які яна выявіла для сябе, гэта складанасць сумяшчэння працы з вучобай.

Трэцім членам атрада, з якім мы пазнаёміліся, стаў адзіны хлопец у атрадзе — Дзмітрый Уткін, студэнт чацвёртага курса лячэбнага факультэта. У адрозненне ад папярэдніх суразмоўцаў, сферу медыцыны для сябе абраў выпадковым чынам, але, як аказалася, трапіў у самую «кропку».

— Пра тое, што збіраецца студэнцкі медыцынскі атрад, таксама даведаўся з паведамленняў у адной з універсітэцкіх гутарак. Мне якраз вельмі хацелася папрацаваць у сістэме аховы здароўя, таму вырашыў, што гэта мой шанц. Цяпер шчырую ў тэрапеўтычным аддзяленні і адчуваю сябе абсалютна ў сваім асяроддзі. Я з'яўляюся паўнавартасным членам калектыву ў паліклініцы, і гэта вельмі прыемна. Самае складанае для мяне пакуль — уклейваць аналізы ў амбулаторныя карты, але з часам наб'ю на гэта руку. Лічу, што такія атрады, як наш, трэба адкрыць ва ўсіх установах адукацыі, і, мабыць, не толькі ў медыцынскай сферы. Бо калі ёсць магчымасць задзейнічаць студэнтаў, якія жадаюць быць там, дзе яны патрэбныя, то чаму б не даць ім такую магчымасць?

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзены героямі

Загаловак у газеце: Быць там, дзе патрэбныя

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.